Top.Mail.Ru

Дух старажытнасці і высокія тэхналогіі

Падрабязнасці прэс-тура беларускіх журналістаў у Кітай.


Статус усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем дазваляе выбудоўваць эфектыўнае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. У той час, як Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з віцэ-прэм’ерам КНР у Мінску, дэлегацыя вядучых рэспубліканскіх і рэгіянальных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі наведвала правінцыю Ганьсу, што знаходзіцца на паўночным захадзе Кітайскай Народнай Рэспублікі. Падчас візіту медыйнай супольнасці ў Паднябесную журналісты ўбачылі, як Кітай развіваецца ў розных сферах, што, безумоўна, важна для ўмацавання не толькі партнёрства, а і сяброўства паміж беларускім і кітайскім народамі. 

За тыдзень, правезены ў Кітаі, удалося пазнаёміцца з многімі аспектамі жыццядзейнасці старажытнай правінцыі з найбагацейшым гісторыка-культурным складнікам. На працягу стагоддзяў Ганьсу з’яўлялася жыццёва важным калідорам паміж Кітаем і Цэнтральнай Азіяй: праз яе праходзіў амаль 1600-кіламетровы ўчастак Вялікага Шаўковага шляху. Правінцыя лічылася «залатым адрэзкам» гэтага міжнароднага тракту, аб чым сведчаць шматлікія старажытныя помнікі, раскіданыя ўздоўж усяго Шаўковага шляху: храмы, манастыры, пагады, вежы, замкі. Значная частка Вялікай Кітайскай сцяны, руіны якой дагэтуль захаваліся, была пабудавана менавіта на гэтай тэрыторыі. Журналісты асабіста пераканаліся ў тым, што кітайскі народ беражліва ставіцца да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны, якая з’яўляецца нацыянальным багаццем.

Сталіца правінцыі — Ланьчжоў — мае тысячагадовую гісторыю. Горад, акружаны гарамі і размешчаны на беразе знакамітай ракі Хуанхэ, у свой час быў адным з галоўных прыпынкаў на Шаўковым шляху. Лічыцца, што менавіта тут зараджалася кітайская цывілізацыя. Як гэта было, наглядна паказана ў Музеі правінцыі Ганьсу. Экспанаты розных эпох, прадстаўленыя ў музейных вітрынах, вяртаюць да вытокаў станаўлення кітайскай культуры. Керамічны і гліняны посуд, шматлікія сельскагаспадарчыя прылады, шаўковыя тканіны, фрэскавыя роспісы і скульптурныя кампазіцыі розных гістарычных перыядаў сведчаць аб багатых культурных традыцыях Ганьсу, гістарычнай унікальнасці правінцыі.

20250521_220626.jpg

Скарбніца будысцкага мастацтва 

На ўскрайку пустыні Такла-Макан размяшчаецца старажытны кітайскі горад Дуньхуан, які з’яўляўся ключавым населеным пунктам на Вялікім Шаўковым шляху. Гэты невялікі па кітайскіх мерках населены пункт (крыху больш як 100 тысяч чалавек) штогод наведваюць мільёны турыстаў. Той, хто хоць раз тут пабываў, абавязкова захоча сюды вярнуцца, каб пабываць у пячорах Магао, якія ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА. Таксама гэты комплекс называюць пячорамі «Тысячы Буд». Менавіта праз Дуньхуан індыйскі манах прынёс у Кітай будызм. Дарэчы, у 2022 годзе Дуньхуан і Навагрудак падпісалі пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх адносін. 

Гісторыя гэтага месца ўнікальная. У 366 годзе, праязджаючы па Вялікім Шаўковым шляху, манах Лэ Цзун убачыў на вяршыні гары ззянне тысячы Буд. Уражаны гэтым знакам, ён пакінуў караван і адправіўся да гэтага месца. Манах выкапаў першую пячору, дзе займаўся медытацыяй і малітвамі. Па яго прыкладзе да гары рушылі тысячы паломнікаў. У выніку за некалькі стагоддзяў тут былі створаны сотні цудоўных пячор, якія ператварыліся ў адзін з самых прыгожых будыйскіх храмаў у свеце. Гэтае месца стала духоўным цэнтрам на Вялікім Шаўковым шляху. Будаўнічыя работы не спыняліся тут на працягу тысячы гадоў. 

Нягледзячы на набегі разбойнікаў і прыродныя стыхіі, якія змяталі ўсё на сваім шляху, да нашага часу захавалася 735 пячор. Усім — больш за тысячу гадоў. Галоўная іх каштоўнасць — статуі і фрэскі. Захавалася каля 3400 статуй і 70 тысяч фрэсак, шэраг з якіх дагэтуль упрыгожаны золатам. Унікальныя роспісы больш красамоўна чым словы расказваюць пра тутэйшае жыццё тысячы гадоў таму. 

Сёння гісторыка-культурная каштоўнасць, якая была ўключана ў спіс ЮНЭСКА ў 1987 годзе як адзін з самых унікальных помнікаў будысцкай рэлігіі, культуры і мастацтва, знаходзіцца на балансе дуньхуанскай Акадэміі навук, якая была заснавана ў 1944 годзе. Як расказаў дырэктар установы Су Бомін, галоўная задача вучоных Акадэміі навук — ахова пячор Магао, даследаванне і захаванне культурнай спадчыны. Ён выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю па пытанні захавання культурнай спадчыны. Тым больш, што дуньхуанская Акадэмія навук — самая буйная ўстанова ў Кітаі па вывучэнні пячор. 

Пачынаючы з 1977 года, храмавы комплекс прыняў каля 30 мільёнаў турыстаў. Толькі летась пячоры «Тысячы Буд» наведалі тры мільёны наведвальнікаў. Дарэчы, перш чым зайсці ў пячоры і акунуцца ў найстаражытнейшую культуру, турыстам прапануюць паглядзець фільмы, якія расказваюць аб гісторыі і значнасці гэтага месца, перадаюць звышідэю статуй і фрэсак, укладзеную ў іх майстрамі. 

Вёска мастакоў, гара Мінша і Крыніца паўмесяца 

Недалёка ад храмавага комплексу знаходзіцца вёска мастакоў Магао, якая з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай спадчынай Кітая. З усёй краіны сюды едуць будучыя мастакі, якія вучацца ствараць статуі і фрэскі — накшталт тых, што размешчаны ў пячорах Магао, узнаўляць іх такім чынам, каб гэтыя ўнікальныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны як мага больш радавалі вочы. 

Усё гэта стала магчымым дзякуючы майстру-мастаку Ду Юнвэю, які 47 гадоў адпрацаваў у пячорах Магао. Восем гадоў таму ён стварыў праект, у канцэпцыю якога ўключыў практычна ўсіх жыхароў вёскі. Пакуль у летні перыяд будучыя майстры спасцігаюць тонкасці мастацтва скульптуры і роспісу, мясцовыя жыхары забяспечваюць іх пражываннем і харчаваннем. У выніку ў першых — камфортныя ўмовы, у другіх — годны заробак. Праект Ду Юнвэя, які першапачаткова грунтаваўся выключна на энтузіязме аднаго чалавека, атрымаў падтрымку кітайскага ўрада і з’яўляецца ўзорным у пытанні адраджэння сельскіх населеных пунктаў. Цяпер вёска мастакоў Магао развіваецца дзякуючы ўласным даходам. 

20250522_200038.jpg

У шматлікіх творчых цэхах, якія з’яўляюцца паўнавартаснай копіяй пячор Магао, звяртаеш увагу на вялікую фотавыставу. Высвятляецца, што Ду Юнвэй яшчэ і калекцыянер. На фотаздымках, асабіста сабраных ім, можна ўбачыць, як Дуньхуан выглядаў 200 гадоў таму або хто наведваў пячоры Магао, напрыклад, да Вялікай Айчыннай вайны. 

Шматлікія турысты прыязджаюць у Дуньхуан яшчэ і для таго, каб забрацца на пясчаную гару Мінша і паглядзець адтуль на прыгожую крыніцу ў форме паўмесяца, створаную прыродай пасярод пустыні ў 200 годзе нашай эры. З пачатку лета і да сярэдзіны восені тут праходзяць фестывалі, удзельнікамі якіх імкнуцца стаць не толькі кітайцы, а і замежныя жыхары. У вячэрні час, калі запальваецца падсветка і ззяюць агні, тут асабліва прыгожа.

Інавацыі і канвергенцыя

Азнаёміцца са спецыфікай работы сваіх калег журналісты з Беларусі маглі, наведаўшы найбуйнейшую медыякампанію правінцыі — Выдавецкую карпарацыю «Ганьсу жыбао». У жніўні 2023 года паміж медыякампаніяй і Беларускім саюзам журналістаў было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Адным з этапаў яго рэалізацыі стаў запуск новай платформы па абмене інфармацыяй падчас візіту прадстаўнікоў беларускіх СМІ ў Ланьчжоў. Гэта дазволіць абменьвацца кантэнтам яшчэ больш якасна і аператыўна. 

Медыякампанія «Ганьсу жыбао» — буйны холдынг, які складаецца з некалькіх медыягруп. Ключавое СМІ — штодзённая газета «Ганьсу», якая была створана ў верасні 1949 года. Інфармацыйнае вяшчанне медыякампаніі ахоплівае ўсю правінцыю. Дзякуючы створанаму міжнароднаму цэнтру вяшчання навіны аб правінцыі распаўсюджваюцца і за межамі Кітая. Журналістыка тут цесна пераплецена з высокімі тэхналогіямі. Асноўныя прынцыпы, якімі кіруюцца журналісты, — аператыўнасць, якасць медыякантэнту, інавацыі, канвергентнасць.

Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара Выдавецкай карпарацыі «Ганьсу жыбао», намеснік старшыні Усекітайскай асацыяцыі журналістаў Лі Сяоцзюнь, у тым ліку дзякуючы ўзаемадзеянню ў медыйнай сферы адлегласць паміж Пекінам і Мінскам скарачаецца. Запуск новай платформы па абмене інфармацыяй, калі беларусы змогуць больш даведацца пра Кітай, а кітайцы, у прыватнасці, жахары правінцыі Ганьсу, бліжэй пазнаёмяцца з Беларуссю, гэта пацвярджае.

Унёсак у экалагічную бяспеку і разумная сельская гаспадарка

Вялікая ўвага ў правінцыі Ганьсу ўдзяляецца барацьбе з апустыньваннем. Вялікія плошчы занятыя пясчанымі землямі, што пагаршае экалогію, уплывае на клімат. Узмацненне комплекснай работы па папярэджанні апустыньвання і барацьбы з ім — задача, пастаўленая перад такімі рэгіёнамі Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам.

У рамках праграмы «Тры Паўночныя ўкрыцці» ва ўездзе Мініцінь, што адносіцца да горада Увэй, пустыня Такла-Макан засаджваецца кустарнікамі і травамі, што паляпшае экалагічную сітуацыю ў рэгіёне. Адно дрэва ратуе 10 квадратных метраў пясчанага ландшафту. Спыненне азелянення пагражае пагаршэннем клімату.

Як расказалі спецыялісты, праект рэалізуецца з 1978 года і ўжо навідавоку паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. У зоне адказнасці ўезда — 15 тысяч квадратных метраў пясчаных земляў. 10-12 % з іх ужо ўдалося азеляніць. Наперадзе — вялікая работа. 80 % насаджэнняў прыжываецца, што ў будучыні павялічыць біялагічную разнастайнасць на пясчаных тэрыторыях, палепшыць экалагічную сітуацыю, будзе садзейнічаць гарманічнаму суіснаванню чалавека і прыроды.

20250523_120105.jpg

Нягледзячы на асаблівасці ландшафту, кітайскі народ прыкладае ўсе намаганні для таго, каб вырасціць ураджай. Укараненне сучасных тэхналогій у сельскую гаспадарку дазваляе кітайцам не толькі эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы, а і павышае даходнасць у гэтай сферы. Напрыклад, у вёсцы Шанъанъ пасёлка Чунсін наладжана высокатэхналагічная вытворчасць па вырошчванні гародніны і садавіны ў адкрытым грунце і ў цяпліцах.

Сельскагаспадарчы парк быў створаны тут у 2024 годзе. У 200 цяпліцах у асноўным вырошчваюць жэньшэнь і дынную грушу, якую асабліва любіць кітайскае насельніцтва. Менавіта на ўнутраны рынак і працуюць фермеры. Сучасныя тэхналогіі, якія забяспечваюць комлексны паліў, і вялікая колькасць сонечных дзён дазваляюць сабраць у год па тры ўраджаі гэтай сакавітай садавіны. Укараненне сучасных тэхналогій у працэс вырошчвання дазваляе зэканоміць 60 % спажывання вады, што таксама сказваецца на павышэнні ўраджайнасці. Кіраванне сістэмай паліву, а таксама кантраль за тэмпературным рэжымам ажыццяўляецца з дапамогай тэлефона — разумная сельская гаспадарка з’яўляецца трэндам земляробства ў Кітаі.

... Тыдзень, праведзены ў Ганьсу, быў напоўнены адкрыццямі, звязанымі з кніжнай справай, энергетычнымі і лагістычнымі праектамі, кітайскай медыцынай. Прыемна здзівіла разнастайная кітайская кухня. Не здзівілі працавітасць і гасціннасць кітайскага народа — рысы, якія заўжды былі характэрны гэтай нацыі, уласцівыя і сучасным жыхарам Паднябеснай. 

Вераніка КАНЮТА.

Фота аўтара і журналістаў кітайскіх СМІ

Ганьсу, КНР

Каментарый у тэму

Намеснік дырэктара Канцылярыі замежных спраў урада правінцыі Ганьсу Чжао Цзюнь:

— Супрацоўніцтва правінцыі Ганьсу з Беларуссю пачалося ў 2007 годзе, пасля таго, як правінцыя ўстанавіла пабрацімскія адносіны з Гродзенскай вобласцю. Амаль кожны год мы абменьваемся дэлегацыямі. На цяперашнім этапе супрацоўніцтва Ганьсу і Гродзенскай вобласці грунтуецца на такіх кірунках, як гандаль, інвестыцыі, медыцына, адукацыя. У 2014 нашы спецыялісты адкрылі ў Беларусі першы цэнтр кітайскай традыцыйнай медыцыны. У Мінску з інвестыцыямі Ганьсу будуецца шматфункцыянальны комплекс, дзе, у прыватнасці, прадугледжаны выставачны цэнтр сельскагападарчай прадукцыі, рэстаран кітайскай кухні. Другі буйны праект знаходзіцца недалёка ад Мінска — ён спецыялізуецца на сельскай гаспадарцы. Паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Я. Купалы і ўніверсітэтам нашай правінцыі наладжана паспяховае супрацоўніцтва ў навуковай сферы, якое прадугледжвае падрыхтоўку кадраў за кароткі час.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю