Галоўная афіцыйная пляцоўка краіны — Палац Незалежнасці — ізноў прыняў гасцей 5 лютага. Гэтым разам на экскурсію завіталі актывісты Пастаўскага і Аршанскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Экскурсія пачалася ў зале ўрачыстых цырымоній. Напачатку прадстаўнікі Аршанскага льнокамбіната перадалі Прэзідэнту падарунак. Многія ведаюць пра флэшмоб, які быў папулярным у інтэрнэце некаторы час таму, дзе беларусы кажуць Прэзідэнту «ТРЭБА!» — аб неабходнасці Аляксандру Рыгоравічу прымаць удзел у выбарах Прэзідэнта, якія адбыліся ў краіне 26 студзеня. Аршанскі льнокамбінат вырашыў крэатыўна падтрымаць гэты трэнд — стварыў палотны з надпісам «ТРЭБА». Ідэйным натхняльнікам стаў дырэктар Аршанскага льнокамбіната Алег Буянаў. Работнікі прадпрыемства — тэхнолагі, ткачы і мастакі — з задавальненнем падтрымалі яго прапанову. Вынік — ужо ў Палацы Незалежнасці.
Акрамя таго, у Копысі, на малой радзіме Прэзідэнта, па яго даручэнні тыдзень таму адкрылася пякарня. Тая самая, пра якую гаварыў Аляксандр Рыгоравіч, дзе ў маладосці купляў хлеб і ён быў самым смачным. У гонар гэтага Прэзідэнту перадалі яшчэ адзін падарунак — хлебабулачныя вырабы.
Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, актывісты грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, прадстаўнікі сферы адукацыі і аховы здароўя, маладыя спецыялісты арганізацый, навучэнцы ўстаноў адукацыі пасля цырымоніі перадачы падарункаў праслухалі невялікі расповед аб тым, як будаваўся палац. Дарэчы, аб’ектаў такога маштабу да 2013 года ў краіне не было. Прэзідэнт на той час паставіў даволі складаную задачу. Ён запатрабаваў, каб Палац Незалежнасці пабудавалі беларускія майстры і пераважна з беларускіх матэрыялаў. Сваім вопытам па ўзвядзенні такіх пляцовак з нашымі майстрамі на той час дзяліліся ў тым ліку і калегі з постсавецкай прасторы.
У выніку ўсё атрымалася належным чынам і за кароткі тэрмін — усяго за 30 месяцаў Палац Незалежнасці ўзвялі ў Мінску. Трохузроўневы будынак у стылі постмадэрнізму размясціўся ў так званым сталічным квартале: побач з палацам — плошча Дзяржаўнага сцяга, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і знакамітая стэла «Мінск — горад-герой».
Усе інтэр’еры Палаца Незалежнасці выкананы ў класічным стылі. У кожнай з залаў — расказалі гасцям — ёсць свае мастацкія асаблівасці.
Актывісты з Віцебскай вобласці наведалі гэтым разам самыя пазнавальныя з іх.
Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзялілася член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Юлія Касцюк. «Звонку Палац Незалежнасці выглядае маштабна, а ўнутры — яшчэ больш. Гэта неймаверная раскоша, якая прэзентуе нашу краіну, не проста так называецца палацам. Дух захоплівае, наколькі тут велічна і прасторна. Дзякуй за магчымасць убачыць на свае вочы», — падзялілася думкамі Юлія.
Эдуард Казура прыехаў на экскурсію з Пастаўскага раёна. «Цяжка падабраць словы — настолькі я ўражаны. Палац Незалежнасці сапраўды зроблены з густам, гэта адчуваецца ва ўсім. Ёсць чым ганарыцца, ганарымся нашымі будаўнікамі, праекціроўшчыкамі. І, наогул, у Беларусі нашай ёсць шмат чаго, чым можна ганарыцца. Возьмем у прыклад Пастаўскі раён. Ён адзін з найбуйнейшых у вобласці. У нас развітая прамысловасць, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера. Выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі па вырошчванні жывёлы, па вытворчасці малака. Ганаруся нашай краінай!» — сказаў Эдуард.
Ганна Цыбулёнак марыла пабываць у Палацы Незалежнасці. «Уражанняў шмат. Рада, што ў нашай краіне ёсць такая пляцоўка і што ў нас ёсць магчымасць пабываць тут і ўбачыць гэтую прыгажосць на свае вочы. Гэта дарагога варта», — адзначыла Ганна.
фота аўтара