У Брэсце 30 студзеня на абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» прэзентавалі 60 лепшых стартапаў рэгіёна, паведамляе БелТА.
Пераможцы занальных адбораў прадставілі ініцыятывы на пляцоўцы Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка. Свае работы маладыя людзі абараняюць у дзесяці намінацыях, якія датычацца розных сфер: энергетыкі, аграпрамысловага комплексу, прамысловасці і будаўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, інфармацыйных тэхналогій, экалогіі, нацыянальнай бяспекі і іншых.
«Мы з членамі экспертнага савета прайшліся па выставе, ацанілі сутнасць ідэй. Нам будзе складана, бо кожны ўдзельнік у сваёй галіне, намінацыі ўжо найлепшы. Вызначым сёння праекты, якія прадставяць наш рэгіён на рэспубліканскім этапе», — сказала першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Лізавета Чамазовіч.
Напрыклад, навучэнцы Высокаўскай сярэдняй школы Мікалай Сафраненка і Анастасія Арцем’ева прэзентавалі праект дронаў-паштальёнаў. «Яны ўжо існуюць у свеце, але ў нас у Беларусі такое пакуль не практыкуецца. Але ўмовы для гэтага спрыяльныя. Мы лічым, што такая дастаўка можа вельмі добра працаваць у Беларусі. Для дронаў дарога не важная, яны могуць даставіць груз у любое месца. Нават умовы надвор’я не заўсёды ім перашкода», — перакананыя дзесяцікласнікі. Яны вылучылі тры віды дронаў для розных грузавых катэгорый. «Кошт дастаўкі будзе напрамую залежаць ад вагі пасылкі. Таму і патрэбны розныя катэгорыі дронаў. Для лёгкай пасылкі не варта выкарыстоўваць робат, які будзе спажываць вельмі шмат энергіі з-за сваіх памераў. Гэта эканомія на кіроўцах, кур’ерах. Самае галоўнае — разгружанасць дарожнай інфраструктуры», — растлумачылі Мікалай і Анастасія.

Яшчэ адзін вучань Высокаўскай школы — Усевалад Ляшкевіч — прывёз у Брэст праект разумнага сметніка. «Ён сартуе смецце з дапамогай нейроннай сеткі, якая настроена на распазнанне гукаў падзення. Усяго чатыры віды: пластыкавая бутэлька, металічная бляшанка, папера і іншае смецце. Мой праект — універсальны. Ён можа выкарыстоўвацца для разумнага дома, у гандлёвых цэнтрах, у офісах. Правільнае сартаванне смецця прыносіць экалагічную і эканамічную карысць», — падкрэсліў юнак.

Адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 31 Брэста Арцём Мулінаў і Багдан Ваўранчук на працягу некалькіх месяцаў працавалі над праектам плывучых сонечна-гідраэнергетычных комплексаў. Хлопцы лічаць, што Беларусь мае вялікі патэнцыял для развіцця альтэрнатыўных крыніц энергіі. «У нас шмат вадаёмаў, можам рацыянальна іх выкарыстоўваць, усталёўваць там нашы комплексы, сонечныя пласціны, якія будуць выпрацоўваць энергію. Усё экалагічна чыста, няма ніякіх выкідаў у атмасферу», — заўважылі распрацоўшчыкі. Стартап накіраваны на імпартазамяшчэнне.
Вучаніцы сярэдняй школы № 2 Жабінкі Вікторыі Кіслай ідэю для праекта падказала хобі. Дзяўчына прэзентавала тактыльныя паштоўкі для посткросінгу. «Мы можам перадаваць інфармацыю візуальна і тэкстам. Вырашыла, што было б здорава стварыць паштоўкі з тактыльным спосабам. Да яе можна не толькі дакрануцца, але і адчуць пах. Я выкарыстоўвала цукар з карыцай і перцам Жабінкаўскага цукровага завода і здробнены корм для жывёл Жабінкаўскага камбікормавага завода. Усё прылеплена на харчовы клей, выдатна трымаецца. Такія паштоўкі можна выкарыстоўваць для папулярызацыі прадукцыі сваіх гарадоў і раёнаў», — лічыць дзевяцікласніца.
На пасяджэнні члены экспертнага савета вызначаць праекты, якія прадставяць Брэсцкую вобласць у рэспубліканскім фінале.