Top.Mail.Ru

Друкаванае слова Гальяша Леўчыка змагалася з акупантамі

Беларусь невыпадкова называюць рэспублікай-партызанкай. Калі гітлераўцы напалі на Савецкі Саюз, не было такога раёна, дзе б акупантам ні давалі належны адпор. Зразумела, галоўным сродкам у барацьбе з’яўлялася зброя. Аднак шмат значыла і друкаванае слова. Лістоўкі, падпольныя газеты неслі праўду аб падзеях на фронце, а таксама аб тых, хто запэўніваў аб навядзенні «новага парадку», паліў населеныя пункты, знішчаў мірных людзей. Пры гэтым абяцаў рай, калі будуць знішчаны бальшавікі.


У некаторых выпадках народныя мсціўцы бралі сабе ў падмогу і выдатных пісьменнікаў. Перадрукоўвалі іх творы, якія асуджалі гітлераўскую агрэсію, заклікалі да барацьбы. Нярэдка асобныя вершы, апублікаваныя раней, увязвалі з новымі абставінамі. Так паступілі і супрацоўнікі падпольнай газеты «Калгаснік Капыльшчыны», якая з’яўлялася друкаваным органам Капыльскага райкама Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. У яе нумары ад 16 кастрычніка 1943 года з’явіўся верш, які асуджаў тых, хто стаў здраднікам, пайшоў на службу да фашыстаў:

Хто адрокся сваіх,
Хто стыдацца нас стаў
І прыліп да чужых, — 
Каб ён свету не знаў!
.............................
Сваю родну зямлю
Хто фашыстам прадаў,
Скрыўдзіў вёску сваю, —
Каб ён свету не знаў!

Матыў асуджэння калабарантаў узманяецца. Праклён ім набывае ўсё новыя адценні. Інакш і нельга, бо ўчынак гэтых адшчапенцаў зразумець сумленнаму чалавеку немагчыма. Таму і гучыць упэўненасць, што няма месца нелюдзям на зямлі. Рана ці позна прыйдзе заслужаная адплата, а пакуль трэба, каб як мага больш людзей пераканалася ў гэтым: «Хто з народам не жыў // І карысці не даў, // Хто сваіх не любіў, — Каб ён свету не знаў! // Хто фашысту служыў, // „Чорным гракам“ хто стаў // І сваіх хто пабіў, — // Каб ён свету не знаў!». 

Хто аўтар (ці аўтары) гэтага твора, невядома. Аднак, несумненна, той, хто пісаў згаданыя радкі, няблага ведаў беларускую літаратуру, прынамсі, паэзію. У аснову твора, што ўзнаўляе няпростыя ваенныя абставіны, лёг верш Гальяша Леўчыка «*** Хто адрокся сваіх...», упершыню надрукаваны ў яго адзіным паэтычным зборніку «Чыжык беларускі». З той розніцай, што першыя дзве страфы цалкам супадаюць, далей слова «чужынцы» заменена на «фашысты». А яшчэ замест чатырох строф стала шэсць. Ён аказаўся такім запатрабаваным праз 31 год: «Чыжык беларускі» быў выдадзены ў Вільні ў 1912 годзе на лацінцы дзякуючы Янку Купалу. 

І пазней творы Гальяша Леўчыка таксама гучалі публіцыстычна завострана, бо адлюстроўвалі рэаліі, у якіх яму даводзілася жыць, і адпавядалі яго светапогляду. У ім асноўнае месца займала тое, што тычылася будучыні Беларусі. Як у творы-споведзі яго, грамадзяніна, улюбёнага ў родную зямлю, «Не нам, 
беларусам, не нам...»:

Не нам, беларусам, не нам
Паном ці чужынцам служыці!
Нам тутака трэба і там
Для Белае Русі жыці!
Не нам, беларусам, не нам
З сваімі людзьмі калаціцца
І польскім ці іншым панам
У брацкую службу згадзіцца.

Прадаўжэнне гэтай тэмы, па сутнасці, — і верш «Сон на Нёмане каля Шчары», апублікаваны годам раней. Лірычнаму герою ўяўляецца, як «на чорных плытох там харугваў дуброва // Паціху сябе шалясціць, // А бліжай канца дамавінка кедрова — // І ў ёй Беларусь там ляжыць». Праводзяць Беларусь па Нёмане «ў Балтыйскае мора на дно». Ды пачуліся галасы дзяцей: «Хай Матухна ўстане, нас крышку пабачыць, // Мы ўсе тут жывём для яе!». 

Для Беларусі жыў і Гальяш Леўчык. Ды сталася так, што шлях да яе ў яго аказаўся няпростым. Зусім не таму, што знаходзіўся на свайго роду ростанях. Якраз у гэтым у яго ваганняў не было. Часам абставіны былі неспрыяльныя, але ён, не зважаючы на іх, ішоў той дарогай, ступіўшы на якую рана, ніколі не збочваў. А шлях да яе пачаўся там, дзе цячэ рэчка Шчара. 

Сапраўднае яго прозвішча Ілья Ляўковіч. Гальяш Леўчык — псеўданім. Нарадзіўся 20 ліпеня 1880 года ў горадзе Слоніме. Па іншых крыніцах — у вёсцы Шэйпічы. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, потым — павятовае вучылішча, вучыўся на курсах чарцёжнікаў. На адным месцы доўга не затрымліваўся. Ды не таму, што ніяк не мог знайсці пэўнае прыстанішча. Проста на многае быў здатны, таму і стараўся як мага лепш праявіць сябе. Быў пісарам у каморніка, потым — у канцылярыі міравога суддзі, затым — судовага следчага. У 24 гады — чарцёжнік у магістраце ў Варшаве. 

Дарэчы, у яго біяграфіі маглі б прапісацца тры гарады: Слонім, Варшава і Вільня. Аднак з Вільняй не атрымалася: на якую-небудзь сталую працу не ўладкаваўся, таму пастаянна і не жыў там. Затое сувязь з культурна-асветніцкім рухам падтрымліваў пастаянна. З першымі вершамі выступіў на старонках газеты «Наша ніва». Друкаваўся і ў календары яе за 1911, 1912, 1913 і 1914 гады. Пазней яго творы змяшчаліся ў іншых выданнях: «Саха», «Беларускі звон», «Маланка», «Заранка» і іншыя. І, канешне, Вільня — гэта «Чыжык беларускі», выдадзены лацінкай і адрэдагаваны Янкам Купалам.

Верш «Чыжык беларускі», па сутнасці, — тое, што было выказана Купалам у жаданні беларусаў «людзьмі звацца». Безумоўна, рэаліі прамаўлення іншыя, а сутнасць тая ж. Паўстае абяздоленасць простага люду, яго сацыяльнае і нацыянальнае зняволенне, калі наперадзе не бачыцца прасвятлення. Выхад з гэтага складанага становішча не называецца, канстатуецца толькі сам факт, але ўсё адно гэта наводзіць на роздум:

— Чыжык, чыжык, дзе ты быў?
— Я на Белай Русі жыў:
Бачыў слёзы, жалю крык,
Як гаруе там мужык.

Ад твораў Гальяша Леўчыка, як слушна заўважыў Уладзімір Калеснік, «патыхае жалобай, матывы гэтыя сiмвалiзуюць разлад лiрычнага героя, „малога чалавека“, з вялiзным i чужым светам уцiску, крыўды i зла». Нездарма адзін з вершаў называецца «Шарай гадзінай». Такі псіхалагічны стан паэта напаткоўваў часта, нягледзячы на тое, што пастаянна знаходзіў сабе занятак. Не толькі вершы пісаў, але і музыку, іграў на гітары. Яго вабілі філасофія, тэалогія, але... Але ў душы часам наступаў разлад, што і вёў да «шарай гадзіны»:

Часта мне шарай гадзінай у хаце
Зробіцца сумна і жаль забярэ,
Слёзы падступяць к вачам, як дзіцяці,
Жыць неахвота і сэрца замрэ...

Сумна па хаце блукаю вачамі,
Ціхія слёзы па твары цякуць,
Боль, як сава, рве мне грудзі кагцямі,
Думкі маркотныя жалем сякуць... 

Чалавеку таварыскаму, добразычліваму, у каханні яму не пашанцавала. Пачынаючы з першага сапраўднага, калі, здаецца, на тым, хто табе падабаецца, свет клінам сышоўся. Хоць і быў не сказаць, каб маладзён. Ужо споўнілася 33 гады, дзяўчыне, якую пакахаў, — 21-ы. Розніца ва ўзросце немалая, аднак не сказаць, каб стала перашкодай далей ісці па жыцці разам. На тое, што разышліся, больш паўплывала неаднолькавае сацыяльнае становішча. Ды і, відаць, рознае стаўленне да жыцця. Яго рамантычная ўзнёсласць не ўвязвалася з яе залішне цвярозым стаўленнем. А адзінота гняла ўсё больш і больш. І ніякага прасвету наперадзе не бачылася. І ўсё ж ён нечакана з’явіўся. Ва ўсякім разе так яму падавалася. 

У 1932 годзе разгарнуў чарговы нумар адной з варшаўскіх газет, а ў ім напаткаў зварот галоўнага рэдактара да чытача. Апавядалася пра дзяўчыну са Слонімскага павета, якая напісала аповесць пра цяжкае жыццё беларускага народа. Няблага было б адрэдагаваць. А яшчэ — знайсці сродкі на выданне. Называлася і імя гэтай дзяўчыны, яе адрас. 

Пашкадаваўшы Зосю, Гальяш Леўчык напісаў ёй ліст. Не здагадваўся, што другі раз наступае на тыя граблі, якія каштавалі яму столькі нерваў. Узяўшы яе ў жонкі, зрабіў, бадай, галоўную памылку ў сваім жыцці. Яна аказалася не такой прыгожай, як уяўлялася, ды і значна старэйшай, чым думаў. Спакойна жыць яму не даваў яе кепскі характар, калі не ведаеш, чаго ад чалавека чакаць. Дайшло да таго, што стараліся менш быць разам. Калі Зося жыла ў Слоніме, ён ехаў ў Варшаву. Затым месцамі жыхарства мяняліся, бо яго пастаянна цягнула на радзіму.

Многае з таго, што падрыхтаваў да свайго 40-годдзя, было напісана ў Слоніме. Праўда, паступова звыкаўся і з Варшавай. Набытак стаў важкім. Гэта зборнік лірыкі «Беларускі жаўранак». Ён — як бы працяг «Чыжыка беларускага». Гаворка ў ім пра лёс беларусаў і Беларусі. Пераклад на беларускую «Дзядоў» Адама Міцкевіча — таксама далучэнне да багатай гісторыі, да таго, што адбывалася ў розныя часы на землях роднага краю. Па «Дзядах» напісаў кінасцэнарый, які збіраўся паслаць у Амерыку. Звярнуўся і да жанру вершаваных памфлетаў, у выніку напісалася кніга «Камплект дзеячоў». Завяршыў і трыялеты ўсходнеславянскай мудрасці. Што ўзяўся за іх не хто-небудзь, а менавіта беларус, відаць па назве, якая па сэнсе адпавядае народнай прымаўцы: «Мудра прыгаворка — салодка i горка».

Важкая і культурна-асветная дзейнасць Гальяша Леўчыка. Прынамсі, збіраўся адкрыць у Вільні выдавецтва «Кніжніца». Дзякуючы яму ў Беларускі музей у Вільні трапілі некаторыя цікавыя экспанаты. Клапаціўся аб адкрыцці на вёсцы беларускіх школ. Парупіўся аб выхадзе ў Варшаве штомесячніка «Дух і праўда». А яшчэ з’яўляўся бібліяфілам. Сапраўдны ж бібліяфіл не толькі пра іншых дбае, але і дома нямала кніг трымае. І не толькі кніг. У хаце ў Слоніме сцены ўпрыгожвалі яго малюнкі, шматлікія здымкі. Збіраў паштоўкі, значкі, музычныя інструменты.

У яго ж варшаўскай кватэры быў сапраўдны музей. Вось што прыгадвала Зоська Верас: «Адзін даволі вялікі пакой, даўгі-даўгі, з адным акном. Пакой здаваўся вузкім таму, што адна яго сцяна была адбудавана даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх кніжкі, кніжкі... Сапраўды, бібліятэка вялікая, цікавая і каштоўная. Сабрана хіба ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове. Усе гадавікі „Нашай нівы“ ад самага яе пачатку, „Гоман“, некалькі нумароў „Мужыцкай праўды“, Францішак Багушэвіч: Дудка, Смык..., „Сялянка“ Дуніна-Марцінкевіча ды іншыя яго творы... Купала, Колас... Усё, што выдала Суполка „Загляне сонца і ў наша ваконца“... І ўсе тамы „Lud Bialoruski“ М. Федароўскага, падараваныя Гальяшу Леўчыку аўтарам... Усе паліцы ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі... Шмат з таго было купленым, але шмат і падараваным аўтарамі ды знаёмымі».

Дзякуючы яму дайшлі звесткі пра Ядвісю, пра якую, як вядома, Якуб Колас расказаў у аповесці «У палескай глушы». З ёю пазнаёміў Сяргея Новіка-Пеюна, які гэтыя і іншыя звесткі згадаў у сваіх успамінах «Дзядзька Гальяш». Яна пісала вершы і друкавалася пад псеўданімам Юстына. У Слонім да Гальяша Леўчыка заязджалі тая ж Зоська, знакаміты Язэп Драздовіч, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Міхась Лынькоў.

Не забыў пра яго і Янка Купала, які хацеў выдаць яго «Чыжык беларускі» і кірыліцай, ды перашкодзіла Першая сусветная вайна. Завітаў у Слонім, вяртаючыся з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Было аб чым пагаварыць, больш як дваццаць гадоў не бачыліся. Магчыма, і яго санет «На Купале», які Гальяш Леўчык прысвяціў Янку Купалу, згадвалі.

Гэта была іх апошняя сустрэча. Як вядома, 28 чэрвеня 1942 года Янка Купала трагічна загінуў. 1942-і прынёс гора і Гальяшу Леўчыку. Фашысты расстралялі яго жонку. Самому заставалася пражыць яшчэ два гады. Загінуў у верасні 1944 года ў час Варшаўскага паўстання.

У вершы, прысвечаным Сяргею Палуяну, які стаў вядомай песняй, ад яго імя пісаў:

Мне трэба умярцi — 
я жыў яшчэ так мала...
Мне трэба умярцi, а ў полi ўжо вясна!
Ужо пагода снег i лёд зусюль сагнала,
I радасна ў свет расходзiцца яна.

Вядома, 20 гадоў, пражытых Сяргеем Палуянам, ні ў якое параўнанне не ідуць з яго 64-ма, але таксама мала. 

Асабліва калі прыняць пад увагу, што Гальяш Леўчык вітаў уз’яднанне Беларусі ў адзінай савецкай сям’і, жыў новымі планамі. Ды фашызм умяшаўся і ў яго жыццё.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю