Top.Mail.Ru

Дні Саюзнай дзяржавы і маладзёжнае свята стартуюць на «Славянскім базары»

Дні Саюзнай дзяржавы і маладзёжнае свята стартуюць сёння ў фестывальным Віцебску, паведамляе БелТА.



XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» набірае абароты. Пасля адкрыцця форуму, якое адбылося ўчора ўвечары, па традыцыі стартуюць дні Саюзнай дзяржавы. Ключавым мерапрыемствам стане гала-канцэрт «Юбілейны каляндар Саюзнай дзяржавы». На сцэну выйдуць артысты і калектывы з Беларусі і Расіі. Гледачы змогуць убачыць выступленні калектыву «Фаногаф-Джаз-Бэнд», узначаленага Сяргеем Жыліным, Аляксандра Алешкі,  Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Татарстан, Анатоля Ярмоленкі, заслужанага калектыву Беларусі ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы» і многіх іншых. 

Таксама ў рамках Дзён СД пройдуць джазавы фестываль на пляцоўцы каля помніка Пушкіну (ён пачнецца ў 13.00 і працягнецца да паўночы) і вячэрняе рок-шоу «Матрошкі» ў канцэртнай зале «Віцебск» (20.00).

У 14.00 на плошчы Перамогі адбудзецца адкрыццё Дзён моладзі, якія традыцыйна праходзяць на «Славянскім базары». Патрыятычная акцыя, конкурсы, інтэрактывы, дыялогавыя пляцоўкі, песні і танцы чакаюць удзельнікаў і гасцей гэтага свята маладых і актыўных.

На новай пляцоўцы фестывалю — зялёнай сцэне, якая размяшчаецца каля ракі Віцьба побач з мостам 1000-годдзя Віцебска, а таксама на пляцоўцы ля помніка Пушкіну будуць выступаць самадзейныя артысты, якія прыехалі на XII Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах».

У 13.00 юных артыстаў, удзельнікаў XXIV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» чакае цырымонія ўзнагароджання, а ў 16.00 іх старэйшым таварышам, удзельнікам XXXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» трэба будзе даведацца, пад якімі нумарамі яны будуць выступаць на творчым спаборніцтве.

Разнастайнай будзе выставачная праграма. У ратушы ў 11.00 прэзентуюць выставу «Балканская хроніка ў аб’ектыве», у 12.00 — праект «Шматаблічная Расія». У 14.00 у канцэртнай зале «Віцебск» жадаючыя змогуць пабываць на адкрыцці праекта «Славянская рапсодыя» Расійскага нацыянальнага музея музыкі. У 16.00 у Мастацкім музеі адкрыецца экспазіцыя «Таццяна Сельвінская. Дыялог з Малевічам», якую прадстаўляе Дзяржаўны гісторыка-мастацкі і літаратурны музей-запаведнік «Абрамцава» з Маскоўскай вобласці.

Спектаклі для маленькіх гледачоў у «Лялечным квартале» пакажуць Мурманскі абласны тэатр лялек («Церамок») і Пензенскі абласны тэатр лялек («Мядзведзь»). Працягне сваю работу фестываль сацыяльнага кіно «Агульнае жыціе». Для прыхільнікаў духоўнай музыкі можна парэкамендаваць у 12.45 пабываць на свяце званоў «Славянскі дабравест» у Свята-Успенскім кафедральным саборы.

Упершыню ў фестывальным Віцебску сваю творчасць прадэманструе Нацыянальны ансамбль Сербіі «Кола». Разам з Віцебскім ансамблем танца, музыкі і песні «Талака» госці «Славянскага базару» прадставяць яркую харэаграфічную праграму ў абласной філармоніі. Аматараў народных танцаў запрашаюць на іх выступленне ў 18.00.

Віцебскі цэнтральны спарткомплекс у 18.00 стане пляцоўкай для музычнай сустрэчы Уладзіміра Праснякова з яго фанатамі. А ў 1.30 тут жа «Рытмамі лета» размалююць ноч беларускія і расійскія спевакі і эстрадныя калектывы.

Драматычны тэатр беларускай арміі пакажа спектакль «Чайка», прадстаўленне пройдзе ў 19.00 у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Якуба Коласа.

У ноч на 18 ліпеня, у 1.30, у Летнім амфітэатры на канцэрце «Залаты хіт» выступяць гурты «На-На», «Кветкі», «Верасы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю