Менавіта пад гэтым прозвішчам у раённым цэнтры ведаюць сямейства Тараса Грышанкова, хаця яго жонка Аліна Шын пакінула сабе дашлюбнае прозвішча. І тое, што муж прыняў гэта з разуменнем, — адзін з маленькіх штрыхоў, які пацвярджае: у гэтай сям’і з павагай ставяцца адзін да аднаго.
А сужэнцы — сапраўды яркія асобы, якія і ў невялікім райцэнтры абралі нетрывіяльныя шляхі самарэалізацыі.
Жаночы пачатак
Унутраны свет Аліны такі ж незвычайны і прыцягальны, як і яе знешнасць, якая выдае карэйскія карані. Яе радзіма — Санкт-Пецярбург. І хоць на Гарадоччыну яна пераехала разам з маці ў 10-гадовым узросце, найбагацейшы на культуру мегаполіс паспеў паўплываць на яе душу.
Прагнучы творчасці, Аліна скончыла рэжысёрскае аддзяленне Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, па размеркаванні трапіла ў Гарадок, стала кіраўніком народнага тэатра мініяцюр «Фанограф» у мясцовым Цэнтры культуры.
Гледачы дагэтуль памятаюць яе таленавітыя пастаноўкі і выбітную акцёрскую ігру. Веды паглыбіла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
А праз пэўны час Аліна зразумела, што мае значна большы патэнцыял, і атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Маскве па спецыяльнасці «Псіхалагічнае кансультаванне і псіхадыягностыка». Сёння яна — практыкуючы псіхолаг, дае індывідуальныя анлайн-кансультацыі, вядзе групавую псіхатэрапію ва ўласнай «Школе чараўніцтва», супрацоўнічае з цэнтрам развіцця свядомасці «Сінергія 3000».
Мужчынская роля
У Тараса не менш цікавы шлях: ён выпускнік Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры і нястомны прапагандыст фізічнага ўдасканальвання, актыўнасці, здаровага ладу жыцця. Пачаўшы працаваць як трэнер-выкладчык Гарадоцкай дзіцяча-
юнацкай спартыўнай школы, ён заснаваў спартыўны клуб «Нефрыт». Займаецца ўсходнімі адзінаборствамі, ушу, фітнесам з дзецьмі і дарослымі, якіх, дарэчы, больш за сто чалавек у розных групах. Яго выхаванцы маюць высокія ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Жадаючых трэніравацца ў прызнанага майстра дастаткова, людзі хочуць быць падобнымі на свайго падцягнутага маладжавага трэнера.
— Акрамя як са стандартнымі групамі, Тарас прафесійна працуе з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці, дыягназы аўтызм і ДЦП, а таксама з людзьмі, якія аднаўляюцца пасля сур’ёзных траўм, аварый, інсультаў. І ў паляпшэнні іх фізічнага стану ёсць медыцынскі пацверджаная станоўчая дынаміка, — ганарыцца мужам Аліна.
А ў райвыканкаме паведамілі, што падчас эпідэміі каранавіруса Тарас Грышанкоў па водгуку душы ўсталяваў на прыпынках грамадскага транспарту дазатары з антысептыкам. Яго ініцыятыву заўважылі і добраахвотна падтрымалі іншыя гараджане. Так свядомасць і неабыякавасць аднаго чалавека паўплывала на барацьбу з распаўсюджваннем захворвання.
Яркі «квартэт»
Маладыя людзі з такім патэнцыялам, як у Аліны і Тараса, безумоўна, маглі б добра ўладкавацца і ў буйнейшым за Гарадок горадзе. Але засталіся ў ім.
— Нам пашанцавала менавіта тут рэалізавацца ў абраных кірунках дзейнасці, таму шкада было б пакідаць тое, што далося вялікімі намаганнямі, — заўважае Аліна. — Купілі кватэру, так бы мовіць, звілі сямейнае гняздо. Свядома нарадзілі дзвюх дачок і спакойныя за іх адукацыю, баўленне вольнага часу. Гарадок — ціхі, чысты, прыгожы, прывабны для жыцця горад.
Патрысіі — 14, Міры — 8 гадоў. Абедзве дзяўчынкі творчыя, у маму, — займаюцца музыкай і вакалам у мясцовай ДШМ імя І.А. Серыкава. Але і ў папу — спартыўныя, з задавальненнем бегаюць да яго на трэніроўкі. Вучацца сёстры ў СШ № 1 імя І.Х. Баграмяна, дзе старэйшай найбольш падабаецца гісторыя, а малодшай — матэматыка.
— Мы не прад’яўляем да дзяцей завышаных чаканняў, не дапускаем у адносінах да іх ціску і гвалту, — сцвярджае Аліна. — Гэта праблема тых бацькоў, якія за кошт дзяцей жадаюць запоўніць свой уласны дэфіцыт задаволенасці жыццём, ажыццявіць няспраўджаныя мары. На жаль,
я штодзённа разбіраю такія праблемныя сітуацыі ў працэсе сваёй работы. Нам жа з мужам важней за ўсё здаровыя, шчаслівыя дзеці.
На думку Аліны Шын, вучоба на выдатна і залаты медаль ці чырвоны дыплом не з’яўляюцца паказчыкамі паспяховасці дзіцяці, калі яны даліся яму цераз сілу і нянавісць. Трэба берагчы рэсурсы арганізма.
Агульнае шчасце
Гэты ж прынцып галоўны дома, дзе ўсім павінна быць добра, смачна, чыста, утульна, куды ты можаш прыйсці, як у крэпасць, дзе цябе заўжды любяць і чакаюць. Такую атмасферу стварае найперш Аліна. Тарас больш заняты ў сваім клубе, да таго ж па-мужчынску дапамагае цёшчы Ліліі Анатольеўне ў вёсцы. Але ўся сям’я свядома далучаецца да дапамогі жонцы і маці: ёй жа, як і ўсім, павінна быць хораша ў сваім доме.
Бясцэнныя сумесныя сямейныя падарожжы, адпачынак, гарадскія святы, дзе выступаюць дочкі і мама.
— Тата ў нас вельмі актыўны. Да нашых сплаваў на сапбордах далучаецца нават бабуля Ліля, — усміхаюцца дзяўчаты.
Дружная сям’я лічыць, што за станоўчымі эмоцыямі і ежай для душы неабавязкова адпраўляцца ў дарагую паездку за мяжу, ёсць на што паглядзець і ў Беларусі.
Галоўнае ж часам адбываецца проста па дарозе, у сваёй машыне, дзе бацькі і дзеці шчыра размаўляюць, спяваюць, жартуюць.
— Пакуль наша самая незабыўная паездка — падарожжа ў Мурманск, — з задавальненнем успамінае Аліна. — Дарога доўгая, са зменай кліматычных ландшафтаў. Мы любавіліся карэльскімі краявідамі, архітэктурай Петразаводска і Мурманскім портам. А самае галоўнае — на свае вочы пабачылі ў Баранцавым моры гіганцкіх кітоў. Гэта такое ўражанне! Я думаю, Бог стварыў гэты свет, каб людзі дзівіліся ім і адкрывалі яго сапраўдныя багацці сваім дзецям.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з архіва сям’і Грышанковых і Шын