Усе літоўскія фуры, што засталіся на абочынах пад’язных дарог да пунктаў пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі», да завяршэння ўчарашняга дня размешчаны на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Пра гэта БелТА праінфармавалі ў ДМК.
У ведамстве адзначылі, што ўсяго на прадугледжаных стаянках, якія ахоўваюцца мытнымі органамі, размешчана 1243 літоўскія грузавікі: «Бераставіца» — 454, «Беняконі» — 193, «Катлоўка» — 379, «Каменны Лог» — 154, «Смаргонь» — 63.
У ДМК дадалі, што ў знаходжанні кіроўцаў у транспартных сродках няма неабходнасці. Пры гэтым адпаведныя бытавыя ўмовы на месцах стаянак створаны.
Перамяшчэнне літоўскіх транспартных сродкаў магчыма будзе толькі пасля аднаўлення ўладамі Літвы нармальнага руху праз пункты пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай».