Top.Mail.Ru

Дырэктар фірмы арганізаваў незаконную схему па ўхіленні ад выплаты падаткаў і страхавых узносаў

Больш за паўмільёна рублёў міма бюджэту



Следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці ўстаноўлены абставіны крымінальнай справы ў дачыненні да дырэктара брэсцкай фірмы, які на працягу некалькіх гадоў ухіляўся ад пералічэння падаткаў і выплаты страхавых узносаў у асабліва буйным памеры.

Па інфармацыі, прадстаўленай афіцыйным прадстаўніком УСК па Брэсцкай вобласці Раманам Зармаевым, мужчына ўзначальваў арганізацыю, якая аказвала паслугі па перавозцы пасажыраў. Як падатковы агент фірма абавязана была вылічваць, утрымліваць і пералічваць у бюджэт падаходны падатак з заработнай платы работнікаў, а таксама выплачваць страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак фігурант пералічваў заробак вадзіцелям без усялякіх фінансавых аперацый — напрамую.

Следчыя ўстанавілі, што ў кампаніі працавалі 100 вадзіцеляў таксі. Выручку наяўнымі грашыма, атрыманую ад выканання заказаў, яны пакідалі сабе, а работадаўца не адлюстроўваў названыя паступленні ва ўліку. Падобны парадак разлікаў дазваляў «пазбягаць» выканання абавязацельстваў перад дзяржавай.

Супрацьпраўная дзейнасць была выяўлена і спынена супрацоўнікамі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Брэсцкай вобласці падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

Падчас следства было ўстаноўлена, што ў перыяд з 2023 па 2025 год дзяржаўны бюджэт недаатрымаў падатковых плацяжоў і страхавых узносаў на агульную суму больш за 500 тысяч рублёў.

Падчас следства на маёмасць фігуранта быў накладзены арышт.

Па заканчэнні папярэдняга расследавання дырэктару фірмы прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, што падлягаюць вылічэнню, утрыманню ў плацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт, якое пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры.

Суд прыгаварыў брэстаўчаніна да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 500 базавых велічынь.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю