Адным клікам
У верасні будзе ўжо два гады, як у інтэрнэт-прасторы пачаў існаваць мультымедыйны партал нашай краіны VІDEOBEL.BY. На ім сабраны грамадска-палітычны кантэнт вядучых беларускіх СМІ. І цяпер, са з’яўленнем у праекта мабільнага дадатку ў App Store, доступ да інфармацыі стаў яшчэ больш зручным і хуткім.
Праца над стварэннем мабільнага дадатку VІDEOBEL вялася амаль год. І сёння функцыянальны і зразумелы карыстальніку прадукт ужо даступны ўладальнікам тэхнікі Apple. Па сваім напаўненні дадатак паўтарае інтэрнэт-партал. Такі фармат скарачае шлях ад аўдыторыі да крыніцы інфармацыі, але ў гэтым узаемадзеянні застаецца нязменным галоўнае: доступ да цікавай тэмы, якую падаюць з розных ракурсаў.
Акрамя кантэнту, які ствараюць беларускія тэлеканалы, там «прапісаліся» і новыя фарматы. Усё гэта ў сукупнасці дазваляе аўдыторыі не проста адсочваць інфармацыйны парадак дня нашай краіны, але даведвацца таксама шмат цікавага пра Беларусь праз тэматычныя праекты, меркаванні экспертаў і іншае.
Зручнасці дадае і тое, што ўсе відэа маюць тайм-коды, якія дазваляюць спажыўцу кантэнту хутка зарыентавацца, дзе змяшчаецца патрэбная яму інфармацыя.
Ужо можна налічыць сотні праектаў і відэаролікаў, размешчаных сёння на адзінай платформе. Такі багаты выбар інфармацыйнага кантэнту дазваляе кожнаму паглядзець дэталёва і прааналізаваць, чым жывуць беларусы і якія вектары маюць прыярытэтнае значэнне для нашай краіны на самых розных узроўнях.
Вельмі зручна, што на партале карыстальнікі (незалежна ад геаграфічнага месцазнаходжання) маюць доступ да анлайн-вяшчання беларускіх тэлеканалаў, а функцыя адкладзенага прагляду дазваляе вярнуцца да цікавага кантэнту на працягу тыдня.
Тое, што цяпер да ўсяго гэтага мае доступ як беларускі, так і замежны глядач, — яшчэ адзін крок, які наглядна дэманструе інфармацыйную адкрытасць і дазваляе захоўваць пэўную адасобленасць і незалежнасць Беларусі ў інтэрнэт-прасторы. А менавіта там апошнія гады ідзе найбольш актыўная барацьба за думкі і розумы ў сусветных маштабах.
Як адзначыў у адным з нядаўніх інтэрв’ю генеральны дырэктар БелТА Андрэй МОХАР, з вясны перагледжана кантэнтная палітыка адносна прасоўвання VІDEOBEL.BY, і сёння заўважаюцца ўжо значныя прыросты ў наведванні партала. З развіццём рэсурсу ўзрастае таксама цікавасць да яго. Але ў планах стваральнікаў працаваць над тым, каб колькасць наведвальнікаў працягвала расці. Толькі з пачатку года на сайт VІDEOBEL. BY зайшло каля 1,8 мільёна чалавек, а сумарная колькасць праглядаў перавысіла 10 мільёнаў.
Па словах Андрэя Мохара, геаграфія аўдыторыі ахоплівае 161 краіну: у лідарах карыстальнікі з Беларусі і Расіі. У першую дзясятку ўваходзяць таксама ЗША, Польшча, Германія і Ізраіль. Далучайцеся, каб не прапусціць цікавыя падзеі, важныя абмеркаванні і заўсёды быць у курсе падзей.
Алена ДРАПКО