Многія рынкі з прычыны пэўных фактараў няўстойлівасці сусветнай эканомікі апынуліся ў разнастайных парадаксальных сітуацыях. Прадукты харчавання таксама не абышоў гэты лёс. З аднаго боку, попыт на прадукты харчавання расце, а кліматычная трансфармацыя і няўстойлівасць павялічвае рызыкі сельскай гаспадаркі. З другога, пасля ковіду і на фоне фрагментацыі сусветнай эканомікі многія краіны з пачатку дзесяцігоддзя энергічна інвеставалі ў сваю харчовую бяспеку і працягваюць укладвацца ў гэты кірунак. Такая актыўнасць кардынальна змяняе канфігурацыю сусветнага рынку харчавання. Перспектывы беларускай малочнай галіны ацанілі эксперты ў артыкуле, апублікаваным у «Эканамічным бюлетэні» Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.
Аўтары адзначаюць: сусветны аграрны сектар падпадае пад мноства рызык, якія ствараюць атмасферу няпэўнасці. Многія рэгіёны нарошчваюць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак не варта скідаць з рахункаў трансфармацыю клімату і няўстойлівасць умоў надвор’я, якія могуць зусім непрадказальна сфарміраваць дэфіцыт па тых ці іншых пазіцыях. Таксама над эфектыўнасцю сельскай гаспадаркі дамоклавым мячом вісіць пагроза пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі.
У Германіі выявілі яшчур, у Тэхасе пачынае бясчынстваваць мясная муха Новага Свету (яе лічынкі літаральна пажыраюць жывёл жыўцом), пра якую не было чуваць ужо амаль 30 гадоў. У ЕС і ЗША перыядычна адбываюцца ўспышкі птушынага грыпу — лакальнага маштабу, але трывожнасць лунае ў паветры разам з узбуджальнікамі хваробы.
Тым не менш на сёння вытворчасць малака і вытворных прадуктаў з яго расце ў многіх рэгіёнах. У тым ліку ў ЗША і ЕС. Вашынгтон нават увёў пошліны на еўрапейскую малочную прадукцыю. Напрыклад, на некаторыя сусветна вядомыя швейцарскія сыры пошліна даходзіць амаль да 40 %. Дынамічная індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі ў Кітаі ўжо стварае перадумовы для лішку прапановы малака на гэтым неабсяжным рынку. І эксперты зазначаюць, што ў бліжэйшыя гады КНР можа з буйнога імпарцёра ператварыцца ў сур’ёзнага экспарцёра.
У Расіі ўзровень забяспечанасці малаком у 2025 годзе дасягнуў 85,3 %. Прычым за бягучую пяцігодку наш асноўны эканамічны партнёр плануе нарошчваць вытворчасць малака штогод на 800 тысяч тон і дасягнуць планкі 38,5-39 мільёнаў тон да 2030-га. Пры значнай фінансавай падтрымцы ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя буйныя малочнатаварныя комплексы. У планах штогод павялічваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 400 тысяч. Да таго ж за кошт эфекту маштабу, адносна невысокіх тарыфаў на энерганосьбіты і кармы на такіх новых аб’ектах удаецца дабіцца дастаткова нізкага сабекошту.
Беларуская малочная галіна таксама дынамічна развіваецца. Валавы надой за 2021–2025 гады павялічыўся амаль на 130 тысяч тон, або на 16,7 %. Пры гэтым аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў цэлым павялічыўся на 4,2 %. Удзельная вага кошту атрыманага малака ў агульным кошце атрыманай аграрнай прадукцыі павысілася з 29,4 % у 2020 годзе да 36,7 % у 2025-м. Доля выручкі ад рэалізацыі малака ў агульным фінансавым патоку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў склала 54 % па выніках мінулага года. Такіх паказчыкаў удалося дабіцца за кошт павышэння якасці кармоў і аб’ёмаў кармлення, забеспячэння росту прадукцыйнасці жывёлы, у тым ліку павелічэння яе генетычнага патэнцыялу.
Працягваецца рэканструкцыя вытворчых магутнасцяў і ўзвядзенне новых малочнатаварных комплексаў. Так, у 2025 годзе былі ўведзеныя ў строй 83 новыя вытворчыя аб’екты. Іх агульная колькасць на пачатак 2026-га склала 1703, на іх вырабляецца 81 % усяго беларускага малака. Такім чынам, па выніках мінулай пяцігодкі яшчэ большае развіццё атрымала сыравінная база функцыянавання перапрацоўчых прадпрыемстваў. Размешчаныя паўсюдна, яны непасрэдна ўплываюць на развіццё рэгіёнаў (у тым ліку на напаўненне мясцовых кансалідаваных бюджэтаў і рост даходаў насельніцтва) і павелічэнне памераў экспарту прадукцыі АПК. Сукупныя вытворчыя магутнасці суб’ектаў малакаперапрацоўкі Беларусі дазваляюць штогод экспартаваць больш за 100 тысяч тон сыроваткі, 300 тысяч тон сыроў і тварагу, 250 ты-сяч тон малака і вяршкоў, 100 тысяч тон маслёнкі, ёгурту, кефіру і іншых прадуктаў.
Між тым, на думку экспертаў, ёсць рэальныя рызыкі перавытворчасці. У прыватнасці, спажыванне малочных прадуктаў у Беларусі і Расіі дасягнула каля 250 кілаграмаў на чалавека. І расці ўжо практычна не можа ў выніку абмежавання фізіялагічных патрэбнасцяў чалавечага арганізма ў жывёльных тлушчах. Акрамя таго, спажыванне традыцыйных малочных прадуктаў будзе, відаць, зніжацца, бо развіваецца тэндэнцыя да нізкакаларыйнага харчавання. Гэта абумоўлена імкненнем маладога пакалення да здаровага ладу жыцця, а зграбнасць з’яўляецца адным з яго сімвалаў. Адбіваецца і старэнне насельніцтва, павелічэнне людзей, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў і прымаюць прэпараты, што зніжаюць апетыт і запавольваюць метабалізм.
Для ўтрымання і ўзмацнення пазіцый беларускіх малакаперапрацоўшчыкаў, на думку экспертаў, неабходна паскорыць тэхналагічную мадэрнізацыю з мэтай паглыблення перапрацоўкі і вытворчасці В2В-біятэхпрадукцыі. Вытворчасць мінорных бялкоў (лактаферын і інш.) непасрэдна з малака страчвае сэнс з прычыны прагрэсу мікрабіяльнага сінтэзу. Будучыня — за выкарыстаннем малака як базы для функцыянальнага харчовага дызайну. У сувязі з гэтым прыярытэтам беларускіх малакаперапрацоўчых арганізацый павінна стаць унікальнасць прадукцыі («не малако, а малекулы») і яе рэалізацыя на знешніх рынках. Перспектыўнымі тэхналагічнымі нішамі ў такім выпадку будуць з’яўляцца: фракцыянаванне малочных тлушчаў (для патрэб кандытарскай прамысловасці); маштабаванне вытворчасці лактозы (да рафінаваных формаў); выпрацоўка казеінатаў і міцэлярнага казеіну (для глыбокага пранікнення на сусветны B2B-рынак); фракцыянаванне бялку маслёнкі і вылучэнне фасфаліпідаў (для прадуктовага сегмента Clean Label — прадуктаў са зразумелым і натуральным складам без штучных дабавак, кансервантаў і складаных хімічных індэксаў і дзіцячага харчавання). Тэхналагічная аснова айчыннай распрацоўкі для гэтага ёсць.
На думку аўтараў навуковага артыкула, у Беларусі мэтазгодна сфарміраваць спецыялізаваныя вытворчыя кластары: малочна-тлушчавы, казеінатны, прадуктаў спецыяльнага харчавання. Неабходная дыверсіфікацыя асартыменту за кошт укаранення новых фарматаў ва ўпакоўцы і фасоўцы, арганізацыі вытворчасці вырабаў катэгорыі Fіne (прэміяльныя прадукты). Варта развіваць асноўны тавар шляхам выпуску спадарожнай прадукцыі, вытворчасці традыцыйных для краін — патэнцыяльных імпарцёраў малочных вырабаў (малака з розным смакам, замарожаных дэсертаў, малочных кандытарскіх сувеніраў і падарункавых набораў, сыроў з арэхамі і грыбамі, паўфабрыкатаў для вырабу ў хатніх умовах сырных вафель і сырнага чаю, кісламалочных прадуктаў, абагачаных вітамінамі D і B12). Мэтазгодна засвоіць тэхналогіі выпрацоўкі ўсёй лінейкі прадуктаў спецыяльнага харчавання (спартыўнага, узмоцненага пры рэабілітацыі, дыябетычнага, энтэральнага, парэнтэральных, адаптаваных сумесяў і заменнікаў груднога малака і, што асабліва важна, — геранталагічнага і іншых). Для гэтага неабходна паскорыць укараненне сродкаў ІoT (інтэрнэт-рэчаў) у малакаперапрацоўчых арганізацыях, прымяненне штучнага інтэлекту як інструмента фуд-інжынірынгу для мадэлявання прадуктаў з зададзенымі фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі (асмаляльнасць, растваральнасць і інш.), укараненне мікрабіяльна сінтэзаваных мінорных бялкоў у традыцыйную малочную матрыцу; развіццё сумежных відаў дзейнасці: мікрабіялогіі і клетачных біятэхналогій (у тым ліку артабіялогіі, флебалогіі і інш.), вырабу профільнага абсталявання (пастэрызатараў, нармалізатараў, модульных ліній разліву і інш.) і матэрыяльных рэсурсаў (фруктова-ягадных напаўняльнікаў, пажыўных асяроддзяў, стабілізатараў і стабілізацыйных сістэм, натуральных фарбавальнікаў і інш.) для малакаперапрацоўкі.
Усе гэтыя кірункі ўжо прадстаўленыя ў Беларусі. Тэхналагічная база і кампетэнцыі для паглыблення перапрацоўкі ёсць. Аднак неабходна маштабаваць такія праекты, каб надзейна ўтрымліваць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках пры любых варыянтах развіцця падзей на малочным сусветным рынку.