Хтосьці лічыць яго беларускім богам ці духам зімы і холаду, іншыя — чараўніком, прапрадзедам Дзеда Мароза. Дакладна вядома, што гэты брэнд запатэнтаваны дырэктарам Цэнтра турыстычных паслуг Ягорам Шушкевічам, які асабіста штогод уваходзіць у вобраз Зюзі Паазерскага. Варта сказаць, персанаж ён стварае вельмі каларытны і запамінальны.
Адметныя рысы — доўгія белая барада і валасы, перахвачаныя налобнікам, вышываная ваўчура, абшытая мехам і падпяразаная статусным поясам. А галоўнае — басанож па снезе тупае. У руках чараўнік трымае булаву, якой наганяе снягі і мяцеліцы, а калі стукае па дрэвах ці вуглах вясковых хат, тыя трашчаць ад марозу — аж страшна.
Таму, каб задобрыць Зюзю, згатаваўшы на Каляды куццю — салодкую кашу, — асобную талерачку з ёю пакідалі для старажытнага духа зімы. Дарэчы, яму прысвечаны такія ідыёмы, як «Зюзя на дварэ — куцця на стале», «Змерзнуць, як Зюзя».
Узімку Зюзя так многа працуе, што імкліва старэе: з маладога, поўнага сіл і здароўя мужчыны, якім бывае напачатку снежня, напрыканцы лютага пераўтвараецца ў змарнелага старога і ціха сыходзіць, каб зноў адрадзіцца наступнай зімою.
— Колькі гадоў самому Зюзю, ніхто і не падлічыць, а вось забаўляльная праграма з яго ўдзелам упершыню адбылася ў 2005 годзе, — расказаў Ягор Шушкевіч. — Ён вандраваў па Беларусі, гаспадарыў у Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку, бываў на Гродзеншчыне, на турыстычных выстаўках у Маскве і Мінску. Нарэшце асеў у рэзідэнцыі ў спартыўна-турыстычным комплексе «Азяркі».
Сёлета разам з сябрамі — персанажамі беларускай міфалогіі — падрыхтаваў для гасцей тэатралізаванае прадстаўленне «У свой юбілейны год Зюзя кліча ў карагод». Адметнасць праграмы ў тым, што яна традыцыйна беларускамоўная і заснавана на фальклоры. Дзеючыя асобы: мудры Дзед Бай, спадарыня Завея, гасцінная Марыля, справядлівая Ваструха, легкадумная Бадзюля, пранырлівы Шатан і хітрая Баба Юга (сястрыца Бабы Ягі). Як і належыць, уцягнутыя ў жартаўлівыя спаборніцтвы, конкурсы, гульні, карагоды, танцы, дзеці і дарослыя на баку дабра будуць змагацца са злом і, вядома ж, перамогуць. На жывой ялінцы абавязкова запаляцца чароўныя агеньчыкі, і будзе ўсім весела!
Пасля прагулкі па заснежаным лесе і забавах на свежым паветры вельмі дарэчы будзе частаванне гарачым чаем з прысмакамі, адмысловымі пернікамі-зюзікамі.
— У сядзібе Зюзі Паазерскага пабывалі ўжо тысячы дарослых і дзяцей не толькі з Беларусі і Расіі, — працягнуў Ягор Шушкевіч. — За 20 гадоў існавання праекта да нас наведваліся госці з Венесуэлы, ЗША, Італіі, Кітая, Латвіі, Літвы... У гэтым сезоне чакаем турыстаў з розных куткоў Віцебшчыны і Міншчыны. Прыедуць і шмат расіян, якія адпачываюць у нарачанскіх санаторыях.
Вось так ініцыятыва, заснаваная на жаданні папулярызаваць сваё, самабытнае, і паслядоўная творчая праца дазволілі развіць у беларускай глыбінцы прыцягальны турыстычны брэнд. Чарговы цуд, створаны людзьмі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц