Мерапрыемствы падчас правядзення Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан стартавалі 4 лістапада ў Ташкенце. Пра гэта паведаміла БелТА.
Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам культуры Русланам Чарнецкім усклала кветкі да помніка Якуба Коласа ў Ташкенце. Цырымонія ўскладання адбылася пры ўдзеле беларускай дыяспары. Прысутныя з цеплынёй успомнілі любімыя радкі з твораў вялікага беларускага класіка.
Канцэрт-адкрыццё прагучыць сёння днём на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета імя Алішэра Наваі ў Ташкенце. Гледачоў пацешаць выступленні заслужаных калектываў Беларусі ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы», фальклорнага гурта «Купалінка» Белдзяржфілармоніі, вакальнага гурта «Чысты голас», салістаў Вялікага тэатра Беларусі Аляксандра Гелаха, народных артыстаў Беларусі Уладзіміра Громава, Анастасіі Масквіной, салістаў-інструменталістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча.
Праграма Дзён культуры таксама ўключае экспанаванне перасоўнай выставы "Дакрануцца да спадчыны душой" і правядзенне майстар-класаў народных майстроў.
Традыцыйнай часткай праграмы сталі Дні беларускага кіно. Гледачам пакажуць пяць карцін: «Класная», «Культурны код», «Кіношнікі» — тры фільмы рэжысёра Кірыла Халецкага, а таксама «Час вярнуцца» Івана Паўлава і «Чорны замак» Кірыла Кузіна.