Ментальны код беларускага народа
Сімвалічна, што форум прайшоў у Тыдзень бацькоўскай любові. Больш за 50 удзельнікаў — прадстаўнікі ўлады, духавенства, суддзі і навукоўцы — абмеркавалі, як наша заканадаўства адлюстроўвае значэнне і сэнс духоўна-маральных каштоўнасцяў.
Галоўная мэта «Канстытуцыйных чытанняў» — лепш зразумець каштоўнасці, прынцыпы і нормы Асноўнага Закона, садзейнічаць умацаванню канстытуцыйнай ідэнтычнасці, нацыянальнага заканадаўства і правапрымянення, прапанаваць ідэі па яго ўдасканаленні.
Усяго чытанні сабралі больш за 50 удзельнікаў, у цэнтры ўвагі якіх шмат важных тэм, у тым ліку пытанні духоўнага суверэнітэту, важнасць традыцыйнай сям’і, патрыятызму і культуры правасвядомасці. Не абышлі ўвагай і выклікі, якія нясуць лічбавая эпоха і штучны інтэлект, ролю Асноўнага Закона як стабілізуючай сілы дзеля балансу паміж развіццём тэхналогій і абаронай чалавека.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Сяргей СІВЕЦ адзначыў: дыскусія атрымалася цікавай і па-сапраўднаму карыснай. Заканадаўства пастаянна ўдасканальваецца, асабліва калі ўзнікае новае праблемнае поле. І форумы, падобныя да «Канстытуцыйных чытанняў», даюць магчымасць своечасова ўбачыць праблемныя месцы, знайсці вырашэнне актуальных пытанняў сучаснасці.
— Духоўна-маральныя каштоўнасці ўяўляюць сабой аксіялагічнае ядро сучаснай Канстытуцыі. Яны апасродкуюць нашу канстытуцыйную ідэнтычнасць, з’яўляюцца надзейнай перашкодай знешняй ідэалагічнай экспансіі. Прычым гэта не проста маральныя ці духоўныя катэгорыі, а менавіта канстытуцыйныя імператывы, якія фарміруюць асновы дзяржаўнай, прававой і сацыяльнай палітыкі, — падкрэсліў Сяргей Сівец.
Канстытуцыя, як вядома, жыве ў законах. Таму ўдзельнікам форуму так важна было абмеркаваць, наколькі дзеючае заканадаўства і нарматыўна-прававая рэгуляторыка адпавядаюць сэнсу тых каштоўнасцяў, што атрымалі найвышэйшую нарматыўную фармалізацыю на ўзроўні Асноўнага Закона, адзначыў Сяргей Сівец.

Паводле яго слоў, абарона гістарычнай праўды і памяці, падтрымка традыцыйнай сям’і, забеспячэнне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, патрыятычнае выхаванне і гуманізм — гэта пастаянныя прыярытэты Канстытуцыйнага Суда, тыя каштоўнасці, што знаходзяцца пад поўнай абаронай дзяржавы. Тым не менш губляць пільнасці не трэба: «Духоўна-маральныя каштоўнасці — гэта ментальны код нашага народа, нашай нацыі, фундамент нашай дзяржаўнасці, — падкрэсліў Сяргей Сівец. — І мы будзем сачыць за тым, каб яны былі забяспечаны і з пункту гледжання заканадаўства, і з пункту гледжання правапрымяняльнай практыкі».
Аміна НАЗАРАВА