У адрас органаў пагранічнай службы Беларусі паступіла афіцыйнае паведамленне ад Службы аховы дзяржграніцы пры МУС Літвы аб тым, што ўрадам Літоўскай Рэспублікі 29 кастрычніка 2025 года прынята пастанова «Аб абмежаванні і прыпыненні перасячэння дзяржаўнай граніцы Літоўскай Рэспублікі». Аб гэтым паведамляе БелТА.
Паведамляецца, што дакументам уводзяцца абмежаванні на перамяшчэнне фізічных асоб і транспарту праз пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») да 01.00 па беларускім часе 1 снежня бягучага года.
У ведамстве ўдакладнілі, што гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на асоб, якія маюць дыпламатычныя або службовыя пашпарты, або перавозяць дыпламатычную пошту Літоўскай Рэспублікі; асоб, якія перамяшчаюцца па дакуменце спрошчанага транзіту, выдадзеным у адпаведнасці з Рэгламентам Савета (EC) № 693/2003 ад 14 красавіка 2003 года, які ўстанаўлівае спецыяльны дакумент спрошчанага транзіту (STD); грамадзян Літоўскай Рэспублікі і членаў іх сем’яў, якія вяртаюцца ў Літоўскую Рэспубліку (як вызначана ў пункце 26 артыкула 2 закона Літоўскай Рэспублікі «Аб прававым становішчы замежнікаў»).
Таксама абмежаванні не закрануць замежнікаў, якія маюць сапраўдны дазвол на пражыванне ў Літоўскай Рэспубліцы і вяртаюцца ў яе; замежнікаў, якія прыбываюць у Літоўскую Рэспубліку па гуманітарных візах, выдадзеных прадстаўніцтвамі Літоўскай Рэспублікі; грамадзян наступных дзяржаў: членаў Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскай эканамічнай зоны, Швейцарскай Канфедэрацыі, Княства Андора, Княства Манака, Рэспублікі Сан-Марына, Святога Прастола (Дзяржавы-горада Ватыкан), Украіны і членаў іх сем’яў (як вызначана ў п. 26 арт. 2 закона Літоўскай Рэспублікі «Аб прававым становішчы замежнікаў») і краін — удзельніц Паўночнаатлантычнага дагавора.
Акрамя таго, абазначылі ў ведамстве, абмежаванні не датычацца членаў персаналу дыппрадстаўніцтваў або консульскіх устаноў вышэйзгаданых краін у Рэспубліцы Беларусь, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, што накіроўваюцца па службовых справах.
Таксама перасячэнне граніцы ў пункце пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») дазволена ў іншых выключных выпадках, па якіх хадайнічае Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.
Афармленне фізічных асоб і транспарту ў літоўскім пункце пропуску «Шальчынінкай» («Беняконі») поўнасцю прыпынена.