Іх тэма — «Партызанскі рух і падпольная барацьба ў Беларусі: гераізм і стойкасць народа ў імя Перамогі». Даклады, заслуханыя падчас чытанняў, расказваюць аб асаблівасцях падпольнай работы на Міншчыне, сведчаць аб подзвігу народных мсціўцаў на тэрыторыі Гомельскай вобласці, знаёмяць з гераічнымі ўчынкамі юных падпольшчыкаў, якія заплацілі за Перамогу самым каштоўным — уласным жыццём. Сімвалічна, што пра гэта даведаліся і навучэнцы Ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія разам з парламентарыямі прысутнічалі на чытаннях. Найперш усе ўдзельнікі парламенцкіх чытанняў азнаёміліся з унікальнай музейнай экспазіцыяй.
Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, тэма другіх парламенцкіх чытанняў выбрана невыпадкова. Eн акцэнтаваў увагу на тым, што партызанскі рух і падпольная барацьба ў Беларусі — гэта дзве неразрыўныя часткі магутнага руху супраціўлення на тэрыторыі нашай краіны.
«Вы ведаеце з гісторыі, што шмат кажуць аб руху супраціўлення ў Заходняй Еўропе (у Францыі, Югаславіі), але па тым размаху і каардынацыі гэтай дзейнасці аналагаў у сусветнай гісторыі партызанскі рух і падпольная работа ў Беларусі не маюць, — падкрэсліў спікер. — Літаральна з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны былі створаны першыя партызанскія атрады. Кожнаму школьніку вядомы прозвішчы Бумажкова, Паўлоўскага, пасёлак Акцябрскі на Гомельшчыне, дзе быў створаны першы партызанскі атрад. Такі ж атрад быў створаны на пяты дзень вайны пад камандаваннем Васіля Захаравіча Каржа на Піншчыне. Прыкладна ў гэты ж час на Віцебшчыне дзейнічаў легендарны бацька Мінай (Мінай Піліпавіч Шмыроў). Літаральна ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны без усялякай каманды ствараліся невялікія партызанскія атрады, якія раслі».
Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, усё гэта было заканамерна. «Падрыхтоўчая работа з улікам Другой сусветнай вайны, якая набліжалася, вядома ж, праводзілася, — канстатаваў ён. — Вылучаліся людзі, якія разумелі, што застануцца на акупаванай тэрыторыі (і партыйныя супрацоўнікі, і работнікі органаў дзяржбяспекі), рыхтаваліся базы. Гэта і паслужыла асновай для стварэння партызанскіх атрадаў. У далейшым яны папаўняліся акружэнцамі, мясцовымі жыхарамі, закідваліся дзясяткі-сотні дыверсійных атрадаў і груп па лініі НКДБ. Па даных статыстыкі, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 374 тысячы партызан, 70 тысяч складала падполле, рэзервы 400 тысяч. Я ўжо не кажу аб той дапамозе, якая аказвалася насельніцтвам, жанчынамі, якія пяклі партызанам хлеб, выходжвалі параненых, здабывалі і перадавалі партызанам звесткі».
Асаблівасцю партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, па словах Ігара Сергяенкі, стала каардынацыя дзеянняў партызан. «Быў створаны штаб партызанскага руху пад кіраўніцтвам Панамарэнкі, затым беларускі штаб у верасні 1942 года — пад кіраўніцтвам Пятра Калініна, — канкрэтызаваў спікер. — Падтрымлівалася сувязь з Вялікай зямлёй. Для арганізацыі партызанскага руху быў зроблены максімум».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што кожны можа прывесці нямала прыкладаў гераізму і мужнасці падпольшчыкаў і партызан, многія камандзіры ўвайшлі ў гісторыю.
«Не менш важную місію партызаны і падпольшчыкі неслі і праводзячы агітацыйную работу, — канкрэтызаваў спікер. — 170 друкаваных выданняў выходзіла ў партызанскіх злучэннях. І ўсімі намі любімая „Звязда“ падпольна выдавалася на працягу ўсёй вайны. Я ўжо не кажу аб тых баявых лістках, якія таксама выходзілі ў партызанскіх атрадах».
У якасці прыкладу Ігар Сергяенка прадэманстраваў кніжнае выданне, у якім адлюстраваны старонкі дзённіка спецатрада НКДБ БССР «Баявы», які на працягу многіх гадоў захоўваўся ў архіве КДБ. «Пры дапамозе каляровых алоўкаў з гумарам высмейвалі выпівох, тых, хто пайшоў у разведку і не выставіў дазор, адзначалі найлепшых — усё гэта было, жыццё працягвалася», — кажучы аб змесце выдання, распавёў спікер.
З тэматычнымі дакладамі перад прысутнымі выступілі дакладчыкі — вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук і дэпутаты. Аб асноўных тэзісах іх выступленняў раскажам у адным з наступных нумароў газеты.
Парламенцкія чытанні працягнуцца. Наступныя пройдуць у маі непасрэдна ў Палаце прадстаўнікоў і будуць прысвечаны пытанням завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў, вызваленню Усходняй Еўропы, узяццю Берліна.
Фота БелТА