Top.Mail.Ru

Двум беларускім прадпрыемствам уручылі знак «Тавар Саюзнай дзяржавы» ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Цырымонія ўручэння знака «Тавар Саюзнай дзяржавы» прайшла ў Мінску ў рамках XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае БелТА. 


Першымі таварамі Саюзнай дзяржавы сталі вырабленыя ў Беларусі аўтобус МАЗ-305Е20 і кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-7513ED.

Генеральны дырэктар БЕЛАЗа Сяргей Лесін расказаў, што БЕЛАЗ-7513ED — гэта кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 136 т. «Гэта флагман нашага прадпрыемства. Асноўныя аб’ёмы рэалізацыі прыпадаюць менавіта на гэтыя самазвалы. І мы лідзіруем на сусветным рынку з доляй ад 60 працэнтаў да 70 працэнтаў менавіта ў гэтым сегменце — 130 т. А чаму мы сталі аднымі з першых, хто атрымаў статус „Тавар Саюзнай дзяржавы“? Гэта, вядома ж, адпаведнасць крытэрыям. Беларуска-расійскі складнік у машыне перавышае 50 працэнтаў. Гэта сапраўдны прадукт, створаны інжынерамі і работнікамі вытворчасці расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў», — расказаў кіраўнік прадпрыемства.

Гендырэктар падкрэсліў, што пакуль ідзе дыскусія наконт таго, якія прэферэнцыі на агульным расійска-беларускім рынку атрымаюць прадукты з гэтым статусам. «Вядома ж, мы разлічваем на тое, што атрымаем нейкую пэўную падтрымку ў частцы рэалізацыі гэтых машын, зробім прадукт больш прывабным для кліентаў Расіі і Беларусі», — звярнуў ён увагу.


Аўтобус МАЗ-305Е20, паводле слоў гендырэктара Мінскага аўтазавода Валерыя Іванковіча, — гэта тэхніка, якая прадаецца і ў Беларусі, і ў Расіі. «Гэты аўтобус з’яўляецца брэндам Рэспублікі Беларусь. Гэта новы прадукт у лінейцы — сучленены электробус. Электробус — гэта модна, а ў сучлененым транспарце мы ўвогуле адны з лідараў», — расказаў ён.

МАЗ стабільна працуе на расійскім рынку, і аб’ёмы паставак у Расію толькі растуць. «Мы ўдзельнічаем ва ўсіх напрамках конкурсаў, але рэалізацыя „тавары Саюзнай дзяржавы“ толькі надасць дадатковы імпульс у рэалізацыі прадукту на расійскім рынку, — упэўнены ён. — Гэта яшчэ адна прыступка прызнання нашага прадукту ў рамках Рэспублікі Беларусь і рынку Расійскай Федэрацыі».

Дзяржаўны сакратар СД Сяргей Глазьеў падкрэсліў, што гэты знак прысвойваецца перадавой тэхніцы, якая вырабляецца ў рамках Саюзнай дзяржавы. «Крытэрыем з’яўляецца выраб тавару ў асноўным за кошт уласных тэхналогій, матэрыялаў, камплектуючых і, зразумела, зборкі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым больш як 50 працэнтаў кошту павінна стварацца ў Саюзнай дзяржаве, прычым у кожнай дзяржаве — не менш як 25 працэнтаў. Гэта значыць тавар, які мы ў асноўным робім за кошт уласных рэсурсаў», — сказаў ён.


Вельмі важна, што першымі падалі заяўкі на гэты конкурс, поўнасцю прайшлі методыку, атрымалі адпаведныя ацэнкі ў гандлёва-прамысловых палатах і міністэрствах прамысловасці вельмі вядомыя прадпрыемствы, падкрэсліў Сяргей Глазьеў.

Сёння ідзе работа над механізмам субсідзіравання працэнтных ставак для пашырэння вытворчасці. «Таксама мы думаем стварыць спецыяльныя інструменты рэфінансавання для банкаў і інстытутаў развіцця, якія крэдытуюць вытворчасць гэтых тавараў. Паколькі яны ствараюцца ў рамках кааперацыі ўнутры Саюзнай дзяржавы, нагрузка на гандлёвы і плацежны баланс невысокая. У тых выпадках, калі „тавар Саюзнай дзяржавы“ спажывае імпартных камплектуючых менш, чым мы атрымліваем даходу ад экспарту такога тавару, я лічу, што можна пашыраць крэдытаванне бязмежна, нарошчваць існуючыя вытворчыя магутнасці, загружаць іх у вытворчасць і такім чынам ствараць новыя магчымасці для развіцця нашай эканомікі», — звярнуў ён увагу.

Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў дадаў, што гэта новы статус і цяпер эксперты працуюць над пашырэннем спісу прадукцыі, якая можа стаць «таварам Саюзнай дзяржавы». «Таму гэта работа не адной гадзіны. Неабходна вылічыць двухбаковую долю з улікам трэціх краін. Таму гэта няпростая работа, і тут памылак быць не павінна», — падкрэсліў ён.


Афіцыйная маркіроўка «Тавар Саюзнай дзяржавы» з’яўляецца знакам якасці, які пацвярджае высокую ступень лакалізацыі вытворчасці, абараняе ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку тавараў, якія імітуюць беларускія або расійскія брэнды. У маі бягучага года БелГПП зацверджана палажэнне аб выдачы заключэння аб адпаведнасці тавару крытэрыю аб узроўні кааперацыі складніка тавару ў мэтах надання прамысловай прадукцыі статусу «Тавар Саюзнай дзяржавы».

XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць 25-26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці. За гады правядзення форум набыў статус традыцыйнай дыялогавай пляцоўкі для прадстаўнікоў органаў улады і бізнес-супольнасцей дзвюх краін. Арганізатары форуму — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю