Змешаная эстафета завяршыла праграму новага камерцыйнага турніру - Залатой лігі біятлона ў Ханты-Мансійску, паведамляе БелТА.
На старт мікст-эстафеты 4×6 км выйшлі 22 квартэты, у тым ліку 5 — з поўнасцю або пераважна беларускім складам. Чацвёрты рэзультат паказала каманда Yellow Team, у якую ўвайшлі расіянка Марыя Уласава, а таксама нашы Алена Кулак, Мікіта Лобастаў і Сцяпан Данілаў. Да прызавой тройкі не хапіла 13 секунд.
Пяцёрку лепшых замкнуў квартэт «Беларускі экспрэс», за які беглі Ксенія Варабей, Ганна Сола, Максім Варабей і Павел Бялько. Каманда з удзелам Антона і Дынары Смольскіх «Выспаліся — перамаглі» фінішавала 13-й, першае месца занялі «Рускія самацветы» (Лізавета Бурундукова, Наталля Дуркіна, Эдуард Латыпаў, Міхаіл Бурундукоў).
На дзень раней Ганна Сола і Антон Смольскі сталі бронзавымі прызёрамі Залатой лігі ў гонках з масавым стартам. Біятланісты застаюцца ў Ханты-Мансійску, дзе 28 лістапада стартуе першы этап Кубка Садружнасці.