Акцыя «Разам на добрую справу», якая была ініцыявана членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па заканадаўстве Анжалікай Курчак, прайшла 17 красавіка ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Сумесна з дэпутатамі розных скліканняў, жыхарамі акругі і навучэнскай моладдзю быў добраўпарадкаваны каньён каля сярэдняй школы № 49.
Пра тое, што гэтае месца мае патрэбу ў добраўпарадкаванні Анжаліцы Яўгенаўне на адной з сустрэч паведамілі жыхары бліжэйшых дамоў. Па іх словах, месца карыстаецца вялікай папулярнасцю, але выглядала да акцыі яно некалькі закінутым. Не доўга думаючы, дэпутат накіравалася сюды, каб самастойна ацаніць аб’ёмы работ.
— Калі я наведала каньён, то ўбачыла камень, на якім было напісана, што алея, якая ўпрыгожвае гэтае месца была высаджана дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу IV склікання ў красавіку 2012 года. Гэта стала штуршком для таго, каб кінуць кліч і сабраць тут усіх: дэпутатаў цяперашняга і мінулых скліканняў, неабыякавых мясцовых жыхароў, педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 49, а таксама работнікаў Дзіцячага сада № 122, для таго, каб працягнуць гэтыя выдатныя традыцыі і наладзіць сувязь пакаленняў, — падзялілася яна.
Да пачатку акцыі ўжо былі праведзены пэўныя работы «Зелянбудам» Фрунзенскага раёну па ачыстцы тэрыторыі ад хмызняку. А ўсім астатнім актывістам засталося пафарбаваць лавачкі, падмесці і прыбраць старую лістоту.
Паводле слоў Анжалікі Курчак, усе гэтыя работы прымеркаваны яшчэ і да 80-годдзя Вялікай Перамогі, таму што важна сустрэць гэта свята ў чыстай, прыгожай і паспяховай краіне.
— Нядаўна Прэзідэнт сказаў, што Мінск павінен быць узорнапаказальным горадам. І мы бачым, як сталіца з кожным годам становіцца ўсё прыгажэйшай, як змяняецца яе архітэктура, як паляпшаюцца ўмовы жыцця. І хачу сказаць, што самая галоўная заслуга ў гэтым саміх жыхароў сталіцы, якія выходзяць на такія акцыі па клічы сэрца, — заключыла яна.
Удалося нам паразмаўляць і з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу IV склікання, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Святланай Сухавей, якая 13 гадоў таму закладвала ў гэтым месцы алею.
— Памятаю, у той дзень было добрае надвор’е. Мы з задавальненнем пасадзілі дрэвы, прыбралі тэрыторыю. Але прайшло шмат часу і трэба зноў навесці парадак. Я вельмі радая, што нас прыцягнулі да гэтай акцыі і што ў Год добраўпарадкавання мы можам такой добрай справай прынесці карысць нашаму гораду, — падзялілася яна.
Таксама сярод удзельнікаў акцыі была і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VII склікання, Міс Беларусь — 2018 Марыя Васілевіч. Яна таксама з радасцю адгукнулася на запрашэнне паўдзельнічаць у акцыі.
— Калі больш за 4 гады адказваеш за гэтую акругу, за гэтую зямлю, вядома, хочацца, каб і потым яна таксама была ў чысціні. Немагчыма ставіцца да яе як да нейкай чужой, — адзначыла яна.
Па словах Марыі Васілевіч вельмі важна, што такія мерапрыемствы збіраюць прадстаўнікоў розных пакаленняў.
— Гэта, вядома, вялікая, магутная сіла, калі моладзь працуе сумесна з больш дарослым вопытным пакаленнем. Ведаю аб гэтым па сваім досведзе працы ў Палаце прадстаўнікоў, дзе была самым маладым дэпутатам. Калі маладыя людзі са сваім запалам, энтузіязмам, энергіяй сустракаюцца з мудрасцю і вопытам дарослага пакалення, то па выніку атрымліваецца ідэальны баланс, — заключыла яна.
Так каньён ізноў стаў чыстым і добраўпарадкаваным. Засталося пачакаць, калі вясна канчаткова ўступіць у свае правы і ўсё навокал упрыгожыць яшчэ і яркая зеляніна дрэў.