Top.Mail.Ru

«Дынама-Мінск» б’е сапернікаў, але казаць пра подзвіг рана

Хакейны клуб «Дынама-Мінск» прама зараз стварае сваю непаўторную гісторыю на лёдзе. Восем матчаў запар на выяздзе і дома «зубры» не пакідаюць сваім сапернікамі шанцаў на перамогу. Кожны матч — непаўторны і непрадказальны. У кожнай гульні свае героі. А тым часам да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату застаецца менш за месяц. Заўчасна «Дынама-Мінск» аформіла і выхад у плэй-оф. Гісторыя, якую хочацца зафіксаваць і запомніць.


Пачалося ўсё ў выязной серыі. Спачатку «зубры» былі мацнейшымі за «Віцязя» — 2:4. Затым дынамаўцы абыгралі ЦСКА — 1:4. Неверагодным быў матч у Маскве з маскоўскімі аднаклубнікамі, якіх мінчане абыгралі ўсухую — 5:0. Сухім вынікам 0:3 на карысць «Дынама-Мінск» скончыўся і матч са «Спартаком». У адказным матчы з гэтай камандай ужо на дамашнім лёдзе мінскія хакеісты таксама перамаглі — 2:1. З такім жа вынікам скончыўся і матч з прадстаўнікамі СКА. Захапляльным атрымаўся матч і з «Куньлунем» — 6:2. Ад дамашняй гульні з «Ладай» чакалі чаго заўгодна, але і ў гэтым выпадку «зубры» не падвялі і перамаглі з вынікам 4:2. 

Выдатны ўзровень беларускіх хакеістаў высока ацанілі не толькі іх аматары, але і спецыялісты з іншых каманд. «Сапернік цяпер — лепшая каманда ў лізе. На фоне Мінска ўбачылі, як мы гатовы па хуткасцях, па самааддачы. Гульня была ўзроўню плэй-оф, усё біліся. — дзяліўся сваімі ўражаннямі Раман Ратэнберг, галоўны трэнер каманды СКА. — „Дынама“ — моцная каманда з моцнымі канадцамі, узмоцненая зборная Беларусі. Думаю, яны яшчэ не раз абыграюць іншыя каманды КХЛ». 

Грыміць уся каманда ў цэлым, і заяўляюць аб сабе асобныя гульцы. Так, у матчы з «Ладай» Брэдзі Лайл закінуў 12-ую шайбу ў рэгулярным чэмпіянаце і пабіў клубны рэкорд сярод абаронцаў, якія трымаўся з сезону 2014/2015. Васіль Дземчанка чацвёрты раз у кар’еры прызнаны лепшым варатаром Лігі. Па яго варотах было нанесена 227 кідкоў (25,2 у сярэднім за гульню), з якіх ён адбіў 94,71%. А Сэм Энас і Вадзім Шапачаў сталі зоркамі матчу зорак КХЛ, які прайшоў у Новасібірску. 

Галоўны трэнер «Дынама-Мінск» Дзмітрый Квартальнаў у размовах з журналістамі часта паўтарае, што камандзе трэба яшчэ знайсці сваю гульню. З боку падаецца, што каманда, якая перамагае восем матчаў запар, нарэшце яе знайшла. Але трэнер настроены не так аптымістычна, хутчэй рэалістычна. «Паверце, ёсць да чаго імкнуцца. Заўсёды знойдзем, што можна палепшыць. У хлопцаў розны гульнявы час: Волкаў гуляе каля 20 хвілін, іншыя — 10 хвілін. Нагрузка розная. Мы жадаем, каб і іншыя хлопцы ў такі момант нешта бралі на сябе ў плане энергіі», — сказаў Дзмітрый Квартальнаў пасля матчу з «Ладай». Тым больш, як намякнуў трэнер, восем перамог — гэта не подзвіг, і нагадаў, што ў яго кар’еры было і больш перамог запар. Карацей, няма мяжы дасканаласці. 

Тым больш, што наперадзе плэй-оф. І няхай «Дынама-Мінск» ужо туды прайшло і заняло трэцяе месца ў «заходняй» канферэнцыі, працы яшчэ вельмі шмат. Рэгламент Кубка Гагарына не дазваляе расслабляцца. На першай стадыі плэй-оф (1/8 фінала) пары фарміруюцца паміж камандамі з розных канферэнцый першая з восьмай, другая з сёмай, трэцяя з шостай і так далей. А затым пераможцы першай стадыі фарміруюць дзве групы — А і Б. Першую пару ў групе А складуць каманда з найболей высокім нумарам пасева канферэнцыі Захад і клуб з найменшым нумарам пасева канферэнцыі Усход. Другую пару — каманда з другім найбольш высокім нумарам пасеву канферэнцыі Усход і клуб з перадапошнім нумарам пасеву канферэнцыі Захад. Група Б фарміруецца па тым жа прынцыпе. Першая пара — каманда з найбольш высокім рэйтынгам на Усходзе згуляе з найменш рэйтынгавай заходняй, а клуб з другім найбольш высокім нумарам пасеву на Захадзе будзе змагацца з камандай з перадапошнім рэйтынгам на Усходзе. І гэтак далей да фіналу. Пакуль немагчыма прадказаць, з кім сустрэнецца «Дынама-Мінск». Але зразумела, што высокае месца па выніках рэгулярнага чэмпіянату — гэта вялікая перавага ў плэй-оф. 

А пакуль «зубрам» застаецца згуляць сем матчаў «рэгуляркі». Найбліжэйшы абудзецца 9 сакавіка на лёдзе «Мінск-арэны» з «Куньлунем». Затым мінчане будуць выступаць на выездзе. А на 18-е сакавіка запланаваны заключны дамашні матч рэгулярнага чэмпіянату — «Дынама-Мінск» будзе прымаць «Сочы».

Фота ХК «Дынама-Мінск»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю