Top.Mail.Ru

Дні Мінска праходзяць ў Екацярынбургу

Правядзенне Дзён Мінска дасць магчымасць прыняць дадатковыя меры па нарошчванні тавараабароту за кошт рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловай і гуманітарнай сферах, а таксама ва ўстанаўленні дзелавых кантактаў паміж прадпрыемствамі, дыверсіфікацыі паставак прадукцыі. У верасні 2024 года Дні Екацярынбурга прайшлі ў Мінску, цяпер — візіт у адказ. Плануецца, што афіцыйную праграму Дзён адкрые сустрэча кіраўнікоў гарадоў-пабрацімаў, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні міжрэгіянальнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Звязда» даведалася, чым гэтым разам будзем здзіўляць екацярынбуржцаў.


Форум «Пабрацімства гарадоў — новы драйвер развіцця»

Ключавой падзеяй стане эканамічны форум «Пабрацімства гарадоў — новы драйвер развіцця». Запланаваны пленарнае пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў Мінска і Екацярынбурга, цырымонія падпісання двухбаковых дакументаў, а таксама В2В перамовы. З беларускага боку да ўдзелу ў форуме запрошаны вядучыя прадпрыемствы сталіцы, у тым ліку «Мінскхлебпрам», Мінскі камбінат хлебапрадуктаў, «Камунарка», Мінскі гадзіннікавы завод, «МотаВелаЗавод», парфумерна-касметычная фабрыка «Модум — наша касметыка», Мінскі электратэхнічны завод імя В.І. Казлова, Мінскі гарадскі тэхнапарк, інфармацыйна-турысцкі цэнтр «Мінск», Мінскі малочны завод Nº1, Мінскі механічны завод імя С.І. Вавілава, «Мінскметрапраект» і «Мінскводаканал».

Падпісанне дакументаў аб умацаванні ўзаемадзеяння прадугледжана на ўзроўні не толькі гарадскіх адміністрацый, але і раёнаў. Запланаваны візіт у сталіцу Урала дэлегацыі Маскоўскага раёна Мінска. Пагадненне аб узаемным супрацоўніцтве з Ленінскім раёнам Екацярынбурга ўступіла ў сілу ў 2018 годзе, бакі ўжо назапасілі вопыт сумеснай работы па многіх напрамках. Зараз госці з Мінска маюць намер у тым ліку прыняць удзел ва Уральскім адукацыйным форуме. Таксама намечана падпісанне дарожнай карты аб супрацоўніцтве паміж адміністрацыямі Чыгуначнага раёна Екацярынбурга і Першамайскага раёна Мінска.

Віртуальная экскурсія «Вас вітае горад-герой Мінск»

Акрамя эканамічнага блока, бакі збіраюцца пашырыць кантакты і ў іншых сферах. Так, камітэтам па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама будзе арганізавана анлайн-прэзентацыя магчымасцяў сталічнай аховы здароўя з выступам ключавых клінік і запрашэннем да ўдзелу ў ёй клінік Екацярынбурга. Камітэт па адукацыі Мінскага гарвыканкама правядзе віртуальную экскурсію па памятных месцах сталіцы «Вас вітае горад-герой Мінск», прычым гідамі высту
пяць вучні школ горада.

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічны работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама таксама ў анлайн-фармаце арганізуе дыялогавую пляцоўку па абмене вопытам у рэалізацыі сумесных маладзёжных праектаў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці, яны прысвечаны святкаванню 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Запланаваны круглы стол з удзелам прадстаўнікоў маладзёжных Саветаў адміністрацый раёнаў Мінска па абмене вопытам у галіне рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

Кірмаш беларускіх тавараў і легендарныя «Песняры»

З 26 па 30 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Мега» будзе працаваць выстава-кірмаш беларускіх тавараў. На кірмашы гандлёвыя павільёны адкрыюць непасрэдна самі прадпрыемствы-вытворцы. А каб свята атрымалася шматлюдным і вясёлым, арганізуюць канцэртную праграму з удзелам беларускіх калектываў народнай творчасці і вядомых выканаўцаў. Канцэртная праграма «Мінск вітае сяброў» пройдзе 27 сакавіка. На сцэне выступяць Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт «Купалінка», Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі і, вядома ж, легендарныя «Песняры».

У праграме Дзён — правядзенне выставы «Екацярынбург вачыма юных мінчан». Работы школьнікаў Маскоўскага раёна беларускай сталіцы прадстаўлены ў розных тэхніках — ад акварэлі да графікі. Спартыўныя спаборніцтвы — таксама відовішчны складнік любога свята. Каманда СДЮШАР валейбольнага клуба «Мінск» мае намер правесці таварыскі матч з аднагодкамі екацярынбуржскай спартыўнай школы «Акадэмія валейбола М.В. Карполя».

«Кнігі нас збліжаюць» і мастацкая выстава

З 26 па 28 сакавіка 2025 года ў гарадскім бібліятэчным інфармацыйным цэнтры Екацярынбурга будзе працаваць выстава «Кнігі нас збліжаюць», дзе будзе прадстаўлена падборка з 20 выданняў сучасных беларускіх аўтараў «Беларускія пісьменнікі — дзецям». Экспазіцыя будзе ўключаць некалькі раздзелаў, якія пазнаёмяць жыхароў Уральскай сталіцы з гісторыяй і культурай Беларусі, узаемаадносінамі паміж двума брацкімі народамі. Асобная частка будзе прысвечана кніжным творам аб Вялікай Айчыннай вайне. 

У творчым кластары «Л52» будзе працаваць выстава работ «Міхаіл Савіцкі. Кошт крыві». Тут прадстаўлены рэпрадукцыі работ Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага з фондаў Музея гісторыі горада Мінска, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, а таксама матэрыялы, прысвечаныя асобным старонкам біяграфіі мастака. 

Фота Лізаветы ГОЛАД і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю