Top.Mail.Ru

«Для назірання за выбарамі прыехалі тыя, хто хацеў прыехаць»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Нурланам Ермекбаевым, які ўзначальвае місію ШАС па назіранні за выбарамі.


Мы бачым ШАC як арганізацыю, якая будзе цэнтрам прыцягнення

Падзякаваўшы яму за работу місіі, Прэзідэнт адзначыў, што пазіцыя Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва вядомая. «Мы будзем усяляк працаваць для таго, каб арганізацыя не толькі развівалася, але і ўмацоўвалася, для нас гэта вельмі важна. — запэўніў ён. — Мы бачым ШАС як арганізацыю, якая ў будучыні будзе сур’ёзным цэнтрам прыцягнення, цэнтрам сілы. І мы ганарымся тым, што з’яўляемся паўнапраўным членам гэтай арганізацыі. Дзякуй вам вялікі. Сваім калегам перадайце падзяку за тую работу, якую вы правялі падчас прэзідэнцкіх выбараў». 

Нурлан Ермекбаеў ад імя місіі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. «Са свайго боку мы расцэньваем запрашэнне для назірання за выбарамі як знак адкрытасці беларускага кіраўніцтва да знешняга назірання, даверу і павагі да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва», — сказаў ён. Генсек ШАС расказаў, што за час існавання арганізацыі яе прадстаўнікі ажыццявілі каля 70 місій назіранняў за выбарамі і выпрацавалі свой падыход. «Наша місія, заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў аб’ектыўнасці, нейтральнасці. Але ў той жа час мы разумеем, што выбары ў любой краіне праводзяцца народам і для народа і ўсюды неабходна ўлічваць асаблівасці той ці іншай дзяржавы. Мы з гэтага зыходзім і ацэньваем сам працэс падрыхтоўкі, правядзення выбараў, але не вынікі», — адзначыў Нурлан Ермекбаеў. Ён падкрэсліў, што калі ад назіральнікаў і былі нейкія тэхнічныя заўвагі, то яны ў двухбаковым парадку выказваліся кіраўніцтву выбарчых камісій. У цэлым генсек ШАС адзначыў высокі ўзровень арганізацыі выбараў і высокі ўзровень падрыхтоўкі членаў выбарчых камісій. «І мы бачылі, што выбаршчыкі са шчырым энтузіязмам прыходзілі на ўчасткі, яны хочуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў аб будучыні сваёй краіны», — сказаў ён.

«Мы былі адкрытыя»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэтую кампанію беларусы ні ад кога не закрываліся і нікому не адмаўлялі ў жаданні прыехаць папрацаваць на выбарах. Многія скарысталіся гэтым, акрамя прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ. «Мы іх запрасілі, у іх было 10 ці колькі там дзён, каб прыехаць і паназіраць за гэтымі выбарамі. Не прыехалі. Ну, не прыехалі. Прыехалі тыя, хто хацеў. Таму чаго нас у гэтым папракаць», — сказаў беларускі лідар. Ён нагадаў, што яшчэ да правядзення асноўнага дня галасавання Еўрапарламентам быў падрыхтаваны дакумент аб тым, што выбары яны не прызнаюць. «Ну як можна ацэньваць працэс, калі яго няма яшчэ? Яны тут праваліліся і вельмі сур’ёзна. — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы спакойна гэта ўспрымаем. Мы ведаем, што вы аб’ектыўныя людзі, разумееце не горш за іх і можаце ацаніць і заканадаўства аб выбарах і сам працэс. Таму нам дастаткова заключэнняў і вашых, і СНД, і дэпутатаў іншых краін». Прэзідэнт падкрэсліў, што для назіраннем за выбарамі прыехалі дзясяткі прадстаўнікоў партый розных краін і журналістаў, у тым ліку іх вядучых сусветных сродкаў масавай інфармацыі.

«Мы былі адкрытыя. Скажу вам шчыра, нам не трэба было не зачыняцца, ні нейкія рэсурсы адміністрацыйныя выкарыстоўваць. Гэта было б на шкоду, гэта б негатыўна ахарактарызавала выбары. Таму рабілі ўсё адкрыта», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу, што ўсе пажаданні і просьбы замежных гасцей выконваліся. Ён падкрэсліў, што ўпершыню журналістам нават былі паказаны стосы бюлетэняў падчас падліку галасоў. «Паказалі ўжо ўсё, што хацелі. Таму я ня ведаю, якія могуць быць прэтэнзіі на выбарах. Тэхнічныя, можа быць, дык вы нам скажыце. Мы паправім», — адзначыў беларускі лідар. 

У тэму
Місія назіральнкаў ШАС лічыць, што выбары прайшлі законна

Нурлан Ермекбаеў у размове з журналістамі расказаў, што 17 членаў місій за чатыры дні наведалі 109 выбарчых участкаў у розных рэгіёнах краіны. Гэта дазволіла ім сфарміраваць комплекснае меркаванне аб электаральнай кампаніі. «Праект заявы місіі назіральнікаў ШАС ужо падрыхтаваны і ў ім мы заяўляем, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі. — сказаў Нурлан Ермекбаеў — Галоўная мэта і задача нашай місіі — ацаніць ход падрыхтоўкі і правядзення выбараў на прадмет адпаведнасці нацыянальнаму заканадаўству перш за ўсё і міжнародным абавязацельствам. У гэтым плане місія назіральнікаў ШАС лічыць, што выбары прайшлі законна і ў адпаведнасці з усімі гэтымі нормамі і абавязацельствамі».

Беларусь стала паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў ліпені 2024 года. Генеральны сакратар ШАС падкрэсліў, што з набыццём гэтага статусу Беларусь выступіла ўжо з шэрагам цікавых прапаноў і ініцыятыў, правяла шэраг мерапрыемстваў на сваёй тэрыторыі і настроена на актыўную работу ў розных сферах дзейнасці арганізацыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю