Top.Mail.Ru

«Добра яблычка к Іспасу»: Сёння — Яблычны Спас

Яблычны Спас адносіцца да ліку самых вядомых у народзе жнівеньскіх свят. Ён аб’ядноўвае царкоўную падзею і народныя звычаі. Яго духоўны сэнс звязаны з адной з дванаццаці галоўных дат праваслаўнага года — святам Праабражэння Гасподняга, а бытавыя традыцыі — з удзячнасцю за саспелы ўраджай


Адзначаюць дванадзясятае свята Праабражэнне Гасподняе з году ў год у адзін і той жа дзень — 19 жніўня. Дата фіксаваная і не мяняецца.

З гісторыі

У Бібліі гаворыцца, што менавіта ў гэты дзень Ісус Хрыстос явіў народу сваю боскую сутнасць. З трыма апосталамі Сын Божы падняўся на гару Фавор і толькі пачаў маліцца, як раптам твар яго азарыўся яркім святлом, а адзенне пабялела «як снег». А з нябёсаў раздаўся голас: «Гэта ёсць сын мой любімы, Яго слухайце!». Гэты дзень святкуецца царквой — афіцыйная назва Праабражэнне Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста. У народзе свята называюць Яблычны Спас (Другі Спас, Спас на гары — у гонар падзей на гары Фавор).

Праабражэнне Гасподняе для праваслаўных хрысціян — падзея знакавая. Вядома ж, нікому не дадзена паўтарыць Праабражэнне Госпада, але гэты дзень — нагода пачаць новае жыццё, свабоднае ад заган і шкодных звычак.

У гэты дзень людзі імкнуцца змяніцца, змяніцца ўнутрана ў лепшы бок, адмаўляючыся ад шкодных звычак, выяўляючы больш цярпення і выхоўваючы ў сабе любоў да бліжняга.

Святкаваць Праабражэнне Гасподняе пачынаюць напярэдадні вечарам. Перад святам у храмах праходзіць вялікае царкоўнае богаслужэнне.

Адной з адметных рыс службы з’яўляецца нашэнне святарамі беласнежных адзенняў, якія сімвалізуюць фаворскае святло — святло, якое выпраменьваецца Хрыстом у момант яго праабражэння.


Раніца 19 жніўня пачынаецца з літургіі і хрэснага ходу. Пасля літургіі святар чытае малітву для асвячэння садавіны і гародніны новага ўраджаю, акрапляе іх святой вадой.

У царкве лічаць, што ў гэты дзень асвячаюць не проста яблыкі, а плён рук чалавечых.

Адметна, што звычай прыносіць Богу першыя плады новага ўраджаю бярэ свой пачатак у Старым Запавеце. У хрысціянскіх краінах Міжземнамор’я галоўным святочным плодам лічыўся вінаград. У нас жа асноўнай садавіной былі яблыкі. Так узнікла і замацавалася народная назва свята — Яблычны Спас.

Яблыневы сад здаўна ў пашане ў беларусаў, і дагэтуль яблык лічыцца на вёсцы пачастункам.

З даўняй пары беларусы ўяўлялі сад як райскае месца, дзе сярод квітнеючых дрэў і спелых пладоў лятаюць птушкі, гудуць пчолы. Прытым яблыня бачылася адным з варыянтаў Дрэва жыцця, у якім захоўваецца сіла, вечнае жыццё і несмяротнасць.

Падобныя якасці прыпісваліся і яблыкам. Нездарма ж у казках іх называлі «залатымі», «маладзільнымі» і «райскімі». Адсюль традыцыя дзяліцца яблыкамі са свайго саду з добрымі людзьмі і сваякамі, якая азначае пажаданне ім моцнага здароўя, доўгага жыцця і дабрабыту.

Прычым, раней строга выконвалася правіла не ўжываць да Яблычнага Спасу ў ежу яблыкі і стравы з іх. Сэнс традыцыі ўстрымання ад яблыкаў да 19 жніўня заключаецца ў прынашэнні новага ўраджаю з падзякай Богу — «Спачатку — Богу, потым — нам».

У Яблычны Спас на стол ставілі гэту садавіну ўжо асвечанай. Адкусіўшы яблык, загадвалі жаданне, і верылі, што яно здзейсніцца.


З раніцы гаспадыні варылі яблычнае варэнне, пяклі пірагі з яблыкаў.

Да абеду сем’ямі ішлі ў яблычныя сады збіраць ураджай. І толькі пад вечар усе садзіліся за стол і віншавалі адно аднаго са святам. Ежа звычайна падавалася сціплая, затое яблыкі павінны былі прысутнічаць ва ўсіх відах: свежыя, печаныя з мёдам, пірагі з яблыкамі. 

Сонца прынята было праводзіць песнямі і танцамі. Людзі верылі, што 19 жніўня наша планета «паварочваецца да восені». А значыць, цёплыя дзянькі заканчваюцца.

Лічылася, што ў Яблычны Спас трэба раздаць як мага больш асвячоных пладоў маламаёмным, хворым і пакутнікам — тады Гасподзь абавязкова ацэніць дабрадзейнасць. А вось калі скупіцца і не дзяліцца ні з кім садавіной, можна набыць абурэнне суседзяў і стаць ледзь не ізгоем.

Народныя прыкметы

  • Які будзе дзень на Яблычны Спас, такой будзе і восень. 

  • Калі дзень ясны, то восень будзе сухой, калі дажджлівы — то мокрай.

  • Свята Праабражэння — і надвор’е зменьваецца. Дні становяцца карацейшымі, а ночы — халаднейшымі.

  • Калі ў гэты дзень дзьме моцны вецер, то зіму варта чакаць суровую.

  • Лісце на дрэвах пажаўцела — набліжаюцца халады.

  • Шмат шпакоў на дрэвах — да халоднага студзеня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю