Згодна з прапановай Прэзідэнта ў Беларусі створаны духоўныя цэнтры традыцыйных канфесій. Іх унікальнасць у тым, што тут не проста захоўваецца рэлігійнае жыццё, гэта месцы, дзе можна знайсці адказы на пытанні, чаму на нашай зямлі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў жывуць у міры і згодзе.
Духоўны цэнтр іўдзеяў пачаў стварацца на базе бабруйскай сінагогі. Ужо не першы год яна прымае тысячы турыстаў з розных куткоў свету. Як расказаў рабін іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Бабруйска Шауль Хабаба, кожныя выхадныя сінагога прымае гасцей. Напрыклад, у першую нядзелю мая ў ёй пабывала 200 турыстаў. Многія едуць не проста паглядзець на прыгожы горад з цікавай гісторыяй, а менавіта, каб наведаць духоўны цэнтр, на ўласныя вочы ўбачыць, як жыве рэлігійная абшчына, далучыцца да яўрэйскіх свят. Замежных гасцей уражвае і каштоўны вопыт Беларусі ў захаванні згоды паміж людзьмі розных веравызнанняў, міжканфесійная павага. Шауль Хабаба ўпэўнены, што развіццё духоўных цэнтраў будзе садзейнічаць далейшаму захаванню адкрытасці і ўзаемаразумення паміж людзьмі.
Гэта адзначыла і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын» Алена Кулеўніч: «Дзякуючы такой прасторы, дзе можна задаваць пытанні, звязаныя з іўдаізмам і культурай яўрэяў, можна разбураць стэрэатыпы, якія часам узнікаюць проста з-за таго, што людзі чагосьці не ведаюць».
Вялікую ўвагу беларускія яўрэі ўдзяляюць і захаванню гістарычнай памяці. Побач з бабруйскай сінагогай устаноўлены памятны знак ахвярам Халакосту.
Іўдзейскі духоўны цэнтр актыўна развіваецца. Нядаўна тут створаны музей, дзе сабраны экспанаты, некаторым з якіх больш за 200 гадоў. Знаёмства з імі дапамагае больш даведацца не толькі пра рэлігійнае жыццё, але і пра гісторыю, традыцыі яўрэйскага народа. Улетку плануецца распачаць работы над новым вялікім аб’ектам — у будынку, які знаходзіцца побач з сінагогай. Тут будуць гатэль, пункт харчавання, дзе прапануюць пакаштаваць гатовыя яўрэйскія стравы. Дадатковыя плошчы дазволяць запускаць і развіваць розныя праекты. А гэта і знаёмства з яўрэйскай літаратурай, майстар-класы па прыгатаванні яўрэйскіх страў, таго ж хлеба — халы і мацы. Таксама плануецца праводзіць рамесніцкія заняткі для гасцей цэнтра, напрыклад па вырабе глінянай мезузы. Да гэтага праекта гатовы далучыцца мясцовыя майстры.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ