Экзамены ўжо не за гарамі...
ЦЭ: што можна і што нельга
— У гэтым навучальным годзе са школ Беларусі выходзяць больш за 56 тысяч выпускнікоў 11-х класаў і больш за 102 тысячы — дзявятых, — расказвае кансультант упраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла КУДАЯРАВА. — Як вядома, рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен ужо завяршылася. Вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні, для 56 977 выпускнікоў падрыхтаваны 113 850 тэстаў. Тэставы матэрыял не змяніўся і будзе ўключаць заданні 1–5 узроўняў складанасці.
- Асобна кансультант спынілася на пытанні, якое хвалюе многіх бацькоў школьнікаў: хто можа быць вызвалены ад цэнтралізаваных экзаменаў і што з’яўляецца важкай прычынай для гэтага?
— Ад цэнтралізаваных экзаменаў могуць быць вызвалены пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. А таксама школьнікі, якія навучаліся дома па медыцынскіх паказаннях, — растлумачыла Анжэла Кудаярава. — Але бацькі школьнікаў або іх законныя прадстаўнікі не пазней чым за 5 дзён да завяршэння рэгістрацыі на ЦЭ павінны падаць кіраўніку ўстановы адукацыі (упаўнаважанай ім асобе) адпаведную заяву.Спецыяліст Мінадукацыі агучыла яшчэ адзін важны нюанс: калі школьнік, які навучаўся дома, вырашыць скарыстацца магчымасцю вызвалення ад ЦЭ, ён пазбаўляецца права ў 2025 годзе праходзіць рэгістрацыю на цэнтралізаванае тэсціраванне і, такім чынам, не зможа паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі.
— Хачу яшчэ раз нагадаць выпускнікам, якія маюць намер праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, што сёлета забарона на выкарыстанне смартфонаў і сродкаў аўдыя-, відэа-, фотафіксацыі распаўсюджваецца на ўсёй тэрыторыі пункта правядзення ЦЭ, — працягнула кансультант упраўлення.Па словах Анжэлы Кудаяравай, з гэтага года забаронена прысутнасць у аўдыторыях, дзе праходзіць ЦЭ, і педагогаў-прадметнікаў.
Апошні званок: дзе і калі
— Рэспубліканскі апошні званок пройдзе 22–23 мая ў Гомелі. Правядзенне такога свята стала ўжо добрай традыцыяй для краіны, упершыню яго правялі ў Мінску ў 2018 годзе, пасля чаго падзею прымалі Орша, Бабруйск, Маладзечна, Ліда і Брэст, — расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ганна АВЕРЫНА. — 2025-ы — год асаблівы, мы адсвяткавалі 80-годдзе Вялікай Перамогі. Таму пачнецца грандыёзнае мерапрыемства з ускладання кветак да помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. У планах першага дня таксама — святочная праграма, канцэрты. Закончыцца ён маляўнічым салютам. На другі дзень працягнецца патрыятычная праграма, і выпускнікі наведаюць шчымлівы і журботны мемарыял «Чырвоны Бераг», прысвечаны дзецям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай.Паводле яе слоў, месца правядзення апошняга званка выбрана не выпадкова: абласному цэнтру было прысвоена ганаровае званне «Маладзёжная сталіца Беларусі — 2025». Удзельнікамі мерапрыемства стануць найлепшыя выпускнікі 11-х класаў з усёй краіны: пераможцы алімпіяд, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, спаборніцтваў. З кожнага рэгіёна і Мінска прыедуць па 100 чалавек, з Гомеля і Гомельскай вобласці — каля тысячы.
Алена ВІНАГРАДАВА.
Фота Лізаветы ГОЛАД.
