Top.Mail.Ru
261

Расказваем, як малады фельчар працуе на мабільным ФАПе

Доктар прыедзе сам

Колькасць насельніцтва ў вёсках знізілася, ёсць населеныя пункты, у якіх жыве менш за сотню чалавек. Але гэта не значыць, што ўзровень жыцця там павінен быць горшы, жыхары павінны мець роўны доступ да ўсіх сацыяльных выгод. І ў рэалізацыі гэтай палітыкі дапамагаюць мабільныя ФАПы. Карэспандэнт «Звязды» адправілася ў Зэльвенскі раён, каб паглядзець, як працуе адзін з першых мабільных ФАПаў у вобласці, а таксама пагутарыць з маладым фельчарам.

Прызнаюся, што да гэтага ні разу не была ў мабільным ФАПе, бачыла толькі на фота. А яны не перадавалі ўвесь маштаб аб’екта. Як аказалася, гэта вельмі вялікая машына, памерам з аўтобус. Унутры ёсць усё неабходнае для прыёму пацыента: рабочы стол урача, кушэтка, гінекалагічнае крэсла, а таксама неабходнае медыцынскае абсталяванне. У гэтай цуд-машыне мяне сустрэла фельчар Святлана Іскра. Дзяўчына — малады спецыяліст, працуе ў Зэльвенскім раёне па мэтавым накіраванні. Яна скончыла Слонімскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

— Я з ранняга дзяцінства захаплялася ўрачамі. Часта малыя дзеці іх баяцца, а я, наадварот, цягнулася. Мне заўсёды было цікава даведвацца аб працы медыкаў, вывучаць захворванні. Да таго ж у мяне сястра фельчар, і яе муж фельчар, і яго сястра таксама гэтую прафесію выбрала. Вядома, было страшна, я шмат разоў была блізкая да таго, каб раздумаць. Першы курс быў вельмі цяжкі, таксама думала, што забяру дакументы, але я рада, што не сышла з гэтага шляху. Мэтавае выбрала, бо хацела адпрацоўваць дома, я сама зэльвенская.

Было страшна, але я справілася

Святлана пачала працаваць у жніўні мінулага года. За гэты час яна ўжо добра вывучыла сваіх пацыентаў, знайшла з імі агульную мову. Праца з людзьмі бывае непрадказальнай, да кожнага трэба знайсці падыход, але дзяўчына паспяхова з гэтым спраўляецца. Кожны дзень мабільны ФАП адпраўляецца ў розныя лакацыі, яго маршрут вядомы жыхарам дзякуючы графіку, а зона абслугоўвання складае 35 кіламетраў. З пачатку года было больш за 200 выездаў, а колькасць насельніцтва, якое атрымлівае меддапамогу, складае амаль 3500 чалавек.

— Першы час вельмі хвалявалася: на выездзе я адна. Але ўжо праз год усе страхі зніклі. Вельмі дапамагалі старэйшыя калегі, заўсёды можна было звярнуцца па любым пытанні ў любы час, я ведаю, што мне не адмовяць у дапамозе. Для маладога спецыяліста важная гэтая сувязь, прыемна ведаць, што ты не адзін, — гаворыць дзяўчына.

Святлана адзначае, што ёй падабаецца працаваць фельчарам менавіта ў мабільным ФАПе, кажа, што ў яе душа дальнабойшчыка і ёй падабаецца быць у дарозе. І ёсць магчымасць вывучыць раён. Хоць спачатку гэтая перспектыва злёгку палохала. З практыкі ёй запомніўся самы першы экстранны выклік. У жанчыны здарыўся прыступ бранхіяльнай астмы. У той дзень малады фельчар была бліжэй за ўсіх да яе.

— Я бяру сумку, іду і разумею, што ў мяне трасуцца рукі... Але, калі пачала працу, прыйшоў дзіўны спакой. Я зрабіла ўсё як трэба і аказала неабходную дапамогу.

Акрамя таго, у мабільным ФАПе можна купіць лекі, іх рэалізацыяй таксама займаецца фельчар. Ёсць стандартны пералік прэпаратаў, а калі патрэбны для пацыента адсутнічае, яго можна заказаць. Святлана кажа, што ёй цікавы і фармацэўтычны кірунак.

Ствараем усе ўмовы

Медыцынская дапамога ў Зэльвенскім раёне аказваецца шасцю амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі, двума акушэрска-фельчарскімі пунктамі і, адпаведна, адным мабільным. Сярэднімі медыцынскімі работнікамі амбулаторыі ўкамплектаваны на 100 працэнтаў, расказала в. а. галоўнага ўрача Цэнтральнай раённай Зэльвенскай бальніцы Вольга Якімчык.

— Укамплектаванасць амбулаторый урачамі не стапрацэнтная, але, тым не менш, насельніцтва атрымлівае дапамогу ў поўным аб’ёме, за ўстановамі замацаваны ўрачы агульнай практыкі, якія праводзяць прыёмы па графіку. Наладжана работа ў рамках рознаўзроўневай сістэмы з міжраённымі медыцынскімі цэнтрамі. Напрыклад, брыгады хуткай дапамогі выстаўляюць папярэдні дыягназ на месцы выкліку і пры падазрэнні на вострае парушэнне мазгавога кровазвароту або вострую хірургічную паталогію дастаўляюць пацыентаў у міжраённыя цэнтры.

Асаблівая ўвага — падтрымцы маладых спецыялістаў. Распрацавана праграма настаўніцтва, якая доўжыцца 6 месяцаў. Настаўнікі дапамагаюць маладым спецыялістам адаптавацца да новых умоў працы, вырашаць пытанні і асвойваць прафесійныя навыкі. Але нават пасля заканчэння праграмы настаўніцтва не спыняецца, што дазваляе маладым спецыялістам атрымліваць дадатковую падтрымку і кансультацыі. Для мякчэйшай адаптацыі арганізоўваюцца сустрэчы з псіхолагам, які праводзіць трэнінгі і кансультацыі, што дапамагае лепш спраўляцца са стрэсам. Аказваецца дапамога з жыллём. Так што на Зэльвеншчыне чакаюць маладых спецыялістаў!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара

Чытайце таксама: У Гродзенскім абласным анкалагічным цэнтры адкрылі два корпусы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю