Top.Mail.Ru

Драўляныя домакамплекты становяцца ўсё больш даступныя

Цёплае жыллё

У свой час Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што галоўнае багацце нашых лясоў — драўніна — выкарыстоўваецца ў эканоміцы не так эфектыўна, як хацелася б. Акрамя таго, кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача адрадзіць драўлянае домабудаванне. Мінлясгас падхапіў гэту ініцыятыву.

Беларусь — гэта сапраўды лясная краіна, заявіў міністр лясной гаспадаркі краіны Аляксандр Кулік на XXІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы-кірмашы «Лесдрэўтэх», якая ў сераду стартавала ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Акрамя сацыяльнага і экалагічнага кірункаў лясная галіна — гэта сур’ёзны эканамічны патэнцыял для развіцця прамысловасці ўсёй краіны.

Экалагічна і па прывабных цэнах

На выстаўцы шырока прадстаўлены перспектыўны кірунак — драўлянае домабудаванне. «Мы ўжо прадаём домакамплекты сотнямі і на гэтым не спыняемся, стараемся, для таго каб кожны беларус мог купіць экалагічна чыстае жыллё па прывабных цэнах, тым больш ёсць сур’ёзная падтрымка дзяржавы ў выглядзе крэдытавання на новых умовах па праграме «На родныя тавары», — падкрэсліў Аляксандр Кулік.

Міністр адзначыў, што драўляныя домакамплекты карыстаюцца вялікім попытам у беларусаў. Стаўленне насельніцтва змяняецца: спачатку людзі заказвалі дамы з сырога цыліндравага бруса, таму што яны былі значна таннейшыя, чым з сухога. «Цяпер дасведчаныя пакупнікі ўсё больш выбіраюць менавіта яго, паколькі хаты з сырога бруса патрабуюць часу для ўсаджвання і сушкі, а з сухога — можна засяляцца амаль адразу праз месяц», — расказаў Аляксандр Кулік. Паводле яго слоў, сёлета за студзень — верасень прададзена каля 200 камплектаў дамоў і лазняў, што значна больш, чым у 2023 годзе, калі прадалі ўсяго 10 за цэлы год. «Мы павялічваем магутнасці па выпуску такой прадукцыі. Людзі пачынаюць разумець, што драўляны дом — гэта экалагічна і камфортна для жыцця», — падкрэсліў міністр.

На выстаўцы наведвальнікаў сустракае экспазіцыя сучаснай лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай тэхнікі, якая ўражвае сваім магутным дызайнам і тэхнічнымі магчымасцямі. На вуліцы разгарнулася дэманстрацыя абсталявання, якое паказвае ўсе этапы апрацоўкі драўніны — ад спілу да канчатковага прадукту. Побач размяшчаецца ўтульны драўляны дом, па-майстэрску абстаўлены стыльнай і функцыянальнай мэбляй з натуральнага дрэва.

Аматараў натуральных прадуктаў прыцягваюць павільёны «Лясны домік», дзе прадстаўлены кірмаш. Тут можна пазнаёміцца з багаццем мясцовых смакаў і водараў — ад салодкага мёду да свежых лясных ягад і духмяных грыбоў, сабраных у экалагічна чыстых месцах.

Штуршок да развіцця

Аляксандр Кулік адзначыў, што на выстаўцы паказана, як за гэтыя гады развілася лясная гаспадарка і што было дасягнута: «Мы раскажам аб насенні, вырошчванні пасадачнага матэрыялу, лічбавых тэхналогіях, ахове, узнаўленні лясоў, лесаўпарадкаванні, будаўніцтве дамоў, якімі таксама нельга грэбаваць у лясной гаспадарцы. Мы пагаворым аб машынах і механізмах, якія ёсць сёння ў лясной гаспадарцы. Яны на 90 % беларускай вытворчасці».

У Беларусі ёсць поўны комплекс машын, падкрэсліў міністр. Тэхнічнае пераўзбраенне ў айчыннай лясной галіне пачалося з 2006 года. 

«Налета будзе своеасаблівы юбілей — 20 гадоў з таго часу, як у 2006-м Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў маштабную нараду ў Івацэвіцкім лясгасе і на „Івацэвічыдрэў“. Менавіта з гэтага моманту вядзецца адлік развіцця айчыннага машынабудавання, дрэваапрацоўкі, усёй лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці. 

Гэта нарада стала важным штуршком да развіцця галіны», — расказаў Аляксандр Кулік.

Кітайскія партнёры нядаўна ўпершыню прадставілі на беларускім рынку гусенічны харвестар, здольны працаваць у балоцістай мясцовасці. «Мы ўжо выпрабавалі яго ў Лагойскім лясгасе, — адзначыў міністр. — Першае ўражанне пра тэхніку вельмі добрае». Кіраўнік галіны падкрэсліў, што ўжо дадзены прапановы па яе дапрацоўцы, і ў найбліжэйшы час машына будзе ўнесена ў праграму закупак лесанарыхтоўчай тэхнікі.

У рамках выстаўкі таксама будуць прэзентаваныя экалагічныя сцежкі для дзяцей з дашкольных і школьных лясніцтваў. Гэта спецыяльныя групы, якія ствараюцца для адукацыі дзяцей, каб яны з юнага ўзросту бачылі, што гэта за праца і колькі ў яе ўкладваецца сіл і сродкаў, заўважыў Аляксандр Кулік.

Запланаваны некалькі тэматычных семінараў, прысвечаных працы тэхнікі і актуальным пытанням, у тым ліку звязаных з пелетамі. Асобнае мерапрыемства будзе прысвечана драўлянаму домабудаванню.

На стэндзе «Белдзяржпалявання» прадстаўлены трафеі жывёл і праекцыйны 3D-цір, дзе кожны зможа адчуць сябе паляўнічым. Можна таксама наведаць стэнды з узорамі асноўных лесаўтваральных парод для лесааднаўлення.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Чытайце таксама: Выстава, дзе можна купіць канструктар «жывога» дома

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю