У горадзе працуюць больш за 20 лакацый.
Што тоіць у сабе выданне, вагой у сем кілаграм?
Падчас «Марафона адзінства» гродзенцы пазнаёміліся з унікальнай выстаўкай «Кнігі ў дар Прэзідэнту». Экспазіцыя складзена з фондаў Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэк, а таксама Палаца Незалежнасці і налічвае звыш 50 экзэмпляраў. У Гродне можна было ўбачыць больш 20 кніг, якія ў розныя гады падараваны беларускаму Прэзідэнту кіраўнікамі дзяржаў, палітычнымі, грамадскімі, культурнымі дзеячамі розных краін свету.
Супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Уладзімір Сабалеўскі ў ходзе экскурсіі падрабязна расказвае аб кожным выданні. Пачынаецца экспазіцыя з падарункаў кіраўнікоў краін. Напрыклад, былы казахстанскі лідар падараваў кнігу пісьменніка і філосафа Абая Кунанбаева «Словы навучання». Агульны пасыл — сэнс жыцця і галоўныя якасці чалавека. Яшчэ адзін падарунак — пераклад на узбекскую мову аднаго з класікаў беларускай літературы Якуба Коласа. Падарунак зроблены прэзідэнтам Узбекістана. Футляр кнігі аформлены ў арнаменце беларускага ручніка.
Адна з рызынак выстаўкі — падарунак прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі. Футляр з метала, пакрыты сусальным золатам з імітацыяй каштоўных камянёў. Кніга — гэта святое пісанне ўсіх мусульман — каран. Ён падараваны ў гонар саборнай мячэці ў Мінску ў 2016 годзе. Таксама падаравана ад турэцкага лідара кніга «Бачанне глабальнага свету», дзе падымаюцца пытанні рашэння ваенных канфліктаў з уласнага пункту гледжання.
А вось каталог фотаздымкаў паркаў і садоў Таджыкістана ўнікальны сваім футлярам і ў некалькі разоў пераўзыходзіць кошт самой кнігі. Гэта вельмі тонкая работа майстра па дрэву.
Нямала падарункаў зроблена вядомымі палітыкамі. Адзін з іх пакінуў надпіс на кнізе сыну беларускага Прэзідэнта Мікалаю. Ёсць падарункі дзяржсакратароў саюзнай дзяржавы. У іх ліку выданне на ваенную тэму «Тэрміну даўнасці не мае» прысвечана генацыду беларускага народа ў гады вайны. Таксама можна ўбачыць падарункі дзеячаў культуры — Мікіты Міхалкова, Нікаса Сафонава, Рыгора Лепса. У кнізе апошняга расказваецца аб іконах з калекцыі спевака.
Уладзімір Сабалеўскі звяртае ўвагу на ўнікальныя выданні. У іх ліку —самая старажытная кніга выязной выстаўкі пад назвай «Беларускі архіў» аўтара Івана Грыгаровіча. Выданню роўна 200 гадоў, тут сабраны 57 старажытных грамат ХVI — XVIII стагоддзяў, якія датычаць жыцця некаторых частак сучаснай Беларусі. Падараваў яе расійскі тэлевядучы Уладзімір Салаўёў.
Ёсць у экспазіцыі і самы масіўны экзэмпляр, вагой звыш 7 кілаграм. Для таго, каб дастаць яго з футляра, нават прадугледжана спецыяльная стужка. Такая вага дасягаецца за кошт скуранога пераплёта і шчыльнасці паперы. Кніга падаравана расійскім палітыкам і прысвечана сусветнаму хакею з мноствам фотаздымкаў, тыраж складае 500 экзэмпляраў.
—Калекцыя вельмі разнапланавая, — рэзюміраваў субяседнік. — Гэта выданні, якія прывезлі з Кітая, Арабскіх Эміратаў, Азербайджана, Турцыі, Казхстана і многіх іншых краін. Усе падарункі ад вядомых людзей — першых асобаў дзяржаў, вядомых палітыкаў, дзеячоў культуры, якія наведвалі нашу краіну і такім чынам выказалі павагу Кіраўніку Беларусі.
Пасля Гродна экспазіцыя будзе прадстаўлена ў Мінску ў Міжнародным выставачным цэнтры. Сталіца завершыць маштабную рэспубліканскую акцыю «Марафон адзінства».
Шырокі інтарэс падчас «Марафона адзінства» у Гродне выклікала экспазіцыя «Наш доўг — памятаць!»
Выстаўка прадстаўлена Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і расказвае аб гераічных старонках вызвалення Беларусі. Найбольшую цікавасць да экспазіцыі выказалі юныя наведвальнікі, многія з якіх знаёмы з важнымі этапамі ваенных дзеянняў.
Аб гэтым паведаміла старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны Ганна Кавалёва:
— Інтарэс вялікі. У кожным з 15 гарадоў грамадска- культурнай акцыі «Марафон адзінства» мы прымалі людзей самага рознага ўзросту — ад школьнікаў да старэйшага пакалення. Адзначу, што экспазіцыя цікавіць менавіта дзяцей, якія прыходзяць з веданнем гэтага перыяду гісторыі, зброі, ваенных дзеянняў.
У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, а таксама інфармацыя аб героях. Можна ўбачыць прадметы побыту, якія выкарыстоўваліся ў ваенны час. Усе яны арыгінальныя. Для больш поўнага занаёмства з выстаўкай можна скарыстацца інфатэрміналамі.
Субяседніца звярнула ўвагу на інфармацыю аб гарадах, якія былі ўзнагароджаны вымпеламі за мужнасць і стойкасць у гады вайны. Гродна — адзін з такіх гарадоў. А ўсяго 36 населеных пунктаў Беларусі маюць такі ганаровы тытул, з іх 9 атрымалі вымпел у 2024 годзе.
На другім тэрмінале прадстаўлена кінахроніка з героямі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у баях за вызваленне Беларусі.
.
Мабільная экспазіцыя — праект доўгатэрміновы. Ён пачаўся роўна 10 гадоў таму. За год музейны філіял на колах аб’язжае прыкладна 27-30 гарадоў. Найбольш актыўны перыяд прыпадае на вяснова-асенні сезон. Але, як зазначыла Ганна Кавалёва, гэта не строгі расклад, аб чым сведчыць удзел у «Марафоне адзінства» з экспазіцыяй і ў зімовы час. Між тым, у павільёне даволі цёпла, таму наведвальнікі адчуваюць сябе камфортна і могуць спакойна разгледзець усе прадстаўленыя экспанаты.
Сярод іх ёсць унікальныя прадметы. Напрыклад, савецкая і нямецкая зброя, асабістыя рэчы герояў. У іх ліку — сапраўдная вокладка білета Героя Савецкага Саюза Васілія Каржа — стваральніка першага партызанскага атрада ў Беларусі. Дэманструецца копія фрагмента сцяны Брэсцкай крэпасці. Ёсць карта руху савецкай арміі падчас аперацыі «Багратыён», манекены ў выглядзе салдат і партызан, якія апрануты ў сапраўднае ваеннае адзенне тых часоў.
Мяркуецца, што сёлета, у год 80-ці годдзя Перамогі, інтарэс да экспазіцыі будзе расці, а падарожжа па Беларусі стане яшчэ больш актыўным. Асаблівая ўвага будзе надавацца гарадам і пасёлкам, якія ўзнагароджаны менавіта вымпеламі за мужнасць і стойкасць. Таксама ёсць намер накіравацца з выстаўкай у гарады Расійскай Федэрацыі. Так, летась даная экспазіцыя была прадстаўлена ў Маскве, ёсць верагоднасць пабываць там і сёлета.
У рамках «Марафона адзінства» у Гродне ўрачыста адкрылі мурал «Будучыня Беларусі ў тваіх руках»
Гэта 15-ы мурал у рамках грамадска-культурнай акцыі, якая вось ужо некалькі месяцаў вандруе па краіне і завяршае свой рэгіянальны тур у горадзе над Нёманам.
Другі дзень «Марафона адзінства» у Гродне пачаўся з традыцыйнага мерапрыемства — адкрыцця сімвалічнага мурала «Будычыня Беларусі ў тваіх руках». Слоган накіраваны на падрастаючае пакаленне, якое обавязана зберагчы каштоўнасці, якія назапашаны ў краіне. Падлічана, што агульная плошча падобных арт-аб’ектаў у 15-ці гарадах краіны дасягае 4 тысяч 750 квадратных метраў.
Арт-аб’ект — другі такога кшталту ў Гродзенскай вобласці. На мінулым тыдні падобны мурал быў адкрыты ў рамках марафона ў Лідзе.
Праект рэалізаваны агульнымі намаганнямі рэспубліканскага, абласнога і гарадскога штабоў студэнцкіх атрадаў грамадскага аб’яднання БРСМ. Як паведаміў першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэй Есін, гродзенскія студэнты летась працавалі на многіх будаўнічых аб’ектах рэгіёна, у тым ліку, на маладзёжных будоўлях. Частку заробленых сродкаў яны пералічылі на стварэнне мурала. Адзінай справай і быў створаны такі арт-аб’ект — свайго роду пасыл маладому пакаленню аб тым, што будучыня Беларусі ў іх руках.
Месца выбрана невыпадкова. Мурал знаходзіцца на будынку прывакзальнай плопшчы. Побач — чыгуначны вакзал, непадалёку аўтастанцыя. Такім чынам, усе хто прыбывае ў горад гэтымі відамі транспарта, могуць убачыць ўнікальны і сімвалічны арт-аб’ект. Таксама вуліца імя Будзённага, дзе размешчаны мурал, з’яўляецца транзітнай для гараджан, якія пераязджаюць з адной часткі горада у другую. Тут рух транспартных патокаў — адзін з самых ажыўленых у горадзе.
Месца прыкметнае яшчэ і тым, што непадалёку летась адкрыты прыпынак грамадскага транспарту, які аформлены па тэме студэнцкіх атрадаў. Не выключаецца магчымасць, што тут будзе працягнута стварэнне квартала беларускіх студэнцкіх атрадаў. Так, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй Анісімаў выказаў падзяку ўсім, хто мае дачыненне да гэтай справы і прапанаваў разгледзець магчымасць пасадкі студэнцкай алеі на данай вуліцы.
У рамках «Марафона адзінства» у Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я.Карскага адбыўся праект «Веды без межаў»
У выніку яго фонды бібліятэчнай сістэмы рэгіёна папоўнілі 300 экзэмпляраў сацыяльна значнай літаратуры. Таксама бібліятэкі атрымалі сертыфікаты на доступ да рэспубліканскіх электронных рэсурсаў. Прыемную місію ажыццявіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.
Адзначалася, што кнігі падбіраліся з такім намерам, каб раставіць ідэалагічны акцэнт. Нямала ўнікальных выданняў, напрыклад кніга, прысвечаная 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі. Так, кнігі «Беларусь адзіная» і «Беларусь пераможная» Уладзіміра Ліхадзеева выйшлі пры падтрымцы дэпутатаў парламента новага склікання. Адно з выданняў расказвае аб палітычным пераўтварэнні краіны, якое было закладзена на шостым Усебеларускім народным сходзе. Прадстаўлены таксама экзэмпляры новых выданняў беларускага пісьменніка Мікалая Чаргінца — аўтара першых беларускіх дэтэктываў. У спісе таксама — кнігі пра вядомых людзей, адлюстравана і тэма генацыда беларускага норода. «Сімвалы беларускай вечнасці» Ігара Марзалюка раскажа ўсю праўду аб тым, адкуль узялася наша сімволіка і што яна значыць.
— Даным сімвалічным актам мы гаворым аб тых прыарытэтах, якія ёсць у нашай ідэалагічнай і культурнай рабоце, і будзем надалей супрацоўнічаць з бібліятэкамі краіны. Мы гатовы перадаваць раёнам унікальныя выданні. Напрыклад, на Міншчыне ўжо адпрацавалі праект па выдачы рэдкіх выданняў, якія маюць адносіны да канкрэтнага раёна і гатовы вакол такіх унікальных выданняў стварыць дапаўняльную экспазіцыю, што таксама будзе прыцягваць увагу. Вось гэта адзінства не на словах, а на справе, — зазначыў падчас прэзентацыі праекта Вадзім Гігін.
Нядаўна Нацыянальная бібліятэка прыступіла да рэалізацыі новага праекта — «Нацыянальная электронная бібліятэка», у ходзе якога падключаюцца ўсе бібліятэкі Беларусі да электронны рэсурсаў галоўнай кніжніцы краіны. Гродзенцы таксама атрымалі такую магчымасць.
— Таму зараз мы не толькі перадаём кнігі, але дзелімся электроннымі рэсурсамі. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры, мы стартавалі з новым праектам нацыянальнай электроннай бібліятэкі, ужо многія рэсурсы адлічбаваны і падключэнне да іх дазволіць пашырыць магчымасці і функцыі бібліятэк, — падкрэсліў Вадзім Гігін.
Дырэктар Гродзенскай абласной бібліятэкі Марына Ігнатовіч расцэньвае даную падзею як знакавую. Па-першае, фонды вобласці папоўнілі 300 экзэмпляраў важнай у грамадскім сэнсе літаратуры. Па-другое, бібліятэкі атрымліваюць доступ да электронна-інфармацыйных рэсурсаў, якія стварае галоўная кніжніца краіны — Нацыянальная бібліятэка. «На сённяшні дзень вельмі важна, калі друкаваная і электронная кніга існуе разам. І хаця многія аддаюць перавагу друкаванай верісіі, але трэба ісці ў нагу з часам. Таму, дзякуючы Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, зроблены значны крок для задавальнення патрэб насельніцтва», — лічыць Марына Ігнатовіч.
Важна адзначыць, што на сённяшні дзень у абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага захоўваецца больш 500 тысяч кніг.
— Мы бачым, што кніга запатрабавана, як і сама бібліятэчная ўстанова, у нас усё больш маладых людзей, дзяцей наведваюць бібліятэкі. Проста трэба разумець, што мяняецца час і нам, тым, хто працуе у данай сферы, не варта старацца быць моднымі, а трэба весці за сабой чытача. Укараняць новыя формы, новыя метады работы, выкарыстоўваць гэта электронныя рэсурсы. Тое, што мы робім падчас свята беларускай пісьменнасці, у ходзе нашых фестываляў, у тым ліку, на «Марафоне адзінства». Мы бачым, што людзі чакаюць праўдзівага слова і яго трэба ўмець данесці, — упэўнены кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі.
Фота аўтара