Смачна, весела і цікава
«Воранаўскі дранік» — зусім малады фестываль. Упершыню ён сабраў гасцей у 2024 годзе, і адразу стала зразумела: свята стане традыцыйным. У аснову фестывалю пакладзены старажытны рэцэпт дранікаў, які перадаецца з пакалення ў пакаленне ўжо больш за 100 гадоў у вёсцы Нача.

На фестывалі ўсе былі сытыя і задаволеныя! Для гасцей падрыхтавалі мора забаў, а дранікаў сапраўды хапіла ўсім — Воранаўскі раён вядомы высокімі ўраджаямі бульбы. Нягледзячы на нядаўні ўраган, які пакінуў свае сляды, бульбы сапраўды было дастаткова. Думаю, асаблівым упрыгожаннем гэтага свята быў водар. Пахла так, што словамі не апісаць!
Дарэчы, у мінулую суботу ў Воранаўскім раёне прайшлі яшчэ два святы: юбілей аграгарадка Воранава, які адзначыў сваё 490-годдзе, і абласны фестываль гумару «Карнавал весялосці».


Галоўнай іскрынкай свята стала ўнікальная карта Беларусі, якую мясцовыя майстры кулінарыі выклалі роўна з 490 залацістых дранікаў — па адным за кожны год гісторыі Воранава. Наведвальнікі з энтузіязмам фатаграфаваліся на фоне гэтай арыгінальнай «бульбяной» выявы краіны. А пасля дранікі раздалі ўсім ахвотным.
Госці свята змаглі першымі наведаць культурна-адукацыйны цэнтр «Беларускі дранік», які адкрыўся, і прадэгуставаць тыя самыя знакамітыя «нацкія дзеруны» — аўтэнтычную страву з белымі грыбамі, запечаную ў збанках, што прызнана гісторыка-культурнай спадчынай краіны. У некалькіх залах можна паглыбіцца ў гісторыю бульбы на беларускай зямлі, даведацца пра сарты, якія культывуюцца ў мясцовых гаспадарках, і атрымаць асалоду ад разнастайнасці рэцэптаў страў з цёртай бульбы. Наведвальнікі таксама змогуць пазнаёміцца з жыхарамі Воранаўшчыны, якія перадаюць унікальныя метады прыгатавання бульбы з пакалення ў пакаленне.
Акрамя гастранамічных рэкордаў, воранаўцы і турысты спаборнічалі ў хуткасным націранні бульбы, выбіралі наймацнейшага земляка і хорам падпявалі новаму гімну свята. Яскравую кропку ў маштабных народных гуляннях паставілі запальны выступ гурта «НА-НА» і маляўнічы святочны феерверк.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА
У тэму
Падарожжа ў мінулае
А тым часам Зэльва сабрала ўсіх на «Ганненскі кірмаш». Раённы цэнтр акунуўся ў атмасферу раскошнага XVІІІ стагоддзя, калі аб мясцовым кірмашы ведала ўся Еўропа.
Уражальнай падзеяй стала грандыёзнае тэатралізаванае шэсце. Вуліцы гарадскога пасёлка напоўніліся жыццём і заззялі мноствам яркіх адценняў. У святочнай калоне прынялі ўдзел высакародныя шляхцічы, вясёлыя купцы, цыганскія ансамблі і майстры рамёстваў. Удзельнікі, апранутыя ў касцюмы, аднавілі атмасферу душэўнага і шумнага кірмашу.
Коннае шоу «Гіпіка!» стала цэнтральным сімвалам «Ганненскага кірмашу». У паркавай зоне ўразілі экстрэмальная каскадзёрская джыгітоўка, найскладанейшая акрабатычная вальтыжыроўка і грацыёзныя выступленні майстроў вышэйшай школы верхавой язды з коннага клуба «Троя» і запрошаных артыстаў. Пасля праграмы госці маглі паўзаемадзейнічаць з высакароднымі жывёламі, наладзіць фотасесію і пракаціцца.
Тонкім узорам раскрыта спадчына
Рэспубліканскі фестываль «Выцінанка-выбіванка. Ажурны код Наваградка», які прайшоў 21–23 жніўня, сабраў каля 20 тысяч гасцей. Свята разгарнулася на некалькіх знакавых пляцоўках горада: у межах Навагрудскага замка, на плошчы Леніна і каля сцен старажытнага касцёла.
Падзея прысвечана старажытнай тэхніцы выбівання ўзораў з паперы, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Майстры дзяліліся сакрэтамі рамяства, а госці маглі паспрабаваць свае сілы. Таксама адбыліся рыцарскія турніры і канцэрт-баль. У суботу прайшоў гастранамічны фестываль з конкурсам пекараў «Каравай-2026». Увечары адбыўся канцэрт «Навагрудская містэрыя» з удзелам зорак эстрады і гурта «Агата Крысці», а неба ўпрыгожыў салют.
У нядзелю для дзяцей і бацькоў наладзілі сямейнае свята. Галоўная плошча ператварылася ў інтэрактыўную прастору ўрачыстасці «Ажурны кот у Навагрудку». Дзяцей і іх бацькоў забаўлялі клоўны, акрабаты і аніматары, а неба над горадам запоўнілі тысячы гіганцкіх мыльных бурбалак.