Top.Mail.Ru

Дык ад чаго забруджваецца рэчка Дзітва?

Калі спякота душыць і горад здаецца распаленай патэльняй, адпачынак у вады — сапраўднае выратаванне: свежы ветрык з ракі ці возера імгненна вяртае сілы, а ціхі шолах хваляў настройвае на пазітыўны лад. Але, апынуўшыся на вадаёме, менш за ўсё хочацца наткнуцца на масавую гібель рыб і знайсці там брудную, з непрыемным пахам ваду. Менавіта такую карціну застала на мінулым тыдні на рацэ Дзітва дачніца з вёскі Даржы Лідскага раёна. Палохаючыя кадры, выкладзеныя ёю ў Tіktok, хутка распаўсюдзіліся ў сацсетках, выклікаўшы вялікі грамадскі рэзананс.


Дзітва — маляўнічая рака ў Гродзенскай вобласці, правы прыток Нёмана. Бярэ свой пачатак каля літоўскага горада Эйшышкеса, аднак практычна цалкам працякае па тэрыторыі Беларусі (90 з 93 км) — па Лідскай раўніне і Нёманскай нізіне. Рака лічыцца адным з любімых месцаў для адпачынку жыхароў населеных пунктаў, размешчаных уздоўж яе плыні, дачнікаў і турыстаў.

Паводле слоў карыстальнікаў сацсетак, якія адгукнуліся на відэаролік, забруджванне Дзітвы адбываецца рэгулярна. «Калісьці мы купаліся ў ёй, набіралі ваду для палівання агарода і харчовых патрэб, а цяпер над ракой стаіць цяжкі непрыемны пах, які нагадвае каналізацыйны, стала менш птушак і рыбы», — скардзяцца людзі. Грамадзяне не раз звярталіся ў Лідскую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адміністрацыю раёна з просьбай ліквідаваць праблему і знайсці вінаватых. Дарэчы найбольш верагоднай прычынай забруджвання Дзітвы, на думку насельніцтва, з’яўляецца нездавальняльная работа лідскай ачышчальнай сістэмы.

Звароты грамадзян у адпаведныя органы наконт пагаршэння экалагічнага стану ракі, згодна з публікацыямі лідскай раённай газеты, былі зафіксаваны ў 2014, 2019 і 2023 гадах. Тады інцыдэнты былі выкліканы як прыроднымі (сезонным заморам), так і антрапагеннымі прычынамі (некарэктнай працай ачышчальных збудаванняў, несанкцыянаванымі скідамі сцёкавых вод).


Аднак, як растлумачылі ў Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, смурод і мор рыбы могуць быць выкліканы цалкам натуральнымі прычынамі.

— У летні перыяд на стан вады могуць уплываць і неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Спякота, высокая тэмпература вады, у тым ліку ўначы, яе нізкі ўзровень у вадаёмах прыводзяць да масавай гібелі рыбы з-за крытычнага недахопу кіслароду, растворанага ў вадзе. Асноўныя прычыны дэфіцыту гэтага элемента — цвіценне вады (размнажэнне і адміранне сіне-зялёнага багавіння), гніенне падтопленай расліннасці ў поймах рэк у выніку рэзкага павелічэння ўзроўню вады пасля ліўневых дажджоў, прыток у вадаёмы балотных вод з высокім утрыманнем гумінавых кіслот і жалеза, а таксама актыўнае спажыванне О2 водарасцямі ў спякотныя ночы, — расказаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей ГАРОХАЎ.

Перадзаморныя прыкметы: масавы збор рыбы на паверхні вады, яе канцэнтрацыя ў прытоках, інтэнсіўнае цвіценне вады, яе высокая мутнасць, з’яўленне алеістай плёнкі і актыўнае вылучэнне бурбалак газу са дна вадаёма. Пры выяўленні такіх прыкмет або фактаў гібелі рыбы трэба неадкладна праінфармаваць тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды або мясцовыя ўлады. Гэта дазваляе аператыўна прыняць меры па прадухіленні заморных з’яў і своечасовай ліквідацыі іх наступстваў.


Эколаг падкрэсліў, што бягучая сітуацыя на Дзітве знаходзіцца на кантролі Мінпрыроды. 6 ліпеня 2026 года супрацоўнікамі Лідскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўнай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету, прадстаўнікамі мясцовай улады і іншымі адказнымі асобамі была праведзена комплексная праверка ракі: абследавана рэчышча Дзітвы, адводны канал ад ачышчальных збудаванняў, узятыя пробы вады.

— Замор рыбы выяўлены не быў, але аналіз проб пацвердзіў факт некарэктнай працы ачышчальнага аб’екта: знойдзены перавышэнні па асобных рэчывах устаноўленых нарматываў паказчыкаў якасці вады паверхневых водных аб’ектаў. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў будзе разлічаная шкода навакольнаму асяроддзю, а вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, — адзначыў Аляксей Гарохаў.

Сёлета гэта ўжо трэці выяўлены факт перавышэння нарматываў дапушчальных скідаў ад ачышчальных збудаванняў. Узведзены ў 70-х гадах мінулага стагоддзя комплекс ужо не спраўляецца з нагрузкай: прамысловы горад імкліва развіваецца — зараз у ім пражывае больш за 130 тыс. чалавек. Каб павялічыць магутнасці аб’екта і замяніць старое абсталяванне, у 2018 годзе была запланавана маштабная мадэрнізацыя. Як паведаміў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Андрэй БОГДАН, у 2020-м былі ўсталяваныя новыя калектары, а ў 2022-м пачалася сама рэканструкцыя. Аднак завяршыць працу перашкодзілі санкцыі: спатрэбілася шукаць новыя крыніцы фінансавання.

Працягнуць мадэрнізацыю станцыі атрымалася толькі год таму. Ужо праз два месяцы плануецца завяршыць будаўніцтва першай чаргі, а поўную рэканструкцыю — да канца 2027-га. Зараз праводзяцца пусканаладачныя работы і комплекснае тэсціраванне новага абсталявання. Калі выпрабаванні завершацца і будзе пацверджана тэхнічная гатоўнасць аб’екта, ачышчальная сістэма будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў штатным рэжыме. Гэта дазволіць павялічыць якасць ачысткі сцёкавых вод.

Чысціня рэк крытычна важная для пітнога водазабеспячэння, сельскай гаспадаркі і захавання біяразнастайнасці. Таму лідскія ўлады прыкладаюць усе намаганні, каб мінімізаваць забруджванне Дзітвы.

Александрына ПАРШЫНА
Фота Анатоля Дрыбаса

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю