Top.Mail.Ru

Сталіца прымае сяброў: дні Санкт-Пецярбурга ў Мінску пройдуць 14 і 15 ліпеня

Дні Санкт-Пецярбурга ў Мінску пройдуць 14 і 15 ліпеня. Аб гэтым паведамляе прэс-служба Мінскага гарвыканкама. 
Як паведамляецца, у беларускую сталіцу з афіцыйным візітам ужо прыбыла дэлегацыя Санкт-Пецярбурга на чале з губернатарам горада Аляксандрам Бягловым.


Што яшчэ чакаецца? 

Праграма дзён Санкт-Пецярбурга вельмі разнастайная. Яе адкрыла цырымонія ўскладання вянкоў да манумента на плошчы Перамогі. У панядзелак, 14 ліпеня, таксама пройдуць круглыя сталы па абмене вопытам у галіне аховы здароўя, турызму, маладзёжнай палітыкі, архіўнай справы. Адбудуцца таксама галіновыя сустрэчы па супрацоўніцтве ў розных сферах. А ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» адкрыецца фотавыстаўка аб паўночнай сталіцы Расіі.

Вельмі насычаным будзе і аўторак, 15 ліпеня. Запланаваны сустрэча расійскай дэлегацыі з кіраўніцтвам беларускай сталіцы, наведванне шэрагу прамысловых прадпрыемстваў Мінска, а таксама дзелавыя і галіновыя сустрэчы, круглыя сталы на актуальныя для двух гарадоў тэмы. Бакі абмяркуюць сумесную работу ў сферах аховы здароўя, маладзёжнага супрацоўніцтва, інфармацыйных тэхналогій.
  • У завяршэнне дзён Санкт-Пецярбурга расійскі бок прэзентуе свой культурны падарунак. У Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі адбудзецца прэм’ера спектакля «Злачынства і пакаранне» Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана.
Дарэчы, дамоўленасць аб правядзенні цяперашніх дзён Санкт-Пецярбурга была дасягнутая ў ходзе рабочай сустрэчы кіраўнікоў двух гарадоў у кастрычніку мінулага года. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў і губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў намецілі прымеркаваць да 25-годдзя з дня падпісання Пагаднення аб партнёрскіх сувязях шэраг мерапрыемстваў, уключаючы правядзенне Дзён Санкт-Пецярбурга ў Мінску.

Уладзімір Кухараў і Аляксандр Бяглоў падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах на 2024-2026 гады.
  • Важна адзначыць, што ўзаемныя прадстаўнічыя візіты сталі добрай традыцыяй. Папярэднія дні Санкт-Пецярбурга ў беларускай сталіцы прайшлі ў красавіку 2023-га. Адной з ключавых падзей стала пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга, па выніках якога падпісаны дакументы аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным партнёрстве.
Таксама падпісаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі ўзаемадзеяння паміж адміністрацыямі Цэнтральнага раёна Мінска і Цэнтральнага раёна Санкт-Пецярбурга, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж «Мінскводаканалам» і «Водаканалам Санкт-Пецярбурга», пагадненне паміж Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным цэнтрам і Санкт-Пецярбургскім клінічным навукова-практычным цэнтрам спецыялізаваных відаў медыцынскай дапамогі.

У кастрычніку 2024-га ўжо горад на Няве цёпла прымаў дэлегацыю беларускай сталіцы. Дні Мінска ў Санкт-Пецярбургу прайшлі з поспехам. Адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў Мінскага гарвыканкама з кіраўніцтвам паўночнай сталіцы Расіі і Ленінградскай вобласці, падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве па розных напрамках. 

У сучаснай гісторыі Мінск і Санкт-Пецярбург нарошчваюць у першую чаргу стратэгічнае эканамічнае партнёрства. Дзякуючы створанаму Саюзу прамыслоўцаў «Прагрэс» развіваецца вытворчая кааперацыя. Прадпрыемствы двух гарадоў цесна інтэграваныя ў ланцужкі паставак. Напрыклад, Пецярбургскі трактарны завод атрымлівае ад беларускіх вытворцаў шыны, блокі кіравання, радыятары, палімерныя бакі і не толькі.
Ключавым партнёрам у транспартнай рэформе паўночнай сталіцы, якая пачалася ў 2022 годзе, стаў Мінскі аўтамабільны завод. Па заключаным кантракце ў горад на Няве адправіліся амаль 900 аўтобусаў вялікай і сярэдняй умяшчальнасці, якія працуюць на прыродным газе. Сёння яго парк грамадскага транспарту налічвае 1 900 аўтобусаў, вырабленых у Мінску. На працягу мінулага года гарадскія перавозчыкі набылі звыш 70 мінскіх машын асабліва вялікага класа. На вуліцах Санкт-Пецярбурга эксплуатуюцца больш за 240 тралейбусаў, выпушчаных нашым сталічным «Белкамунмашам». Нават знакаміты піцерскі трохсекцыйны хуткасны трамвай «Чыжык» мінскай зборкі. Для паспяховай рэалізацыі рэформы ЖКГ Санкт-Пецярбурга летась было набыта 96 адзінак тэхнікі МТЗ і «Амкадор», неабходнай для ўтрымання дарог і зялёных насаджэнняў, а таксама для ўборкі дваровых тэрыторый.
Варта дадаць, што наша рэспубліка стабільна лідзіруе сярод краін СНД па аб’ёме тавараабароту з паўночнай сталіцай Расіі. Сёлета з беларускага боку плануецца павялічыць аб’ём паставак харчовай прадукцыі на 230 тысяч тон.

Яна ВАЛАСАЧ.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю