«Мой лёс цесна пераплёўся з Магілёвам...»
У год 80-годдзя Перамогі грэх не ўспомніць выдатнага пісьменніка, паэта, журналіста Канстанціна Сіманава, лёс якога цесна звязаны з Беларуссю.
У аўтабіяграфіі ён пісаў, што 24 чэрвеня 1941 года выехаў у раён Гродна для работы ў газеце «Боевое знамя» Трэцяй арміі. У сувязі з абстаноўкай на фронце да месца назначэння не дабраўся: працаваў у газеце «Красноармейская правда» і адначасова дасылаў ваенныя карэспандэнцыі ў іншыя выданні. Летам таго ж 1941-га газета «Правда» апублікавала верш Канстанціна Сіманава «Чакай мяне». Рэзананс быў проста ашаламляльны! Лісток з радкамі, прысвечанымі каханай жанчыне, для многіх салдат стаў своеасаблівым абярэгам, які павінен быў (і дапамагаў!) — «всем смертям назло» — застацца жывымі.
Першае баявое хрышчэнне паэт атрымаў пад Магілёвам. «Я нічога не мог напісаць, — пазней прызнаваўся ён, — пакуль не сустрэў часць, якая не адступіла, а білася».
Падчас таго самага бою, які доўжыўся 14 гадзін, было падбіта 39 гітлераўскіх танкаў і бронемашын, знішчаны сотні фашыстаў. Карэспандэнты Сіманаў і Трошкін змаглі на ўласныя вочы ўбачыць гэта, пасля чаго прарваліся праз акружэнне і даставілі матэрыял у рэдакцыю. Нарыс «Гарачы дзень» быў змешчаны ў «Известиях» 20 ліпеня, і ў тыя дні ў Маскве каля стэндаў з газетай збіраў цэлыя натоўпы. Гераізм воінаў на Буйніцкім полі, на беларускай зямлі стаў праменьчыкам надзеі на тое, што фашысцкая армія будзе пераможанай.
Бітва пад Магілёвам лягла ў аснову рамана-трылогіі «Жывыя і мёртвыя». Палкоўнік Сямён Куцепаў, які кіраваў 23-дзённай абаронай Магілёва, стаў прататыпам генерала Сярпіліна, якога ў аднайменным фільме таленавіта сыграў Анатоль Папанаў. Пра тыя гераічныя падзеі шмат гаворыцца ў дзённіку пісьменніка «Розныя дні вайны», у творах «Салдатамі не нараджаюцца», «Апошняе лета».
«Мой лёс цесна пераплёўся з Магілёвам, ён увайшоў у маё жыццё ў большай ступені, чым Ленінград, хоць я нарадзіўся там», — пісаў Сіманаў. У пасляваенныя гады ён не раз прыязджаў сюды, сустракаўся з ветэранамі, выступаў перад рабочымі і студэнтамі... 29 жніўня 1979 года пісьменніка не стала. Прах яго, згодна з завяшчаннем, развеяны над Буйніцкім полем.
У дзень 50-годдзя Вялікай Перамогі там адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу, у цэнтры якога размешчана 27-метровая капліца з імёнамі абаронцаў Магілёва.
...Радзіма высока ацаніла заслугі пісьменніка Канстанціна Сіманава: ён удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам «Знак Пашаны» і многімі медалямі СССР.
Мікалай ШАЎЧЭНКА
г. Мінск
«...Ды ніколі ў жыццёвым полі вы не сеялі зерне зла»
Сваёй смерцю мая бабуля ўзрушыла ўвесь наш род: з’ехаліся дзеці, унукі, праўнукі, сышліся аднавяскоўцы. Святы айцец адслужыў малебен, хоць нябожчыца апошнім часам у царкву і не хадзіла: адабрала ёй ногі вайна ды катаржная праца.
Замуж маладзенькую Домну аддалі за 30-гадовага ўдаўца Паўлюка Кандрашова. Ён ваяваў на Першай імперыялістычнай, на свае вочы ў Магілёве бачыў цара Мікалая, удзельнічаў у знакамітым Брусілаўскім прарыве, быў паранены; трапіў на фронт і ў Вялікую Айчынную.
На руках у жонкі засталося тады чацвёра дзяцей (двое мужавых ад першага шлюбу)... І каб жа толькі…
Мая матуля з плачам распавядала, як над вёскай, сеючы смерць, лётаў «крыжасты» самалёт, як загарэлася іх сядзіба, як стала ўцякаць спалоханая карова... Пад градам куль бабуля Домна злавіла яе і такім чынам выратавала сям’ю ад галоднай смерці.
Разам з дзецьмі з абгарэлага бярвення яна будавала зямлянку, арала на сабе, радавалася крапіве і першаму шчаўю.
Ранняй вясной незадоўга да вызвалення некалькі сем’яў з суседніх вёсак і Домну з дзецьмі немцы выгналі ў бежанцы, у перасыльны лагер. У бараках, дзе іх трымалі, стаяў сабачы холад, дзеці пахварэлі на тыф. Маці ратавала іх як толькі магла, а калі, спужаўшыся нашых самалётаў, з лагера збегла ахова, разам са сваімі гаротнікамі вярнулася дамоў, нанова пачала абжываць пакінутую зямлянку…
Толькі праз год пасля Перамогі, ужо неспадзявана вярнуўся дзед Паўлюк. Дзе канкрэтна ён быў, ніколі не расказваў. Ведаем толькі, што ў 1942-м трапіў у палон. Далей была Германія, дзе давялося і араць, і жаць, і касіць, і цяслярыць, і бандарыць — праўда, на нямецкага баўэра.
Пазней, калі майго дзеда не стала, я даведаўся, што для ваеннапалонных, якіх вывезлі ў Нямеччыну, былі створаны так званыя фільтрацыйныя лагеры, дзе яны праходзілі адпаведную праверку. Магчыма, сярод тых соцень тысяч ні ў чым не павінных пакутнікаў быў і дзядуля?
Ці не бабуліны малітвы ўратавалі яго ад пагібелі? Ці не яны падарылі амаль век жыцця, нягледзячы на пройдзенае пекла: у свае дзевяноста, дзед, абуўшы валёнкі, па-сялянску няспешна касой-дзявяткай касіў па расе густую канюшыну.
А бабуля, пакуль служыла здароўе, 20 гадоў была звеннявой па лёне. Ад цямна да цямна гарбацілася ў полі, удосталь наглыталася льняной пацярухі ды рознага пылу. У час летніх канікулаў мы з братамі гасцілі ў яе, слухалі прачулыя песні пра жыта і бульбу, розныя мясцовыя прыпеўкі. А вось пра лён бабуля не спявала ніколі, хоць менавіта за яго атрымала медаль «За працоўную адзнаку» і пенсію ў пяцьдзясят савецкіх рублёў.
З гэтых вось грошай назапасіла яна цэлую тысячу — сабе на пахаванне, на шчодры памінальны стол, на помнік... Нікому не была вінаватай.
...Гляджу цяпер на яе фатаграфію і на паперу, просяцца радкі:
Аляксандры, Аніссі, Домны —
Сінь вачэй і пяшчота рук,
Беларусі маёй мадонны,
Мовай вашаю гавару.
Ночы цемранню вочы калолі,
Днямі вам не хапала святла,
Ды ніколі ў жыццёвым полі
Вы не сеялі зерне зла.
Падраслі непрыкметна ўнукі,
Кожны ў хаце жаданы госць...
Я цалую бабулі рукі,
Пазірае мне ў твар маладосць.
Зміцер МАРОЗАЎ
г. Мінск
Другога жыцця не будзе
Пішу і сам не ведаю, навошта, бо тыя, для каго і пра каго, — мой ліст наўрад ці прачытаюць. Але ж хоць нехта гэта мо зробіць?
...Ужо не першы месяц мне даводзіцца хадзіць міма страшнай хаты. У даху яе зеўраюць досыць вялікія дзіркі (гарышча ў час пажару палівалі вадой), акно — «зашклёнае» поліэтыленавай плёнкай. Гаспадароў няма, і яны ўжо ніколі сюды не вернуцца: задыхнуліся ў чадным дыме, абодва. Прычына — самая банальная: выпівалі (яшчэ мякка кажучы), курылі ў ложку.
Здавалася б, цяпер аб гэтым ну столькі размоў, столькі папярэджанняў! Газеты пішуць, радыё гаворыць, тэлевізар паказвае, супрацоўнікі МНС рэгулярна робяць прафілактычныя рэйды, не ў баку дэпутаты і медработнікі... Ёсць урэшце сем’і — цвярозыя родныя людзі. Яны ведаюць, як жывуць іх пітушчыя сваякі, непакояцца пра іх; не маўчаць, бывае, суседзі…
Вось толькі ці шмат карысці з усіх гэтых перасцярог ды просьбаў, артыкулаў і праграм-перадач? Алкаголікі і тыя, каму пакуль не прысвоена гэтае «званне», слухаюць ды робяць сваё — акурат як Васька з байкі Крылова. Такіх нічому не вучаць нават трагедыі: яны ж, маўляў, з нейкімі іншымі людзьмі і не тут, а недзе далёка — нам нічога не пагражае.
Ці не ў тым іх галоўная памылка і як яе выправіць? Трымаць за руку, каб не куплялі спіртное і не пілі, каб у ложку не цягнулі ў рот цыгарэту? Разам з імі хадзіць на пошту, атрымліваць пенсіі, кантраляваць расходы? Але ж гэтыя людзі не пазбаўлены дзеяздольнасці. Яны — дарослыя. Іх не вучылі дрэннаму ў школе... Тады адкуль?
Людзі кажуць: «Ніхто цябе, як сам сябе» — і не пашкадуе так, і не пакарае.
Шкада скалечаных, загінулых, памерлых: многія без пары займаюць месцы на могілках. З якіх такіх прычын? Галоўная, як здаецца, у поўнай непавазе да сваіх родных і блізкіх, да ўласнага жыцця, у поўным неразуменні, што яго, другога, ужо не будзе.
...Вось аб чым варта было б падумаць і сапраўдным і пачынаючым алкаголікам, перш чым купляць бутэльку ці падымаць чарговую чарку.
Аляксандр ПАЗНЯКОЎ
Расонскі раён