Top.Mail.Ru

Для жыхароў Мастоў гонар – праца на зямлі

У гэтым уласна пераканаліся карэспандэнты «Звязды», наведаўшы шэраг сельгаспрадпрыемстваў Мастоўшчыны

Для стабільнай работы аграпрамысловага комплексу важна абнаўляць тэхніку, укараняць сучасныя тэхналогіі і ўлічваць капрызы надвор'я. Але галоўным у гэтай справе заўсёды застаецца чалавек — яго вопыт, адказнасць і адданасць зямлі. 

Пра вынікі ўборачнай кампаніі, развіццё сельскай гаспадаркі, а таксама падтрымку спецыялістаў і прыцягванне моладзі мы пагаварылі са старшынёй Мастоўскага райвыканкама Андрэем САНЬКО.


— Андрэй Антонавіч, раскажыце, як складваецца сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе Мастоўскага раёна?

— Сельскагаспадарчая галіна нашага раёна прадстаўлена вытворчай дзейнасцю двух акцыянерных таварыстваў — ЗАТ «Гудзевічы» і ААТ «Чарлёна», двух камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — КСУП «Імя Адама Міцкевіча» і КСУП «Азяранскі», двух філіялаў адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Скідзельскі» — «Дубна» і «Мастоўскі кумпячок», а таксама двух раённых унітарных прадпрыемстваў — Селекцыйнага цэнтра жывёлагадоўлі і Мастоўскай аграхімлабараторыі. Асноўныя кірункі дзейнасці — раслінаводства і жывёлагадоўля. Дастаткова ў нас і фермерскіх гаспадарак — дваццаць дзевяць. Яны абслугоўваюць плошчу каля васьмі тысяч гектараў. І гэта таксама мае вагу ў агульным выніку працы.

Уборачная кампанія праходзіць без эксцэсаў, хоць яна сёлета і няпростая. Я прапрацаваў дырэктарам у закрытым акцыянерным таварыстве «Гудзевічы» дзесяць гадоў. Старшынёй райвыканкама — ужо шосты год. І магу запэўніць, што за ўвесь час кожная з іх была адметная па-свойму. Як гаворыць Прэзідэнт, сельская гаспадарка — рызыкоўная зона земляробства. Дзесьці можа засушыць, дзесьці затапіць... Тыповага рытму не існуе. Тым не менш, дзякуючы нашым людзям, сітуацыя заўсёды застаецца кантраляванай.

— Давайце падрабязней спынімся на раслінаводстве...

— У раслінаводстве 45,9 % пасяўных плошчаў адведзена пад збожжавыя і зернебабовыя культуры, пад тэхнічныя культуры (цукровыя буракі, рапс) — 18,3 %, бульбу — 1,3 %, кармавыя культуры — 34 %.


Дзякуючы добра наладжанай і арганізаванай рабоце з боку кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і ўсіх службаў раёна, уборка збожжавых і зернебабовых культур і рапсу сёлета праведзена ў аптымальна кароткія тэрміны. Агульны каравай Мастоўшчыны павялічылі на 15 тысяч тон, намалочана 94 тысячы тон збожжа і рапсу. Валавы намалот збожжавых і зерне-бабовых павялічылі на 5 тысяч тон, азімага рапсу — на 10 тысяч тон.

Упершыню за ўвесь перыяд вырошчвання рапсу раёнам атрымана ўраджайнасць 42,5 цэнтнера з гектара, што вышэй за ўзровень мінулага года ў 1,6 раза. Такога ў гісторыі раёна яшчэ сапраўды не было. Варта ўлічваць, што рапс — даволі высокарэнтабельная культура.

Мы завяршылі ўборку бульбы. Яе назапашана 16 679 тон.Падыходзіць да завяршэння ўборка цукровых буракоў, убрана 87 % плошчаў пры ўраджайнасці 580 цэнтнераў з гектара. Убрана 94 % пасеваў кукурузы.

На сённяшні дзень у раёне нарыхтавана 86 тысяч тон кармавых адзінак травяных кармоў, што складае 104 % да ўзроўню мінулага года, у тым ліку на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 31,6 цэнтнера кармавых адзінак.


Асноўным вытворцам агародніны адкрытага грунту (капуста, буракі, морква, цыбуля) у раёне з’яўляецца сялянская (фермерская) гаспадарка «Гарызонт Мастоўскага раёна». Убрана больш за 97 % плошчаў агародніны. Штогод гэтай фермерскай гаспадаркай закладваецца да 20 % агародніны ў абласны стабілізацыйны фонд.

Матэрыяльна-тэхнічная база галіны пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца. Нашы аграрыі закупляюць сучасныя машыны: магутныя энерганасычаныя трактары, збожжа- і кормаўборачныя камбайны. Вядома, тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя вядзецца і ў жывёлагадоўчай галіне.

— Раскажыце, калі ласка, як у раёне ідуць справы з жывёлагадоўляй?

— Пачнём, напэўна, з лічбаў. Структура вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі прадстаўлена вытворчасцю малака — 64,9 %, свініны — 17,6 %, буйной рагатай жывёлы — 15,9 %, іншай прадукцыі — 1,6 %. Усе гаспадаркі павялічылі аб’ёмы вытворчасці валавой прадукцыі. Валавая вытворчасць малака па раёне склала 67 202,7 тоны і павялічылася на 2,6 %.

Сярэдні надой малака ад каровы ў цэлым па раёне павялічыўся на 130 кілаграмаў і склаў 5801 кілаграм. Таварнасць малака ў сярэднім па раёне вырасла на 0,6 % і склала 91,3 %. Штогод паляпшаецца і якасць малака, якое рэалізуецца. Найлепшыя вынікі па якасці малака паказваюць у ЗАТ «Гудзевічы» — гатунак «экстра» складае 99,1 %. У цэлым па раёне сярэднясутачная прыбаўка буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме склала 777 грамаў (плюс 19 грамаў да ўзроўню 2025 года).

У рамках выканання даручэння Прэзідэнта па паляпшэнні захаванасці маладняку неабходна было да 1 кастрычніка пабудаваць прафілакторыі. Дзевяць новых прафілакторыяў з’явіліся і ў нашым раёне. Зроблены добрыя ўмовы як для ўтрымання цялят, так і для работнікаў, якія даглядаюць жывёл. Мінулая зіма нам паказала, што на выпадак вялікіх маразоў такія будынкі абавязкова павінны быць. Гэтыя новыя прафілакторыі мы ўжо пачалі запаўняць.

Плануем, што ў перспектыве ў нас у раёне таксама з’явяцца два новыя малочнатаварныя комплексы. Выконваем задачу Прэзідэнта: да 2030 года ўсе гаспадаркі, дзе яшчэ захоўваецца прывязное ўтрыманне жывёл, павінны быць пераведзены на новую тэхналогію. Ёсць куды імкнуцца.

— Прэстыж прафесій у сферы аграпрамысловага комплексу ў нашай краіне дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю да росту. Як вам удаецца садзейнічаць гэтаму ў межах Мастоўскага раёна?

— Сапраўды, мы сёння змагаемся за прэстыж прафесій у сельскай гаспадарцы. Праца ў гэтым кірунку ніколі не была надта простай, хутчэй, наадварот. 

У раёне вялікая ўвага ўдзяляецца гэтаму пытанню, асабліва рабоце з маладымі спецыялістамі, якім трэба будзе пераймаць наш вопыт і развіваць краіну ў будучыні. Сустракаючыся з моладдзю, і калі кіраваў «Гудзевічамі», і цяпер, я імкнуся адчуваць імпульс, які ад яе зыходзіць. І выдатна разумею, што трэба работніку, які выбраў сваёй прафесіяй працу на зямлі. Гэта цяжкая праца, яна патрабуе сіл з самай раніцы і да позняга вечара штодзённа.

Людзям патрэбна стабільная зарплата, жыллё, выхадныя дні. Немалаважным, паводле маіх назіранняў, з’яўляецца псіхалагічны клімат, адносіны ў калектыве адзін да аднаго, добраахвотнае медыцынскае страхаванне, якое апошнім часам карыстаецца попытам. Калі гэтыя складнікі ўлічваць і ўвасабляць у жыццё, праца ідзе добра.

Наша задача — прыцягваць спецыялістаў не на некалькі гадоў, а каб ім добра працавалася ў родных мясцінах доўгі час. Яны — наша будучыня. Ім развіваць краіну, пераймаючы вопыт ад цяперашніх прафесіяналаў сваёй справы.

У тэму

Першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мастоўскага РВК Раман РУБЛІК падкрэсліў, што сельскагаспадарчая галіна Мастоўскага раёна пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца:


— У чацвёртым квартале плануецца закупіць два збожжаўборачныя камбайны, шэсць жатак для ўборкі збожжа, рапсу і кукурузы, два энерганасычаныя трактары, два франтальныя пагрузчыкі.

У жывёлагадоўлі з мэтай паляпшэння якасці і гатунковасці малака, зніжэння захворванняў дойнага статка будуць набыты тры даільныя ўстаноўкі Westfalіa.

Ідуць да завяршэння работы па ўзвядзенні і здачы ў эксплуатацыю зернеачышчальна-сушыльнага комплексу з сіласам маркі КЗСВ-40 у ЗАТ «Гудзевічы».

Да 2030 года плануецца ўсё дойнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы з малочнатаварных ферм з лінейнымі малакаправодамі перавесці на сучасныя малочнатаварныя комплексы. У філіяле «Дубна» ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі» плануецца ўзвядзенне МТК на 777 галоў паблізу вёскі Сухінічы, а таксама будаўніцтва даільна-малочнага блока і памяшкання для ўтрымання кароў на МТФ «Лунна» ААТ «Чарлёна».

Паважаныя работнікі і ветэраны сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны!

Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам!

Праца на зямлі патрабуе велізарнай самааддачы, цярпення і адказнасці. За кожным ураджаем, кожнай тонай вырабленай прадукцыі і кожным прадуктам на нашым стале стаяць вашы веды, вопыт і штодзённая нялёгкая праца. Ад вас шмат у чым залежыць дабрабыт людзей, развіццё раёна і харчовая бяспека ўсёй нашай краіны.

У гэты святочны дзень перш за ўсё хочацца пажадаць вам моцнага здароўя, сіл і энергіі. Няхай іх хапае на новыя здзяйсненні, а праца прыносіць годныя вынікі і заслужаную павагу. 

Жадаю вам і вашым блізкім дабрабыту, міру і шчодрых ураджаяў!

Старшыня Мастоўскага райвыканкама Андрэем САНЬКО

Аб іншых прадпрыемствах Мастоўскага раёны чытайце ў друкаванай версіі «Звязды».
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю