Другі энергаблок БелАЭС выпрацаваў 20 млрд кВт.гадз, паведамілі БелТА на станцыі.
«Аб’ём выпрацоўкі электраэнергіі другім энергаблокам БелАЭС з моманту яго ўключэння ў аб’яднаную энергасістэму краіны 13 мая 2023 года склаў 20 млрд кВт.гадз. Сумарна Беларуская АЭС выпрацавала звыш 57 млрд кВт.гадз», — адзначылі на станцыі.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце «АЭС-2006», які адносіцца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення павышанай бяспекі. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць — унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.