Top.Mail.Ru

Душа мастака Аляксандра Крываносава — водгук на тое, што ў яго ўкладвалі бацькі

Персанальная выстаўка Аляксандра Крываноса «Асколкі светаў» адкрылася напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Расійскі аўтар працуе ў станковым жывапісе і графіцы, ажыццяўляе праекты ў манументальным жывапісе і скульптуры, выкладае на кафедры рысунка ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў імя І. Я. Рэпіна, удзельнічае ў жыцці Саюза мастакоў Расіі, членам якога з’яўляецца. Між тым лёс творцы звязаны з Беларуссю: дзядуля будучага мастака быў партызанам, абараняў гэтую зямлю; бацькі нарадзіліся таксама тут, таму частка дзяцінства Аляксандра Крываноса прайшла і ў нашых краях.


— Гэтую выстаўку прысвячаю памяці маіх бацькоў, — адзначыў Аляксандр Сяргеевіч. — Шкада, што яе адкрыццё не здарылася пры іх жыцці, як таго хацелася б, але, думаю, яны ўсё бачаць, ведаюць пра створанае мной, у якім — мая душа, водгук на тое, што ў мяне ўкладвалі бацькі. Спадзяюся, жыццё дасць пэўныя магчымасці і «Асколкі светаў» — не апошняя мая выстаўка ў Беларусі. 

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 тэматычных работ. Гісторыя, рэлігія, міфалогія, фальклор, этнаграфія — кола зацікаўленняў Аляксандра Крываноса, якое спрыяе напісанню розных глаў яго творчасці. Мастак паўстае перад гледачом не толькі як аўтар з адметным почыркам, здольны паказаць складанасць і разнастайнасць жыцця чалавека, якому наканавана змагацца з цемрай, але і як працавіты творца: на выстаўцы многія работы датуюцца апошнімі некалькімі гадамі.

Кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Барыс Лазука выказаўся падчас адкрыцця экспазіцыі: 

— Выстаўка — вялікі падарунак гораду, яго жыхарам і гасцям. Пра Аляксандра Сяргеевіча вядома многае, аднак адначасова і не зусім, таму што галоўнае становіцца зразумелым якраз пасля знаёмства з работамі, якія экспануюцца. Творца імкнецца асэнсаваць існаванне чалавецтва, нашу гісторыю. Падобных маштабных выставак, якія былі б напоўнены глыбокім сэнсам, у нас, на жаль, становіцца меней. Таму асаблівая радасць, што наш паважаны калега з Расіі паказвае тут свае работы. Яны розныя, аднак дыяпазон сведчыць, бясспрэчна, аб глыбіні творчай асобы. Розныя думкі, эпохі, вобразы, сюжэты — мастак шмат увагі аддае гісторыі, у тым ліку тэме Вялікай Айчыннай вайны, між тым засяроджваецца на жыцці простых людзей — на палотнах мала пазнавальных гісторычных асоб. Знаёмячыся з творамі майстра, у чарговы раз здзіўляюся ўнутранай сіле, якой валодаюць сапраўдныя мастакі, здольныя асэнсаваць важныя праблемы, пытанні, якія ўсіх хвалююць, да таго ж паказаць гэта зразумелым кожнаму спосабам. 

Барыс Андрэевіч паведаміў, што ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры будуць рады бачыць работы Аляксандра Крываноса на выстаўцы, якая адкрыецца напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі. Праект ужо рыхтуецца. А з карцінамі, графічнымі творамі і скульптурай аўтара ў галерэі Савіцкага можна пазнаёміцца да 20 красавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю