Развіццю льняной галіны кіраўнік дзяржавы ўдзяляе асаблівую ўвагу. Пад яго пастаянным кантролем знаходзіцца і Аршанскі льнокамбінат, які з’яўляецца флагманам рэгіёна і лёгкай прамысловасці краіны. Два гады запар прадпрыемства пацвярджае статус аднаго з лідараў тэкстыльнай індустрыі, нязменна падтрымліваючы трэнд на якасць. Сёлета яму быў уручаны Дзяржаўны знак якасці за паўільняны змякчаны плед «Альба» па выніках работы ў 2025 годзе. А год таму камбінат атрымаў высокую ўзнагароду за камплект ільняной пасцельнай бялізны «Васількі».
Сакрэты якасці
«Хто пасее лён, той пажне золата», — сцвярджае прыказка. І нездарма. Сёння вырабы Аршанскага льнокамбіната пад брэндам Pole Kvetak прадаюцца ў 43 краінах свету на пяці кантынентах, больш за 80 % аб’ёму вырабленых тканін ідзе на экспарт. Гэта не дзіўна, бо беларускі лён славіцца яшчэ з савецкіх часоў, і па сёння на прадпрыемстве прытрымліваюцца стандартаў высокай якасці, а для гасцей нашай краіны адным з абавязковых атрыбутаў з’яўляецца наведванне магазінаў з вырабамі з гэтага экалагічна чыстага матэрыялу.
Чаму ж менавіта плед «Альба» ўдастоіўся Дзяржаўнага знака якасці?
— Аналіз продажаў паказаў, што гэта самы запатрабаваны тавар у нашай фірменнай гандлёвай сетцы. За год такіх вырабаў рэалізавана на суму ў эквіваленце больш за 8 мільёнаў долараў, — аргументуе намеснік генеральнага дырэктара Сяргей СІДЗІН
Трэба адзначыць, што льняны змякчаны плед «Альба» адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад’яўляюцца да якасці такой прадукцыі, у тым ліку паказчыкам бяспекі ТР МС 017/2011, а таксама валодае высокімі фізіка-механічнымі, фізіка-хімічнымі, спажывецкімі ўласцівасцямі.
Вядома, сакрэт высокага попыту спажыўцоў найперш крыецца ва ўласцівасцях самога льну і яго прыродных характарыстыках. Адзін з самых экалагічна чыстых і гіпаалергенных матэрыялаў не змяшчае хімічных дабавак або сінтэтычных валокнаў, а больш мяккай і прыемнай навобмацак тканіна становіцца дзякуючы дабаўленню бавоўны. Як вядома, лён валодае вільгацеадводнай здольнасцю і рэгулюе цеплаабмен: астуджае ў спякоту і захоўвае цяпло, калі халаднавата. І, нарэшце, лён — адзіны матэрыял, на паверхні якога ў працэсе эксплуатацыі не ўтвараюцца зарады статычнай электрычнасці ў адрозненне ад флісавых і паўшарсцяных пледаў, якія маюць уласцівасць назапашваць статычную электрычнасць.
Аднак сённяшняму вельмі патрабавальнаму спажыўцу нават і гэтага недастаткова, яго трэба здзіўляць і ўражваць чымсьці новым. Адметнай асаблівасцю аршанскага пледа з’яўляецца тое, што ён выраблены з выкарыстаннем інавацыйнай катанізаванай пражы, выпрацаванай з высакаякаснага катанізаванага адваранага валакна, набліжанага па сваіх уласцівасцях да баваўнянага, пры гэтым з захаваннем усіх станоўчых характарыстык лёну. Трэба сказаць, што ў параўнанні са звычайнай пражай з доўгага льновалакна, катанізаваная не мае патаўшчэнняў, шышачак, вузельчыкаў і значна мякчэйшая.
— Ужыванне ўсадачных відаў пражы пры ткацтве дазволіла пасля мыцця атрымліваць на тканінах зусім новыя, інавацыйныя фактуры, якія раней не ўжываліся у льняных і льнозмяшчальных тканінах, — расказвае Сяргей Сідзін.
Ад валакна да гатовага вырабу
Штогод Аршанскі льнокамбінат вырабляе больш за 18,5 мільёна пагонных метраў ільняных тканін і больш за 4,5 мільёна штук гатовых вырабаў адзення, дамашняга тэкстылю, пасцельнай і сталовай бялізны. Аднак шлях ад сыравіны да гатовага вырабу не хуткі. Сфарміраваная на льночасальнай машыне стужка накіроўваецца на змешванне па якасных характарыстыках. Далей пачынае працаваць роўнічная машына, затым — адбелка роўніцы да аднастайнага каляровага ўзроўню. Потым надыходзіць час прадзільнай машыны: у ёй адбываецца выраб нітак пражы неабходнага нумара для тканін патрэбнага артыкула. Пасля сушкі пража паступае ў ткацка-падрыхтоўчую вытворчасць. Падоўжныя ніткі сплятаюцца з папярочнымі ў адзінае палатно.
Каб вырабіць тканіну памерам метр на метр, неабходна каля 4 тысяч нітак. Палатно нараджаецца з хуткасцю некалькі метраў за гадзіну. Затым тканіна перамяшчаецца ў аддзелачную вытворчасць. Яе ўсаджваюць, адбельваюць, фарбуюць, змякчаюць. Увесь тэхналагічны працэс ад паступлення сыравіны да гатовага вырабу займае да 45 дзён. Але толькі так можна дасягнуць той самай унікальнай якасці, якую шануюць па ўсім свеце.
Стаўка на інавацыі
Канкурыраваць на сучасных рынках без пастаяннага тэхнічнага перааснашчэння і ўкаранення перадавых тэхналогій немагчыма. Толькі за апошнія 15 гадоў у мадэрнізацыю вытворчасці Аршанскі льнокамбінат уклаў каля 300 мільёнаў долараў уласных інвестыцый.
Сёння перад прадпрыемствам стаіць задача павялічыць аб’ём фінішнай перапрацоўкі кароткага льновалакна. Ужо ўведзены дадатковыя лініі па катанізацыі льновалакна. Гэта тэхналогія дазваляе атрымліваць тэкстыльныя пражы з кароткага льновалакна, якое раней выкарыстоўвалася толькі для тэхнічных патрэб. Цяпер тут функцыянуе пяць відаў абсталявання, якое дазваляе атрымліваць высакакласную прадукцыю шырокага спажывання.
Спыняцца на дасягнутым камбінат не збіраецца. На фабрыцы № 1 ідуць будаўніча-мантажныя работы, ужо пастаўлена ўнікальнае абсталяванне. Ідзе чацвёрты, завяршальны, этап маштабнай мадэрнізацыі прадпрыемства.
Ужо ў чэрвені тут стартуе кольцапрадзільная вытворчасць, аналагаў якой няма на постсавецкай прасторы. У новую пляцоўку ўкладзена больш за 20 мільёнаў долараў інвестыцый, плануецца стварыць амаль 150 новых працоўных месцаў.
Кольцапрадзільная фабрыка дазволіць выпускаць высоканумарныя змесавыя пражы, якія пакуль закупляюцца за мяжой. На новай вытворчасці будзе вырабляцца аснова для тонкіх ільняных тканін з дабаўленнем бавоўны і віскозы, якія выдатна падыходзяць для пашыву блуз, кашуль, сукенак, касцюмаў. Прадпрыемству гэта дазволіць кантраляваць працэс на ўсіх этапах стварэння гатовай прадукцыі і не залежаць ад якасці імпартнай пражы і кан’юнктуры рынку.
Алена КРАВЕЦ
Фота дадзена Аршанскім ільнокамбінатам