У пачатку 1960-х аб футболе — дакладней, аб сокеру — у ЗША ведалі толькі нешматлікія аматары гэтага віду спорту. Да прыезду ў амерыканскія клубы сусветных зорак, такіх як Пеле, Франц Бекенбаўэр, Джорджа Бэст і іншых, заставалася каля 15 гадоў, і паўнавартаснай прафесійнай футбольнай лігі ў Штатах тады зусім не існавала.
Але сёння, праз шэсць дзесяцігоддзяў, дзеючага кіраўніка дзяржавы Дональда Трампа ў прэсе называюць «першым футбольным прэзідэнтам». Вядома, у многім гэта звязана з тым, што ЗША прымаюць чэмпіянат свету разам з Канадай і Мексікай. Аднак у Трампа ёсць і ўласная футбольная гісторыя: падчас вучобы ў пачатку 1960-х ён правёў цэлы сезон у школьнай камандзе па сокеру.
У юнацтве цяперашні прэзідэнт ЗША быў шматгранным і вельмі актыўным спартсменам. У час вучобы ў Нью-Ёрскай ваеннай акадэміі, куды яго адправіў бацька па дысцыплінарных прычынах, Трамп займаўся баскетболам, барацьбой, а таксама амерыканскім і еўрапейскім футболам. Праўда, галоўным захапленнем маладога Дональда ўсё ж заставаўся бейсбол.
Футбольная каманда ваеннай акадэміі
«Я павінен быў стаць прафесійным бейсбалістам, — пісаў Трамп у кнізе Браяна Кілміда „Гульні маюць значэнне“, прысвечанай ролі спорту ў жыцці вядомых людзей. — У Нью-Ёрскай ваеннай акадэміі я быў капітанам бейсбольнай каманды. Я старанна працаваў, як і ўсе астатнія, але ў мяне быў талент».
У 1963 годзе школьны альманах прызнаў Дональда спартцменам года. Юнаку ўдзялілі дадатковую ўвагу, бо ў акадэміі ён лічыўся жаночым угоднікам. Сяржанту забеспячэння Трампу было прыемна бачыць сваё імя надрукаваным. Пазней ён успамінаў: «Гэта быў першы раз, калі я з’явіўся ў газетах».
Бейсболам Трамп займаўся тры гады, яшчэ па сезоне прысвяціў амерыканскаму і еўрапейскаму футболу. Сокерны перыяд выпаў на сезон-1963/64, калі зборная акадэміі выступала ў Школьнай лізе акругі Датчэс. Трампу тады было 17 гадоў.

Дональд Трамп і кіраўнік ФІФА Джані Інфанціна
Адзіны сезон у футболе (еўрапейскім) у будучага прэзідэнта ЗША выдаўся не такім удалым, хаця некаторыя яго партнёры сцвярджалі адваротнае. Так, Пітэр Цікцін, які гуляў з Трампам, расказваў The Guardian, што каманда атрымала 11 перамог і не пацярпела ніводнага паражэння. Аднак архіўныя дадзеныя, якія захаваліся ў бібліятэках Нью-Йорка, сведчаць, што ў тым сезоне каманда ваеннай акадэміі выйграла толькі тры з 11 матчаў.
У тыя гады Нью-Ёрскай ваенная акадэмія карысталася папулярнасцю сярод забяспечаных сем’яў (напрыклад, афіцэраў ці дыпламатаў) з краін Лацінскай Амерыкі. Таму Трамп у гэтай камандзе натуральна выглядаў белай варонай, дакладней светлагаловай — ён быў адным з некалькіх футбалістаў не з цёмным колерам валасоў.
У атацы гулялі калумбійцы, у паўабароне — мексіканцы, а ў абароне размяшчаліся аргенцінец і перуанец. Экс-партнёр Трампа па камандзе Альфрэд Харысан жартаваў: «Калі вы не навучыліся размаўляць па-іспанску, мяч вам не дастанецца».
Па словах Харысана, Трамп гуляў апорнага паўабаронцу, хоць некаторыя крыніцы называюць яго абаронцам. Ён таксама сцвярджаў, што Дональд быў капітанам каманды і перад кожным матчам паўтараў адну і тую ж фразу: «Перамога — гэта адзінае, што мае значэнне».
Высока ацэньваў спартыўныя здольнасці Трампа і кетчар бейсбольнай каманды акадэміі Тэд Левін: «Ці мог ён гуляць у футбол? Ці ўмеў ён гуляць у футбол? Ён мог рабіць усё, што хацеў. Ён быў фізічна і разумова адораны».
Пол Керцін, сын тагачаснага трэнера каманды, таксама ўспамінаў, што яго бацька лічыў Трампа добрым спартсменам, які дакладна выконваў сваю ролю на полі і хутка вучыўся новаму.
Ацэнкі Трампа-футбаліста застаюцца супярэчлівымі. Адны апісвалі яго як задзіраку і самаўпэўненага іграка, іншыя — як універсальнага спартсмена высокага ўзроўню.
Пасля заканчэння ваеннай акадэміі Трамп паступіў у Фардэмскі ўніверсітэт. Спорт па-ранейшаму заставаўся часткай яго жыцця, аднак ужо без сокера. Ён некаторы час выступаў за каманду па амерыканскім футболе, але пакінуў яе пасля траўмы, а таксама гуляў у тэніс.

Сам прэзідэнт ЗША рэдка ўспамінае сваё футбольнае мінулае і ніколі не гаварыў аб сабе як аб вялікім футбольным таленце, у адрозненне ад аповядаў аб бейсболе. Адзін з рэдкіх выпадкаў здарыўся ў 1991 годзе ў эфіры праграмы Saint and Greavsie на тэлеканале ITV. Бізнесмен удзельнічаў у жараб’ёўцы чвэрцьфіналу Кубка англійскай лігі і адказаў на некалькі пытанняў аб футболе.
«Гэта выдатная гульня, — адзначаў Трамп. — Я люблю футбол. Я з задавальненнем гуляў у яго ў старэйшай школе!
Вядома, што Трамп называў Пеле найвялікшым футбалістам у гісторыі, успамінаў, што наведваў матчы «Нью-Ёрк Космас» з удзелам бразільца, а пазней публічна аддаваў перавагу Ліянэлю Месі. Таксама ён публікаваў у сацыяльных сетках створаны штучным інтэлектам ролік, у якім гуляе ў футбол з Крыштыяну Раналду на лужку Белага дома.
Спробы Трампа ўвайсці ў футбольны бізнес поспехам не ўвянчаліся. У 2012 годзе яго звязвалі з магчымай пакупкай каманды «Рэйнджэрс», аднак здзелка не адбылася. Праз некалькі гадоў з’яўляліся паведамленні і аб цікавасці да калумбійскага «Атлетыка Насьёналь», але да набыцця клуба справа таксама не дайшла.
Верагодна, ЧС-2026 падорыць нам некалькі цікавых сюжэтаў, звязаных з футболам і прэзідэнтам ЗША.