Top.Mail.Ru

Дома і дыхае самастойна: як адчувае сябе маленькі пацыент з парокам дыяфрагмы пасля аперацыі

Маленькі жыхар Брэсцкай вобласці, у якога да нараджэння выявілі цяжкі парок, перанёс унікальную аперацыю і з мамай ужо дома. Як бацькі і ўрачы не пакідалі надзеі на станоўчы зыход, яны расказалі ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БелТА.

У Таццяны і Аляксандра Жукавец гэта быў першынец, якога яны чакалі чатыры гады. Падчас цяжарнасці будучай маме паведамілі, што ў плода ёсць парок развіцця — адсутнічала палова дыяфрагмы. «Гэта вельмі цяжкі парок, пры якім у нас дагэтуль дзеткі не выжывалі. У свеце смяротнасць складае каля 95%. Акрамя гэтага, у яго яшчэ быў парок сэрца», — расказаў дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі.

Маладыя бацькі вырашылі захаваць малога і змагацца за яго. Таццяну накіравалі ў РНПЦ «Маці і дзіця». На 22-м тыдні медыкі правялі першую аперацыю ўнутрычэраўна. «Яна ўяўляе сабой эндаскапічнае ўмяшанне, калі яшчэ ва ўнутрыматачным развіцці дзіцяці пад кантролем найтанчэйшай оптыкі ў трахею ўстанаўліваюць сіліконавы балон, які раздзімаецца і перакрывае прасвет трахеі. Паколькі дзіця там яшчэ не дыхае, і змесціва, якое назапашваецца ў лёгкіх, дазваляе ім павялічыцца ў памерах і дае шанц на развіццё», — растлумачыў намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ дзіцячай хірургіі Аляксандр Нікуленкаў.

Шанц на выжыванне немаўляці ацэньваўся ў 5–6%. Адразу пасля нараджэння яго экстранна перавезлі ў цэнтр дзіцячай хірургіі. Тут яго падключылі да ЭКМА — апарата штучнага кровазвароту і штучнай вентыляцыі лёгкіх, і хірургі правялі ўнікальную аперацыю па пратэзаванні дыяфрагмы з уласных мышцаў. Затым, праз тыдзень, была выкананая другая аперацыя — на сэрцы. Хлопчык знаходзіўся на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Самастойны ўдых маленькі баец зрабіў толькі на 50-я суткі.

Шчаслівыя бацькі назвалі сына Сайман. Цяпер ён дома, дыхае і есць самастойна. «Калі мы былі ўжо дома, я адчула сябе паўнавартаснай мамай. Мы вельмі ўдзячныя ўрачам за тое, што мы — шчаслівыя бацькі маленькага хлопчыка. Мы рады, што яны дапамаглі і наша дзіця справілася», — адзначыла Таццяна.

Канстанцін Драздоўскі расказаў, што гэта не адзінкавы выпадак, калі айчынныя медыкі ратуюць дзяцей з рэдкімі і цяжкімі захворваннямі. Ён адзначыў, што за мяжой ёсць вузкаспецыялізаваныя цэнтры, якія займаюцца падобнымі парокамі, а ў нашай краіне ўрачы навучыліся лячыць іх у РНПЦ. Так, з дапамогай аперацый выпраўляюць хваробы тканак і касцей, прыроджаную касалапасць, амніятычныя перацяжкі і іншыя захворванні.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю