Трэк па ўласных перавагах
Па сваіх спажывецкіх перавагах беларусы адначасова талерантныя касмапаліты. Геаграфічнае становішча, як кажуць, абавязвае. Таму ў нас прыжываюцца тавары з любога рэгіёна: паўночнага, усходняга, заходняга і паўднёвага. З пункту гледжання ўспрымання іншых культур, традыцый, гэта — выдатная і ўнікальная рыса, якая дазваляе развівацца інтэлектуальна і духоўна. Але з пункту гледжання спажывецкага рынку яна стварае значныя перадумовы для імпарту і тавараў, і паслуг, і нават спажывецкіх мадэляў. Прычым, прама скажам, не заўсёды адпаведных і нашым умовам жыцця, і нашаму менталітэту. Аднак пры ўсёй успрымальнасці да навакольнага асяроддзя ў нас ёсць свае традыцыі, лад жыцця, якія павінны трансфармавацца ў нацыянальную культуру спажывання. Пытанне адначасова і філасофскае, і практыка-арыентаванае. І адказы на яго зацікаўлены шукаць нашы вытворцы і галіновыя рэгулятары.

Як падаецца, у першую чаргу філасофія павінна трансфармавацца ў кіраўніцкага звяна. Выкажу крамольную думку: ці не час згортваць праграмы імпартазамяшчэння? Не поўнасцю, але правесці іх вельмі глыбокую рэвізію. Безумоўна, ёсць пэўныя эканамічныя довады асвойваць выпуск аналагаў: зніжэнне імпарту, павелічэнне продажаў айчыннай вытворчасці, эканомія валюты. Аднак, як бачыцца, іншы раз, затрачваючы дастаткова сур’ёзныя намаганні на перайманне, за кадрам застаецца праблема развіцця ўласнай культуры спажывецкіх паводзін.
Пры пэўным падыходзе ва ўласных тавараў можа быць больш высокі патэнцыял і на ўнутраным, і на знешнім рынках, чым у скапіраваных. Яскравы прыклад таму квас. Спрадвеку вельмі папулярны напой, ён захоўваў свае пазіцыі на працягу савецкага часу. А ў 1990-я гэта катэгорыя безалкагольных напояў зачахла і, можна сказаць, сышла на нішто. Фактычна яна была прадстаўлена на паліцах толькі нейкімі сурагатамі, якія вырабляліся з канцэнтрату і не карысталіся папулярнасцю.
Адраджэнне квасу натуральнага браджэння пачалося ў канцы 2000-х. Прычым, будзем шчырымі, стала з’явай адначасова вымушанай і выпадковай. Тады прайшлі глыбокую мадэрнізацыю піваварныя заводы, іх магутнасці выраслі, значна апярэдзіўшы попыт. Прадпрыемствы знаходзіліся ў пошуку спосабаў загрузіць вытворчасць і спыніліся на квасе: яго вытворчасць не ідэнтычная, але вельмі блізкая да піваварнага. Ідэя аказалася вельмі ўдалая. Квас натуральнага браджэння імкліва ўвайшоў на рынак безалкагольных напояў, на якім, прама скажам, не вельмі шмат напояў, што выпускаюцца з арганічнай сыравіны па даступнай цане. Квас трапіў у чаканні спажыўцоў. Доля гэтай катэгорыі ў сегменце ахаладжальных напояў вырасла з дзясятых працэнта да 10-15 %. Гэта быў ашаламляльны поспех, з рэкорднай дынамікай, якой не чакалі нават вытворцы. Больш за тое, у натуральнага квасу аказаўся вельмі сур’ёзны патэнцыял. Яго пастаўляюць у Прыбалтыку, Польшчу і нават Германію. Немцы з’яўляюцца прызнанымі сусветнымі гуру ў піваварстве, але квас яны рабіць не ўмеюць, хоць з задавальненнем п’юць. Вядома, наш напой не заняў вялікай нішы на нямецкім рынку, але апошні настолькі ёмісты, што для росквіту катэгорыі занятай нішы аказалася цалкам дастаткова.

Дарэчы, шматлікія праекты па імпартазамяшчэнні вядомых міжнародных гандлёвых марак у катэгорыі напояў, якія змяшчаюць каву і цытрусавыя, не мелі доўгай гісторыі поспеху. Быў некаторы ўзлёт у 1990-я, калі краіна толькі асвойвалася ў міжнародным гандлі, імпарт быў дарагім, яго ўвоз быў звязаны з масай цяжкасцяў. Тады аналагі выйгравалі за кошт цаны, якая магла быць у 2-3 разы ніжэйшай за арыгінал. Але калі краіна асвоілася ў міжнароднай эканамічнай прасторы, а глабальная эканоміка звяла да мінімуму трансакцыйныя выдаткі ў тавараабмене паміж нават самымі аддаленымі рэгіёнамі, аказалася, што крыць замежныя брэнды мясцовым вытворцам практычна няма чым.
Цэнавая канкурэнтная перавага растварылася, як дым. Калі атрымлівалася дасягнуць розніцы ў цане з арыгінальным прадуктам, то максімум працэнтаў у 20. А гэта ўжо не давала сур’ёзнай канкурэнтнай перавагі: сіла брэнда перабівала дысконт у цане ў сістэме спажывецкіх пераваг пакупнікоў.
У імпартазамяшчэнні мы іншы раз кідаемся ў экзотыку. Пачынаем вырошчваць смаўжоў, чым ганарымся. А ці так ужо патрэбны нам гэтыя бруханогія малюскі?! Так, гэта элемент французскай кухні, найвышэйшага кулінарнага майстэрства. Прынамсі, так лічыцца. Тут можна зняць капялюш перад французскімі паварамі і рэстаратарамі мінулых стагоддзяў, якія змаглі брэндзіраваць меню галодных гадоў. Жабіны лапкі, смаўжы, вустрыцы і іншыя, як нам сёння здаецца, арыгінальныя далікатэсы, елі не ад добрага жыцця. У ХVІ—XVІІ стагоддзях Францыя была самай густанаселенай краінай Еўропы. І сельская гаспадарка, зыходзячы з тэхналогій таго часу, проста не магла пракарміць насельніцтва. Адзін з самых любімых каралёў французаў Генрых ІV у свой час заваяваў вар’яцкую папулярнасць у народа, бо мэтай сваёй сацыяльнай праграмы паставіў, каб у кожнай сям’і хоць бы раз на тыдзень была курыца на абед. Іншымі словамі, на працягу стагоддзяў людзі жылі ў гэтым рэгіёне напаўгалодныя. Таму ўжывалі ў ежу ўсё, што рухалася, поўзала, плавала. Паслы з тых мясцін ад’ядаліся ў нашых краях, дзівіліся багаццю і дзічыны, і агародніны.

Таму нашы мясныя традыцыі будуць больш магутныя за заходнія. Дык ці варта спрабаваць паўтарыць італьянскае прашута?! Высветлілася, зусім неабавязкова. Так, ёсць пэўны сегмент падобнага роду далікатэсаў. Некаторыя беларускія прадпрыемствы распрацавалі свае рэцэптуры і вывелі на рынак свае брэнды. І попыт ёсць. Наш вялены кумпяк не падобны на італьянскі.
Аказалася, тое і не трэба для продажаў. Ён проста смачны. І экспарт у такой прадукцыі вельмі нядрэнны.
У нас ёсць свае традыцыі, свая культура спажывання. Старажытная і шматслаёвая: гэта і стравы простых сялян, і шляхецкія прысмакі. А высокая кулінарыя, якая была ў маёнтках, замках і ў дамах заможных гараджан?! Яна ўвабрала ў сябе некаторыя традыцыі нашых суседзяў, але пры гэтым застаецца арыгінальнай. Іншае пытанне, што традыцыі не з’яўляюцца гістарычна застылай субстанцыяй: яны павінны развівацца, у тым ліку і ў масавай вытворчасці. І гэта сур’ёзная канкурэнтная перавага, якую мы не вельмі часта і выкарыстоўваем. Яна тым больш значная, бо спажыўцы ўжо стаміліся (не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім сытым свеце) ад аднастайнасці глабальных брэндаў. І значнасць міжнародных гандлёвых марак пачынае скарачацца. Гэта тое акно магчымасцяў, якое злачынна не выкарыстоўваць для развіцця ўласнага рынку і прасоўвання нашай спажывецкай культуры на экспарт.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ