Top.Mail.Ru

Днямі адбыўся рэспубліканскі злёт маладых спецыялістаў РУП «Белпошта»

У ім паўдзельнічалі некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат, якія прадстаўлялі ўсе абласныя філіялы прадпрыемства. Падобныя падзеі адыгрываюць вялікую ролю ў развіцці кар’еры маладых работнікаў — гэта найлепшая пляцоўка для абмену вопытам і ведамі, знаёмства з новымі тэндэнцыямі і тэхналогіямі. Злёты садзейнічаюць павышэнню прэстыжу прафесіі і матывуюць маладых спецыялістаў на далейшы прафесійны рост.


Першы дзень злёту прайшоў на вытворчасці «Мінская пошта», дзе з моладдзю сустрэўся першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел ТКАЧ. Тэма яго выступлення — пытанні кібербяспекі і абароны ад сучасных камп’ютарных і тэлефонных ашуканцаў. Таксама ўдзельнікі злёту пазнаёміліся з работай розных участкаў вытворчасці «Мінская пошта», у прыватнасці з працэсам сартавання паштовай карэспандэнцыі пры дапамозе сучаснага абсталявання.

Акрамя таго, маладых спецыялістаў праінфармавалі аб лічбавізацыі паштовых паслуг і расказалі аб прасоўванні лічбавых паслуг і сэрвісаў, рабоце маркетплэйса Post Market, што, безумоўна, узбагаціла іх новымі карыснымі ведамі. А ўвечары была арганізавана цікавая экскурсія па беларускай сталіцы.

Другі дзень злёту праходзіў у Астрашыцкім Гарадку, на базе адпачынку «Дружба», дзе маладыя спецыялісты азнаёміліся з дзейнасцю прафсаюзаў і роллю грамадскіх арганізацый у сучасных умовах. Цікавасць у іх выклікала лекцыя «Дзяржава і малады спецыяліст: узаемныя абавязацельствы і перспектывы». Юнакі і дзяўчаты таксама даведаліся аб асаблівасцях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне, аб асноўных сацыяльна-прававых гарантыях моладзі і аб яе ролі ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці дзяржавы.

Удзельнікаў злёту па традыцыі наведалі кіраўнікі РУП «Белпошта», якія адказалі на шматлікія пытанні моладзі. Гэтым дыялогам і завяршылася чарговае і вельмі карыснае для маладых спецыялістаў мерапрыемства.

Сваімі ўражаннямі ад злёту падзялілася аператар паштовай сувязі АПС № 8 г. Пінска Аліна КЛІМАВЕЦ:


— На пошце я з лютага 2025 года, а пасля таго як скончыла каледж паштовай сувязі, працую ў якасці аператара паштовай сувязі. Сёння адчуваю сябе ўпэўнена, хоць напачатку, зразумела, былі складанасці. Для мяне галоўнае — знайсці падыход да кожнага кліента, уменне выслухаць чалавека і выканаць паслугу, якая яму патрэбна. Асобна хачу сказаць аб нашым працоўным калектыве. Яго адметныя рысы — узаемаразуменне і ўзаемная дапамога. Менавіта таму я вельмі ўдзячна сваім калегам, бо гэта дазваляе працаваць эфектыўна і якасна. Прыемна, што ў мяне з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве. Лічу, што новыя веды, якія я тут атрымала, дапамогуць мне ў далейшай рабоце.

Сяргей Ручанаў

Фота РУП «Белпошта»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю