Перамога тыдня. Уладзіслаў Казлоў выйграў маладзёжны чэмпіянат Еўропы па барацьбе, які праходзіць у Албаніі. Беларускі спартсмен стаў пераможцам у вагавой катэгорыі да 87 кг у вольнай барацьбе. Пакуль гэта адзіны медаль беларускай каманды на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы. 12 сакавіка на дыван выйдуць барцы грэка-рымскага стылю.
Героі тыдня. Беларускія спартсмены паспяхова выступілі на першым этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які прайшоў у Баку. Ягор Шарамкоў з вынікам 14,099 бала заняў трэцяе месца ў апорным скачку. У сваім каронным відзе — вольных практыкаваннях — Ягор Шарамкоў быў пераможцам. Алена Цітавец стала наймацнейшай у практыкаванні на рознавысокіх брусах.
Лічба тыдня. Сем бронзавых узнагарод заваявалі беларускія баксёры на міжнародным турніры «Жамчужына Адрыятыкі», які праходзіць у статусе маладзёжнага Кубка свету па боксе. Удзел у спаборніцтвах у Чарнагорыі прынялі больш за 200 баксёраў з 21 краіны, нашу каманду прадставілі 16 атлетаў. У хлопцаў прызёрамі сталі Захар Веленка (да 51 кг), Дзмітрый Сарокін (да 67 кг), Андрэй Румянцаў (да 86 кг), Станіслаў Жылянін (да 92 кг) і Уладзімір Пуцько (звыш 92 кг), у дзяўчат на трэцюю прыступку п’едэстала падняліся Наталля Насасова (да 57 кг) і Анастасія Гарохава (да 63 кг).
Рэкорд тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» выйгралі дзевяць матчаў запар у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі сезона 2024/2025. У заключным паядынку дамашняй серыі падапечныя Дзмітрыя Квартальнага прымалі «Куньлунь Рэд Стар». Вынік 4:2 на карысць «зуброў». Мінчане паўтарылі рэкорд клуба па працягласці пераможнай серыі ў КХЛ: першы раз адрэзак з дзевяці выйграных матчаў запар наша каманда выдавала дзесяць гадоў таму. За шэсць гульняў да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату дынамаўцы займаюць трэцяе месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
Поспех тыдня. Беларусы дастойна выступілі ў фінале Кубка Расіі па канькабежным спорце ў Каломне. У жаночым камандным спрынце найлепшы вынік (1 хв. 30,98) паказалі Ганна Дамарацкая, Кацярына Гагіева і Сафія Татурывіч. У мужчын другое месца занялі прадстаўнікі Магілёва Яўген Гагіеў, Уладзіслаў Гапон і Уладзіслаў Запойкін, якія пераадолелі тры кругі за 1 хв. 21,75 сек. Лепшай на дыстанцыі 3000 метраў была Марына Зуева. На 500 метрах Ганна Дамарацкая стала другой. На гэтай жа дыстанцыі Ігнат Галавацюк заняў трэцяе месца. На 5000 метрах трэці вынік паказаў Ягор Дамарацкі.
Надзеі тыдня. Беларускія дзюдаісты заваявалі два медалі турніру Кубка Еўропы сярод спартсменаў да 18 гадоў, які праходзіў у турэцкай Анталлі. Бронзавым прызёрам у вагавой катэгорыі да 63 кг у дзяўчат стала Соф’я Лісоўская. Бронзавы медаль у вагавой катэгорыі да 90 кг у хлопцаў заваяваў Арсеній Кірылаў.
Фота БелТА