Top.Mail.Ru

Для суб’ектаў гаспадарання — стабільная прававая аснова

Дакладныя пастаянныя працэдуры рэгістрацыі і ліквідацыі — умовы, што вызначаюць бізнес-клімат у краіне



На экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі абмеркавалі праект закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання»

Работа над законапраектам вядзецца ў планавым парадку, адзначыў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ

Ён нагадаў, што з 1 лютага 2009 года пытанні, якія датычацца рэгістрацыі, ліквідацыі, спынення дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, рэгулююцца Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1. «За гэты перыяд назапашаная вельмі добрая і вялікая правапрымяняльная практыка. Тым не менш, калі параўноўваць сітуацыю з нашымі асноўнымі партнёрамі па інтэграцыйных аб’яднаннях, і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Казахстане, і ва Узбекістане, і ў Арменіі, гэтыя пытанні ўжо рэгулююцца шляхам комплекснага заканадаўчага акта. Мы пайшлі па такім жа шляху. І той праект закона, які разгледзелі на экспертным савеце, уключае ў сябе пытанні рэгістрацыі, ліквідацыі і спынення дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Ён карэкціруе сем кодэксаў. Змены будуць уносіцца ў дваццаць тры законы. Гэта значыць, што па сутнасці выбудоўваецца стабільная прававая аснова для гэтых пытанняў з улікам таго досведу, які маецца ў нас і ў нашых асноўных гандлёвых партнёраў».

Уладзіслаў Татарыновіч таксама звярнуў увагу, што дакладныя стабільныя працэдуры рэгістрацыі, ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання — гэта ўмовы, якія вызначаюць вядзенне і прадпрымальніцкай дзейнасці, і ў цэлым бізнес-клімат у Рэспубліцы Беларусь. «І зноў-такі, у дачыненні да Дэкрэта № 1 у нас назапашаная вельмі добрая практыка. І ў свой час пацвярджаліся досыць высокія пазіцыі Рэспублікі Беларусь у розных эканамічных рэйтынгах менавіта па паказчыках рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання», — падкрэсліў ён.

Па словах сенатара, увесь той масіў, які будзе ўносіцца ў заканадаўства, накіраваны ў першую чаргу на тое, каб усё найлепшае, што было рэалізавана праз Дэкрэт № 1, захаваць у дадзеным праекце закона. «Акрамя таго, мы актыўна развіваем электронныя сэрвісы, адпаведныя інфармацыйныя базы, таму і адзіны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, і сам парадак рэгістрацыі і ліквідацыі павінен быць максімальна інфарматыўным, ствараць суб’ектам гаспадарання мінімум выдаткаў для здзяйснення гэтых працэдур».

У дачыненні да адзінага дзяржаўнага рэгістра прадугледжваецца таксама павышэнне яго інфарматыўнасці. Акрамя таго, скарачаецца тэрмін пастаноўкі на ўсе віды ўліку з пяці да трох гадоў. Гэта датычыцца падатковых органаў, органаў статыстыкі, органаў фонду па сацыяльнай абароне насельніцтва і інш. «Неабходна не проста захаваць, але забяспечыць прававыя гарантыі для ўсіх удзельнікаў гэтага працэсу, у першую чаргу на стадыі ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання. Нельга дапускаць працяглых тэрмінаў ліквідацыі, магчымасць прыпынення працэсу ліквідацыі, для таго каб неяк абараніцца ад выканання патрабаванняў перад крэдыторамі. У адрозненне ад Дэкрэта № 1 устанаўліваецца адзін тэрмін ліквідацыі — 12 месяцаў. Калі парадак ліквідацыі або гэтыя тэрміны парушаныя, значыць уступае ў сілу інстытут судовай ліквідацыі», — рэзюмаваў Уладзіслаў Татарыновіч.

Яна ВАЛАСАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю