Героі тыдня. Хакеісты «Дынама-Мінск» упершыню ў гісторыі пачнуць выступленне ў першым раўндзе плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі на дамашнім лёдзе. У заключным матчы рэгулярнага чэмпіянату «зубры» на выездзе сустракаліся з «Сочы». Вынік матча 6:2 — на карысць мінскіх хакеістаў. Такім чынам, за 68 тураў мінчане набралі 86 ачкоў і занялі чацвёртую пазіцыю ў табліцы Заходняй канферэнцыі. Першым сапернікам «Дынама-Мінск» у першым раўндзе Кубка Гагарына стане маскоўскі ЦСКА, які фінішаваў пятым. Каманды сустрэнуцца на «Мінск-арэне» 26 і 28 сакавіка. Далей каманды пераедуць у Маскву, дзе сустрэнуцца 30 сакавіка і 1 красавіка. Пры неабходнасці матчы з пятага да сёмага адбудуцца 3 красавіка (Мінск), 5 красавіка (Масква) і 7 красавіка (Мінск).
Поспех тыдня. Беларускі гімнаст Ягор Шарамкоў стаў прызёрам этапу Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы, які завяршыўся ў турэцкай Антальі. Лідар нацыянальнай зборнай заняў другое месца ў спаборніцтвах у апорным скачку. Сярэдні вынік Шарамкова за дзве спробы склаў 14,233 бала.
Лічба тыдня. Сталі вядомы імёны пераможцаў і прызёраў чэмпіянату Беларусі па каратэ. На галоўным унутраным старце сезона выступілі больш за сотню каратыстаў, якія разыгралі 12 індывідуальных і 4 камандныя камплекты ўзнагарод. Чэмпіёнамі краіны сярод мужчын сталі Аляксей Фурык (ката), Максім Кашырскі (да 60 кг), Алег Мялехін (да 67 кг), Раман Чымбур (да 75 кг), Глеб Сачкоўскі (да 84 кг) і Аляксей Водчыц (звыш 84 кг). Залатыя медалі ў жанчын заваявалі Вераніка Баравік (ката), Ульяна Маркава (да 50 кг), Сафія Бузыгіна (да 55 кг), Яна Конава (да 61 кг), Вольга Раманюк (да 68 кг) і Марыя Малахава (звыш 68 кг). У дысцыпліне «каманднае ката» ў дзяўчат найлепшымі сталі прадстаўніцы пінскага клуба «Эдэльвейс», у гэтым жа відзе праграмы ў хлопцаў перамаглі спартсмены з Мінска. У агульным медальным заліку найлепшы вынік паказала каманда Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама, прадстаўнікі якой узнімаліся на найвышэйшую прыступку п’едэстала 10 разоў.
Каманда тыдня. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі перамаглі каманду Таджыкістана ў першым кантрольным матчы новага сезона. Вынік сустрэчы — 5:0. Далей нацыянальная зборная Беларусі сустрэнецца з футбалістамі з Азербайджана.
Аб’ява тыдня. У плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі сезона-2024/25 стартуе паўфінальная стадыя.
У чацвёрку наймацнейшых каманд сезона ўвайшлі сталічнае «Юнацтва», «Віцебск», «Гомель» і «Дынама-Маладзечна». Першую паўфінальную пару склалі «Юнацтва» і «Дынама-Маладзечна», першыя два матчы прыме «Чыжоўка-арэна». Супрацьстаянне «Віцебска» і «Гомеля» пачнецца ў паўночнай сталіцы. Мінскае «Юнацтва» з’яўляецца дзесяціразовым уладальнікам Кубка Прэзідэнта, «Гомель» заваёўваў чэмпіёнскі тытул аднойчы, «Віцебск» і «Дынама-Маладзечна» найлепшымі камандамі Беларусі яшчэ не станавіліся.
Фота з адкрытых крыніц