Цацкі з горада Дунгуань (правінцыя Гуандун, Паўднёвы Кітай) пастаўляюцца ў больш за 110 краін і рэгіёнаў свету, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Аб’ём іх экспарту ў мінулым годзе перавысіў 23 млрд. юаняў. Пасёлак Шыпай горада Дунгуань, які некалі не меў дачынення да моднай культуры, за апошнія 40 гадоў ператварыўся ў цэнтр індустрыі дызайнерскіх цацак з абаротам звыш 10 млрд. юаняў.
Гісторыя поспеху пачалася ў 1980-х гадах, калі ў Шыпай дашлі кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю цацак для міжнародных брэндаў. Чжэн Бо, заснавальнік кампаніі ToyCity, узгадвае, што 20 гадоў таму яго прадпрыемства, як і многія іншыя, выконвала замовы для замежных заказчыкаў. Паступова сфарміраваўся вытворчы кластар з паўнацэнным ланцужком паставак.
З 2015 года ў Кітаі пачаў расці рынак дызайнерскіх цацак, і многія вытворцы ў Шыпаі задумаліся аб пераходзе ад кантрактнай вытворчасці да стварэння ўласных брэндаў і інтэлектуальнай уласнасці. Абапіраючыся на назапашаны тэхнічны вопыт і навыкі, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, яны пачалі распрацоўваць арыгінальныя дызайнерскія цацкі.
Індустрыя змяніла пасёлак, ператварыўшы яго з простай вытворчай базы ў цэнтр культуры дызайнерскіх цацак. У 2023 годзе кластар дызайнерскіх цацак Шыпая быў уключаны ў першую групу «тыповых вытворчых кластараў малых і сярэдніх прадпрыемстваў правінцыі Гуандун», а яго прадукцыя перавысіла 10 млрд. юаняў.
У тым жа годзе быў адкрыты Цэнтр кітайскіх дызайнерскіх цацак. На плошчы ў 5 кв. км прадукт праходзіць усе этапы ад дызайну і вытворчасці да продажаў гатовай прадукцыі. Цяпер мясцовыя ўлады ствараюць цэнтр AI-дызайну і прататыпавання, што дасць магчымасць у сярэднім скараціць вытворчы цыкл на 20 дзён.
Сёння ў Дунгуане працуе больш за 4000 прадпрыемстваў па вытворчасці цацак і каля 1500 прадпрыемстваў сумежных галін. Чвэрць усёй сувенірнай прадукцыі па матывах анімэ і мультфільмаў у свеце і 85% дызайнерскіх цацак Кітая вырабляюцца менавіта тут.