Top.Mail.Ru

Для сучасных падлеткаў інтэрнэт — асяроддзе сацыялізацыі і стасункаў. Як зрабіць, каб яно было бяспечным

Сучасныя лічбавыя тэхналогіі і медыяасяроддзе аказваюць значны ўплыў на фарміраванне асобы падлеткаў, іх псіхалагічны стан і сістэму каштоўнасцяў, якая фарміруецца. Пытанні інфармацыйнай бяспекі дзяцей, адказнасці бацькоў і эфектыўнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў сёння набываюць асаблівую актуальнасць. Пад пагрозай не толькі дабрабыт сям’і (пачасціліся выпадкі, калі дзеці і падлеткі аддаюць кібермахлярам усе зберажэнні), але і здароўе, а часам, нават, і жыццё дзіцяці.


Два ўзроўні абароны — тэхніка і сям’я

Начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Корзун тлумачыць, што існуе два ўзроўні абароны дзіцяці ў кіберпрасторы. Першы — глабальны: калі ўпаўнаважаныя органы выяўляюць крыніцы, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на дзіця (у тым ліку ў псіхалагічнай сферы), гэта крыніца ўносіцца ў спіс абмежаванага доступу. Работа наладжана, і плануецца яе ўдасканальваць за кошт лічбавізацыі бізнес-працэсаў, каб рэакцыя дзяржаўнай сістэмы стала больш хуткай, а спіс — больш актуальным.

Другі ўзровень — узровень сям’і. У аператараў сувязі ёсць сродкі, якія дазваляюць дакладна адсочваць дзейнасць дзіцяці ў інтэрнэце і выстаўляць сістэму абмежаванняў па доступе да пэўных сайтаў. Гэта, на думку Дзмітрыя Корзуна, самы лепшы інструмент. Акрамя таго, сёння існуюць так званыя «дзіцячыя тарыфы» з абмежаваннямі па аб’ёме і хуткасці перадачы даных, а таксама з убудаванымі абмежавальнымі мерамі. Пры гэтым бацькі могуць у рэальным часе атрымліваць інфармацыю аб тым, якія рэсурсы наведвае дзіця, і нават дыстанцыйна спыніць доступ у інтэрнэт.

Калі біць трывогу

Педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Уладзімір Максіменка звярнуў увагу на галоўнае: у любой крызіснай сітуацыі бацькам трэба паглядзець, ці змянілася нешта ў паводзінах дзіцяці, прычым не заўсёды негатыўна. Яно можа быць, наадварот, пазітыўным: павышаная актыўнасць, напрыклад, дзіця часцей пачало выходзіць на вуліцу. Але гэта заўсёды маркер.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РНПЦ псіхічнага здароўя, галоўны пазаштатны спецыяліст па медыцынскай псіхалогіі Міністэрства аховы здароўя Наталля Громава падкрэсліла, што праблема захавання псіхалагічнага здароўя дзяцей і падлеткаў сёння набывае асаблівае значэнне. Псіхічнае здароўе — гэта не проста адсутнасць захворванняў, а стан поўнага духоўнага і фізічнага дабрабыту. У сучасных умовах арганізм дзіцяці сутыкаецца з велізарным інфармацыйным і эмацыянальным ціскам, таму задача дарослых — своечасова заўважыць змены ў паводзінах і аказаць неабходную падтрымку.

Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што ў нашай краіне выбудавана шматузроўневая сістэма аказання дапамогі, якая ўключае як медыцынскія ўстановы, так і адукацыйныя цэнтры. Галоўная роля належыць сям’і. Бацькам варта памятаць: зварот да спецыяліста — гэта не стыгма, а клопат пра будучыню. Чым раней выяўлена праблема, тым больш шанцаў у дзіцяці на поўнае аднаўленне і паспяховую сацыялізацыю. Калі дзіця стала замкнёным, раздражняльным або, наадварот, бесклапотным і гіперактыўным, — гэта падстава для кансультацыі са спецыялістам.

Тэлефон даверу — ананімна і бясплатна

Існуе рэспубліканская лінія экстранай псіхалагічнай дапамогі па нумары 133. Гэта бясплатна для ўсіх абанентаў. На лінію можна патэлефанаваць ананімна — і дзіцяці, 
і даросламу. Як патлумачыла Наталля Громава, існуе тэрытарыяльнае пераключэнне, каб запрасіць чалавека на вочны прыём. Анлайн-кансультаванне добрае для зняцця першаснага стрэсу, але спецыялісты павінны разабрацца, што прывяло да праблемы: парушаныя адносіны з бацькамі ці негатыўнае стаўленне да сябе.

Ёсць асобны бясплатны нумар 8-801-116-11, а таксама чат-боты на сайце РНПЦ псіхічнага здароўя і ў Telegram. Спецыялісты пачынаюць з анлайн-кансультавання, але абавязкова пераходзяць у афлайн, бо жывы кантакт неабходны для кваліфікаванай дапамогі. У сярэднім у месяц на лінію сістэмы аховы здароўя паступае больш за паўтары тысячы званкоў.

Падзяліць анлайн і афлайн немагчыма

Наталля Громава таксама адзначыла, што інтэрнэт перастаў быць толькі месцам для пошуку інфармацыі. Для сучаснага падлетка гэта стала асяроддзем сацыялізацыі і стасункаў. Падзяліць сёння анлайн і афлайн у дзіцяці ўжо немагчыма. Дарослым трэба навучацца лічбавым тэхналогіям, каб быць на ўзроўні сваіх дзяцей. Што датычыцца медыцынскай часткі: калі гаварыць пра залежнасць як дыягназ — ёсць абсалютныя крытэрыі. Нехімічная залежнасць (гульнявая ці інтэрнэт-залежнасць) — гэта сімптом. Дзіця сыходзіць у інтэрнэт не таму, што там цікава, а таму, што ў рэальным жыцці яму балюча і страшна. Гэта крык аб дапамозе.

Ёсць крытэрыі залежных паводзін: калі адзіны магчымы спосаб жыцця — з гаджэтам, калі парушаны сон, харчаванне, сацыялізацыя (адмова ісці ў школу). Гэта можа быць праявай дэпрэсіі або расстройства асобы. Разабрацца ў гэтых тонкіх гранях можа толькі спецыяліст. Не страшна прыйсці да псіхіятра ці нарколага. Прыход да ўрача — гэта не прыгавор, гэта спосаб дапамогі, а ў вельмі частых выпадках — выратаванне жыцця дзіцяці.

Як супрацьстаяць дэструктыву?

Старшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Раман Сідарэнка адзначыў, што дэструктыўныя групы з адмоўным кантэнтам ствараюцца ледзь не штосекундна. Вызначыць праваахоўніку, якая канкрэтная група (а падлетак можа наведваць пяць і больш груп) давяла дзіця да крызіснага стану, каб даць прававую ацэнку, даволі складана. Таму сёння асноўны спосаб барацьбы — гэта своечасовае выяўленне такіх груп і прыняцце мер па іх блакіроўцы. Існуюць механізмы ўзаемадзеяння, у тым ліку на міжнародным узроўні, якія дазваляюць рабіць гэта хутка і аператыўна.

З развіццём інфармацыйных тэхналогій праваахоўным органам становіцца ўсё прасцей устанаўліваць уладальнікаў такіх рэсурсаў. Але калі яны знаходзяцца за мяжой, прыцягнуць іх да адказнасці праблематычна, часам немагчыма. Самы аптымальны эфектыўны спосаб прафілактыкі — гэта гутарка з падлеткам. Усе тэхнічныя забароны дзеці знаходзяць спосаб абысці. Таму тлумачэнне шкоды і небяспекі тых ці іншых паводзін у сетцы Інтэрнэт ляжыць у першую чаргу на плячах бацькоў.

Але сваю ролю, несумненна, адыгрывае і школа. Намеснік начальніка ўпраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова адзначае: педагог, які непасрэдна ўзаемадзейнічае з дзіцем у яго штодзённай дзейнасці, можа заўважыць маркер таго, што нешта не так: гульнявую залежнасць, залежнасць ад інтэрнэту, балючую рэакцыю, калі ў яго забіраюць мабільны тэлефон. З 1 верасня ва ўстановах адукацыі мабільныя тэлефоны пад забаронай, але дзеці спрабуюць іх пранесці — гэта паказвае на праблему. Для навучання педагогаў у сістэме павышэння кваліфікацыі (Інстытут развіцця адукацыі, Акадэмія адукацыі) абавязкова ўключаны блок па распазнаванні псіхалагічных негатыўных фактараў у дзіцяці.

Абарона дзяцей у лічбавай прасторы — гэта комплексная задача, якая патрабуе аб’яднання намаганняў дзяржавы, школы, медыцынскіх спецыялістаў і, самае галоўнае, сям’і. Тэхнічныя сродкі блакіроўкі і «дзіцячыя тарыфы» — важны, але недастатковы інструмент. Галоўнае — гэта давер, увага і адкрытыя размовы з дзіцем, а таксама гатоўнасць дарослых своечасова звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу. Толькі так можна выратаваць дзіця ад бяды і дапамагчы яму вырасці псіхалагічна здаровай асобай.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю