Top.Mail.Ru

Дні Казані пройдуць у Мінску ў канцы мая

З 24 да 26 мая 2026 года ў сталіцы Беларусі ўпершыню пройдуць Дні Казані. Афіцыйная дэлегацыя з Татарстана наведае Мінск з візітам у адказ. Дні Мінска ў Казані, нагадаем, прайшлі 9-10 чэрвеня 2025 года. У праграме Дзён Казані ў Мінску — правядзенне бізнес-форуму, гастранамічны фестываль «Смачная Казань», таварыскі матч юных хакеістаў, а таксама падпісанне шэрагу пагадненняў аб супрацоўніцтве.


Дэлегацыю Казані ўзначаліць мэр горада Ільсур Метшын.

Ключавым дзелавым мерапрыемствам візіту стане эканамічны бізнес-форум «Казань і Мінск: пабрацімства — новы драйвер развіцця». Ён пройдзе 25 мая ў гасцініцы «Вікторыя Алімп». Са сталіцы Татарстана ў Мінск прыедуць прадстаўнікі бізнесу, якія ахопліваюць розныя сектары эканомікі — ад прамысловасці і высокіх тэхналогій да грамадскага харчавання і народных промыслаў. У складзе прымаючага боку чакаецца ўдзел прадстаўнікоў прадпрыемстваў, якія працуюць у сферах інавацыйных тэхналогій, машынабудавання, аховы здароўя, турызму і іншых галін. Пасля пленарнай часткі адбудуцца двухбаковыя сустрэчы. На палях форуму рыхтуюцца да падпісання шэрагу пагадненняў і кантрактаў.

З 24 да 26 мая на плошчы ля Палаца спорту пройдзе гастранамічны фестываль «Смачная Казань». Жыхары і госці сталіцы змогуць пасмакаваць нацыянальныя татарскія стравы — эчпачмак, кыстыбый, элеш, казанскі плоў, бяляш, казанскія сыры, такія дэлікатэсы, як казы і вэнджаны гусь, чак-чак, кош тэле, шчарбет, а таксама гарачы татарскі чай з малаком і травамі. Удзельнікамі фестывалю стануць вядучыя кафэ і рэстараны Казані.

Там жа разгорнецца гастранамічны кірмаш і кірмаш рамеснікаў. Мінчане змогуць бясплатна наведаць экспазіцыю прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з элементамі традыцыйнага татарскага побыту, дзе будуць прадстаўлены ў тым ліку і нацыянальныя касцюмы. Для ўсіх жадаючых пройдуць майстар-класы па чаканцы манет, вырабе нацыянальных упрыгожванняў, народных танцах, роспісе вітражоў і паштовак, стварэнні магнітаў са скуры.

Будуць прадстаўлены пуховыя хусткі, рукавіцы, шалікі, вырабы са скуры з ручной вышыўкай (казанская ўзорная скура), упрыгожванні з ювелірнай смалы, кераміка ручной лепкі, мыла ручной работы, сучасныя аксэсуары з татарскім арнаментам (хусткі, сумкі, цюбетэйкі).

Сярод наведвальнікаў фестывалю разыграюць падарункі ад казанскіх рэстаранаў, галоўным прызам стане падарожжа ў Казань. Для юных гасцей будзе працаваць асобная дзіцячая зона.
У кожны з трох дзён запланаваны выступленні артыстаў і творчых калектываў з Казані (асноўныя дні — 24 і 25 мая). У канцэртнай праграме: выступленні ансамбля танца «Казань» (кіраўнік — народная артыстка РТ Чулпан Закірава); Дзяржаўнага камернага хору РТ пад кіраўніцтвам народнай артысткі РТ Міляўшы Таміндаравай; аркестра Цэнтра сучаснай музыкі імя С.Губайдулінай (дырыжор — заслужаны артыст РТ Дзмітрый Жалезноў); ВІА «Волга-Волга» пад кіраўніцтвам заслужанага артыста РТ Антона Салакаева; салістаў Казанскай гарадской філармоніі — народных артыстаў Татарстана, а таксама народнай артысткі РТ Эльміры Калімулінай. Сучасную музыку прадставяць Ільгіз Шайхразіеў, DJ BubbleGum, DJ Malsi, трыо «Ямьле».
Жыхароў Мінска чакае не толькі знаёмства з нацыянальнай культурай, але і пагружэнне ў татарскую літаратуру. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будзе працаваць лекторый, дзе гасцей чакае прэзентацыя літаратурна-мастацкага часопіса «Казань», экскурс у гісторыю татарскай кнігі і лекцыя пра бібліятэкі Казані. Мадэратар лекторыя — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Татарстан, галоўны рэдактар часопіса «Казань» Альбіна Абсалямава.

25 мая ў Лядовым палацы па праспекце Каралінская,5 адбудзецца таварыскі хакейны матч сярод юнакоў 2013 года нараджэння — каманда Казані сустрэнецца з аднагодкамі з Мінска.
У рамках Дзён Казані пройдзе круглы стол з Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам Беларусі. Цэнтр добраахвотніцтва Казані і беларускія калегі прадставяць свае практыкі работы з добраахвотнікамі, правядуць стратэгічную сесію «Рух валанцёраў: сёння і заўтра», дзе ўдзельнікі сумесна абмяркуюць існуючыя праблемы ў сферы добраахвотніцтва і шляхі іх вырашэння. Вынікам стане падпісанне пагаднення аб далейшым супрацоўніцтве ў сферы валанцёрства паміж Казанню і Рэспублікай Беларусь — першы падобны дакумент паміж гарадамі.
Нароўні з гэтым адбудзецца выязная сесія з прэзентацыяй вопыту работы казанскай адукацыі. Плануюцца даклады аб рабоце адукацыйных устаноў Казані, круглы стол і падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж школамі і каледжамі Казані і Мінска.

Нагадаем, першае пагадненне аб супрацоўніцтве Казані з Мінскам было падпісана ў 1997 годзе. Сталіца Татарстана закупляе ў сталіцы Беларусі аўтобусы, тралейбусы і трамваі. На новы ўзровень адносіны паміж гарадамі выйшлі ў снежні 2024 года, калі сталіцы Татарстана і Беларусі афіцыйна сталі пабрацімамі. 

У рамках Дзён Мінска ў Казані ў 2025 годзе сталіцы Беларусі і Татарстана падпісалі комплексную праграму развіцця міжмуніцыпальнага супрацоўніцтва. Бізнес-форум «Мінск і Казань: пабрацімства — новы драйвер развіцця» наведалі больш за 100 удзельнікаў. Чэлнінская кампанія «Наікам Экстрым» дамовілася з беларускай кампаніяй аб намерах па сумеснай распрацоўцы кросавага матацыкла Minsk. А кампанія ТАА ПК «Ева Кукмар» прыйшла да пагаднення з беларускімі калегамі аб пастаўцы гумовых пліт.

Надзея Зуева

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю