Top.Mail.Ru

Добрае помніцца доўга

Благое, кажуць, яшчэ даўжэй

«Дзіцятка, вярніся!.. Ты спаднічку надзець забылася», — жахнулася баба Люба, убачыўшы суседчыну дачку ў карацюсенькай

(з-пад кофты не відно) сукеначцы. Жахнулася напрадвесні і толькі аднойчы: упершыню пасля зімы прысеўшы на лавачцы каля пад’ езда. Цяпер, і насядзеўшыся, і наглядзеўшыся, болей не пужаецца: прывыкла, што вось так, «без спаднічак» ходзяць многія. А з маладых дык, мусіць, усе? Мода...

Паралелі

Раніца. Трамвай. Трыццаць-сорак хвілін дарогі — столькі ж чытання: яму, як правіла, не перашкаджаюць ні рэкламныя абвесткі, ні кантралёры, ні пасажыры, якія ўстаюць альбо садзяцца побач... Хіба надоечы?

Праз дзіркі ў джынсах выглядалі ногі — худыя, кастлявыя, у той дзень — ссінелыя ад холаду...

Некалі даўно акурат такія ж можна было ўбачыць у крамах — у... замарожаных курэй.

Хто каго любіць...

Некалі раней у грамадскім транспарце і сапраўды ці не ўсе чыталі — газеты, часопісы, кнігі.

Цяпер, дзякуючы гаджэтам, поўны разброд, бо нехта піша, нехта глядзіць кіно, нешта слухае праз навушнікі, а ўжо гаворыць... Здараецца, мала, але...

У метро у аднаго з мужчын, што прысеў на лаўку для інвалідаў, «спявае» мабільнік. На сувязі (то-бок на экранчыку — «нам зверху бачна ўсё») — «Любімая». Дзядзька ёй ўсміхаецца, вітаецца, з насцярогай слухае, што яна кажа, мяркуючы па твары, — злуе, спрабуе запярэчыць і слова ўставіць не можа. Зноў слухае, «зелянее ад злосці», кажа (досыць гучна): «Пайшла ты...» (і нават куды).

Пасля гэтага, яшчэ раз міргнуўшы словам «любімая», экранчык гасне, размова абрываецца.

...Суседзі расіяне кажуць, што «милые бранятся — только тешатся», беларусы — «хто каго любіць, той таго чубіць». А ўжо гладзіць па чубе ці не... Як пашчасціць.

Ёсць права...

Я ніколі не прамяняў бы сваіх сяброў, сваё цудоўнае жыццё, сям’ю на менш сівыя валасы і больш пляскаты жывот. Гэта — Маркес.

Смерці я не баюся... Баюся за сваіх блізкіх. Баюся выпадковасцяў для сяброў. Баюся выглядаць старым. Гэта — Шырвіндт.

Неяк разам з жонкай (першай і, дарэчы, апошняй), яны з’ехалі на дачу, пайшлі гуляць — па дарозе зазірнулі ў краму, дзе, вядома ж, былі заўважаны. Грузчык, які раней працаваў слесарам у іхнім дачным кааператыве, кінуўся насустрач, стаў казаць, як даўно іх не бачыў, потым — распытваць, а што гэта зрабілася, чаму яны так дрэнна выглядаюць: пастарэлі — аж страшна глядзець!

Пасля такіх «кампліментаў» пара заспяшалася выйсці з крамы, адарвацца ад шапачнага знаёмца. Ды дзе там: ён рушыў следам, каб пабачыць людзей яшчэ раз і прызнаць, што тут, на вуліцы, відок у іх яшчэ горшы.

Гэта з успамінаў — акцёра, рэжысёра, педагога, сцэнарыста, гумарыста... Які (светлай памяці!) так хораша смяяўся з іншых. І з сябе.

Цётка...

З дому на работу, з работы дамоў — міма любімай царквы і Вайсковых могілак, дзе знайшлі свой спачын Купала і Колас, іх жонкі-спадарожніцы.

Купалаву — Уладзіславу Францаўну — знаёмцы, любячы, звалі папросту — цётка Уладзя.

...Валянцін Таўлай расказаў Янку Брылю, як улетку 45-га на абед да яе трапіў выпадковы госць — літаратурны крытык («вучоны кат» ды «скуралуп»), як стаў даводзіць, што ён ужо не той, што быў перад вайною... 

«От еш, — перапыніла яго адкрытая і гасцінная Купаліха. — Сабакам быў, сабакам і застаўся, але ж еш!»

Вось такая была цётка.

Добрае помніцца доўга...

Аніводная маці, мусіць, не хацела б, каб сын ажаніўся ў 20, каб за жонку выбраў звычайнае дзяўчо ды яшчэ і з правінцыі?

Вось і Макараўна змірыцца не магла: не любіла, не прымала сваю нявестку ні праз год пасля вяселля, ні праз пяць. І не столькі таму, што маладзіца аказалася нейкай нядбайніцай, не... Маці мела каго любіць: у яе дачушка расла — прыгожая, вясёлая, здольная... Ну як жа было не песціць, як не слугаваць?! Любы ж капрыз...

Балазе ў дзяўчынкі, у дзеўкі іх, капрызаў, без ліку было — куды менш, чым у маці грошай. Але ж тая старалася, зарабляла: гадамі, з апошняга як магла слугавала дачушцы...

Не заўважыла, як знясілела, як зусім злягла.

Добра, што сын непаводдаль жыў: з жонкай, з дзецьмі яны штодня заходзілі да хворай, праведвалі, дапамагалі, урэшце з лыжачкі кармілі (ну што тут будзеш рабіць?!), абмывалі, забаўлялі, суцяшалі... Хоць вось гэта, апошняе, і вельмі цяжка было, бо матуля днямі-начамі ўсё роўна глядзела на дзверы: чакала дачку, перажывала, што яна разводзіцца — то з першым сваім, то з другім, што выходзіць за трэцяга... Часу не мае прыехаць.

Хіба на пахаванне?

І потым яшчэ раз — на сорак дзён, каб па справядлівасці, то-бок пароўну (?!) падзяліць з братам спадчыну.

Ён таргавацца не стаў. Жонка яму не пярэчыла. Больш за тое, вельмі прасіла залвіцу, каб тая ўзяла што з маміных рэчаў — абразы, тэлевізар, швейную машынку, посуд...

— Вось гэтую вазу яна любіла і гэты абрус... Лыжачкі вазьмі... Хай будзе ў сям’і — на памяць.

— Не, — за сябе і дзяцей адказала дачка. — Нам нічога не трэба. Мы і так будзем маму помніць.

...А ўспамінаць — штодня ці хоць часцяком — можа, трошкі... сорамна?

Дзе цесна...

Яўрэйская прыказка «Калі жэніцца ўдавец з удавою — спаць лажацца ўчацвярых».

Гэта, напэўна, праўда, хоць шлюбаў такіх няшмат. Куды больш па сённяшнім часе, калі жэняцца разведзеныя — хто двойчы, хто, можа, тройчы... А калі падлічыць яшчэ і грамадзянскія...

Дзе цесна, там пацешна. Ды не заўжды.

Адна пчала мёду не наносіць

Сталіца, запраўка, машына справа, машына злева... На адной даўно прывычнае: «Если вам мешает мое авто, позвоните...». Далей — нумар тэлефона.

Яны ж, тыя нумары, і на дзвюх суседніх, мусіць, дзявочых іншамарках, бо пад досыць нечаканым: «Буду, когда приду» і трохі сумным: «Ушла спасать мир».

Для адной — гэта, відаць, непасільная справа.

У кадры і за кадрам

Экзотыка: у нашым мястэчку Сураж з аднаго берага ракі на другі можна пераплыць на пароме — бясплатна, ходзіць праз кожныя 30 хвілін.

...Што цікава — побач з паромам на прыколе стаіць судна пад назвай «Тытанік».

Кажуць, яго пасажырам на вячэру падавалі вустрыц, ікру бялугі, курыцу з малінавым соусам па-гвінейску, качыныя грудкі ў мадэры, смажанае ягнятка з мятным соусам...

Людзі ўсё гэта елі, запівалі цудоўнымі напіткамі, любаваліся акіянам, слухалі жывую музыку (граў аркестр)... Аднак зайздросціць тут няма чаму, бо вячэра была апошняй: на лайнеры, які патануў у 1912-м, загінула 1500 чалавек.

Адкуль цалкам лагічная выснова: не трэба заглядацца ды дзівам дзівіцца на чужое багацце, бо гэта і сапраўды хіба што кадр, сцэна. Ніхто не ведае, ШТО за ёй і ШТО будзе потым.

Найлепей глядзець у сваю талерку і жыць сваё жыццё.

Валянціна Доўнар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю