На долю транспартных сродкаў, якія працуюць на новых крыніцах энергіі (NEV), прыйшлося 61,6 працэнта ад усіх прададзеных у Кітаі ў верасні гэтага года новых аўтамабіляў, што стала рэкордным паказчыкам за месяц. У цэлым за першыя тры кварталы іх доля склала 53,6 працэнта. Такая дынаміка вынікае з галіновых даных, перадае «Сіньхуа».
У студзені—верасні ў Кітаі было выпушчана 12,483 млн адзінак NEV і прададзена 12,472 млн адзінак — абодва паказчыкі аказаліся больш чым на 10 працэнтаў вышэй у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамілі ў Кітайскай асацыяцыі аўтавытворцаў.
У верасні гэтага года аб’ём вытворчасці аўтамабіляў склаў 2,99 млн адзінак, аб’ём продажаў — 2,956 млн адзінак, павялічыўшыся на 11,4 працэнта і 9 працэнтаў адпаведна ў параўнанні з папярэднім месяцам.
Пры гэтым рост вытворчасці і продажаў NEV дасягнуў 12,2 працэнта і 13,6 працэнта ў гадавым вылічэнні — 1,814 млн і 1,823 млн адзінак адпаведна.
Усяго ж за першыя тры кварталы гэтага года выпусцілі 23,246 млн аўтамабіляў і прадалі 23,271 млн, што нязначна ніжэй за паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года.
Экспарт транспартных сродкаў працягвае хутка расці. У верасні гэтага года Кітай экспартаваў звыш 1 млн аўтамабіляў, што на 61,4 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, пры гэтым экспарт NEV склаў 571 тыс. адзінак. Доля NEV у агульным аб’ёме экспарту аўтамабіляў перавышае 50 працэнтаў ужо чацвёрты месяц запар.
Усяго ў студзені—верасні з Кітая было экспартавана больш чым 8,2 млн аўтамабіляў, у тым ліку звыш 4 млн NEV, што больш чым удвая перавысіла леташні паказчык за аналагічны перыяд.
«Нягледзячы на няпростую знешнюю сітуацыю, экспарт прадаўжае захоўваць высокія тэмпы росту, дэманструючы вялікую ўстойлівасць. На ўнутраным жа рынку працягваюць вызваляць энергію новыя драйверы росту, у агульным аб’ёме продажаў упэўнена расце доля NEV», — падсумаваў намеснік генеральнага сакратара Кітайскай асацыяцыі аўтавытворцаў Чэнь Шыхуа. Эксперт чакае захавання ўстойлівай дынамікі функцыянавання галіны і ў чацвёртым квартале.
Мікалай ЛІТВІНАЎ