Віцебскаму абласному спецыялізаванаму дому дзіцяці і гарадскому клінічнаму радзільнаму дому № 2 перадалі апараты ШВЛ ад Беларускага фонду міру ў рамках акцыі «Дай пяць дабру!», паведамляе БелТА.
Абласны спецыялізаваны дом дзіцяці з’яўляецца стацыянарнай установай аховы здароўя для сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ахвяр гандлю людзьмі, дзяцей-інвалідаў. Тут ажыццяўляюць лячэбную, рэабілітацыйную і выхаваўчую дзейнасць. Ва ўстанове знаходзяцца 82 дзіцяці, з іх 14 — з інваліднасцю, ва ўзросце пераважна ад года да трох гадоў. У доме дзіцяці таксама ёсць свой паліятыўны цэнтр, дзе падтрымліваюць здароўе малых, якія маюць патрэбу ў асаблівым доглядзе. Яны не могуць самастойна дыхаць і есці, таму іх трэба падключаць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, а таксама карміць дзетак праз зонд.
Старшыня праўлення ГА «Беларускі фонд міру» Максім Місько, які прыехаў да віцебскіх хлопцаў не з пустымі рукамі, адзначыў, што новае медабсталяванне набываюць на сродкі, ахвяраваныя неабыякавымі грамадзянамі краіны і спагаднымі спонсарамі. «Ужо не першы раз мы прыязджаем сюды. Традыцыйна ў рамках праекта „Дай пяць дабру!“ мы пастаўляем медыцынскае абсталяванне не толькі ў дамы дзіцяці, але і ўстановы аховы здароўя, у асноўным для дзяцей. Сёння мы хацелі б перадаць спецыялізаванаму дому дзіцяці два апараты ШВЛ, якія дапамогуць лячэнню дзетак», — падкрэсліў ён.
Яшчэ адзін апарат ШВЛ уручылі гарадскому радзільнаму дому № 2. Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы радзільнага дома Валерыя Сямёнава адзначыла, што ва ўстанове аховы здароўя новае абсталяванне таксама дасць магчымасць палепшыць меддапамогу пацыенткам і нованароджаным беларусам. «Такі апарат нам сапраўды быў вельмі патрэбен. Мы адна з вядучых устаноў па родадапамозе вобласці, тут у год праходзіць каля 2 тыс. родаў, у сярэднім 8-10 у дзень. Мы прымаем жанчын з дачасным выхадам каляплодных вод, інфекцыяй, ВІЧ, гепатытам, ковідам, таму апарат ШВЛ нам вельмі дапаможа. У нас ёсць і неданошаныя дзеці. У сярэднім у год мы таксама праводзім 2,5-3 тыс. гінекалагічных аперацый, таму новае абсталяванне будзе вялікай падмогай. Цяпер у нас у радзільным доме знаходзяцца каля 50 жанчын, а сёння ў радзільнай зале — восем чалавек, чакаем сур’ёзнае папаўненне», — расказала яна.