Штогод у першую нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаюць Дзень меліяратара. У рэспубліцы налічваецца 3 млн га асушаных зямель, большая частка якіх задзейнічана ў аграпрамысловым комплексе. Гэта трэць усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Падтрыманне аптымальнага воднага рэжыму — важны для захавання ўрадлівасці глеб фронт работ.
Сістэмны падыход
Як расказаў начальнік аддзела меліярацыі і радыялогіі галоўнага ўпраўлення інвестыцый, будаўніцтва і меліярацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Назарук, меліярацыйны комплекс — фундамент сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі складаны арганізм: 163 тыс. км каналаў, амаль 1 млн км дрэнажных сетак, тысячы рэгулюючых збудаванняў і сотні помпавых станцый. Іх абслугоўваюць 132 спецыялізаваныя арганізацыі і больш як 7 тыс. адзінак тэхнікі.
Толькі за мінулую пяцігодку праведзена рэканструкцыя меліярацыйных сістэм і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне ўласцівасцей зямель, на плошчы 416 тыс. га. Планы на бліжэйшыя пяць гадоў яшчэ больш амбіцыйныя — ахапіць тэрыторыю звыш 430 тыс. га.
Адна з навацый у культуртэхнічнай меліярацыі — работы выконваюцца комплексна. Прыводзяцца ў парадак у тым ліку прылеглыя да меліярацыйных сістэм участкі, зарослыя хмызняком, каб праведзеная работа давала ўстойлівы практычны эфект на ўсім масіве.
Дасягненні і перспектывы
Аднаўленне меліярацыйных сістэм — быццам другое дыханне для сельгасугоддзяў. Брэсцкая вобласць — адзін з ключавых рэгіёнаў, які стабільна займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці сельгаспрадукцыі дзякуючы намаганням меліяратараў. Сяргей Назарук асабліва вылучыў Пінскі, Столінскі, Лунінецкі, Івацэвіцкі, Кобрынскі раёны. Ёсць паспяховыя прыклады і ў іншых абласцях.
У цэлым, паводле слоў спецыяліста, арганізацыі паступальна развіваюцца. Павялічана фінансаванне меліярацыйных мерапрыемстваў. Адзін з прыярытэтных напрамкаў на бліжэйшыя гады — комплекс работ на высокаўрадлівых землях у раёнах Мсціслава, Горак, Оршы і Талачына, якія цяпер часткова зараслі хмызняком. «Плануецца стварыць умовы для вядзення сельскай гаспадаркі, што непасрэдна паўплывае на аб’ёмы вытворчасці ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях», — растлумачыў Сяргей Назарук.
Новыя магчымасці адкрывае правільная меліярацыя з пераходам на арашэнне. Такі пілотны праект рэалізаваны ў гаспадарцы «Парахонскае» Пінскага раёна. Тут абноўлена меліярацыйная сетка на плошчы 470 га, набыты дажджавальныя машыны. Такі падыход забяспечвае стабільны ўраджай незалежна ад капрызаў надвор’я.
«Вопыт будзе тыражавацца на іншыя гаспадаркі. За арашэннем будучыня, паколькі ідзе зрушэнне кліматычных зон. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці можна апрацоўваць культуры, якія раней не былі характэрны для гэтага рэгіёна», — адзначыў спецыяліст.
Адзін з перспектыўных праектаў — будаўніцтва меліярацыйнай сістэмы на базе Днепра-Брагінскага вадасховішча ў Лоеўскім раёне. Яна дасць магчымасць вырашыць праблему засух, якія рэгулярна здараюцца і зводзяць на нішто намаганні аграрыяў. «Плануецца ў бліжэйшыя 3-4 гады абвадніць меліярацыйныя каналы і падаць ваду з вадасховішча на палі», — расказаў Сяргей Назарук.
Ён падкрэсліў, што меліярацыя вырашае ключавую задачу — рэгуляванне воднага рэжыму. Але вынік залежыць і ад агратэхнікі, угнаенняў, дысцыпліны землекарыстальнікаў.
Тэхнічнае забеспячэнне — яшчэ адзін складнік поспеху. Парк тэхнікі меліяратараў абнаўляецца. Арганізацыі супрацоўнічаюць з прадпрыемствамі холдынга «АМКАДОР» па пастаўках дрэнаўкладчыкаў, экскаватараў, пагрузчыкаў. Значны аб’ём работ па выдаленні драўнінна-хмызняковай расліннасці. Для гэтага патрабуецца лесанарыхтоўчая тэхніка.
Уклад навукі
У сферу ўкараняюцца інавацыі. Як расказаў дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандр Анжанкоў, на дапамогу прыходзяць лічбавыя тэхналогіі, якія даюць магчымасць больш дакладна праводзіць меліярацыйныя мерапрыемствы, мінімізуючы затраты. Цяпер вучоныя распрацоўваюць сістэму аналізу спадарожнікавых фатаграфій і здымак з беспілотных лятальных апаратаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Сістэма дасць магчымасць аператыўна выяўляць пераўвільготненыя, зарослыя хмызняком участкі, тэрыторыі, дзе патрабуецца добраўпарадкаванне, ёсць рэльефныя асаблівасці.
Наперад пайшлі меліяратары і ў галіне дыягностыкі дрэнажнай сеткі, прымянення гідратэхнічных збудаванняў з палімерных канструкцый, у тым ліку ўстойлівых да ультрафіялету.
Новаўвядзенні ў праектаванні — шырокае выкарыстанне беспілотных лятальных комплексаў для пабудовы лічбавай мадэлі рэльефу зямлі. Распрацоўваецца агульнарэспубліканская сістэма дзяржаўнага ўліку меліярацыйных сістэм.
Рэзкія паводкі вясной, больш гарачае і сухое надвор’е летам патрабуюць гібкага кіравання воднымі рэсурсамі. Эканамічны эфект відавочны: якасная водарэгуляцыя павышае прадукцыйнасць сельгасугоддзяў, скарачае страты пры неспрыяльных з’явах надвор’я.