Сувязь Татарстана і Беларусі ў кантэксце Вялікай Айчыннай вайны вельмі глыбокая. Аб гэтым сказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан Айрат Файзрахманаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай канцэрту-рэквіему «Кожны трэці», які адбудзецца ў Казані, паведамляе БелТА.
«У нас больш за 700 тыс. чалавек, якія пайшлі на вайну, больш за палову не вярнулася, дастаткова шмат палегла на франтах Беларусі», — падкрэсліў Айрат Файзрахманаў.
Паводле яго слоў, чатыры дывізіі, сфарміраваныя на тэрыторыі ТАССР, бралі ўдзел у баях падчас Вялікай Айчыннай вайны. «Для мяне гэта асабістая гісторыя. Мой дзядуля ўдзельнічаў у баях 18-й стралковай дывізіі. Летам 1941-га, трапіўшы ў акружэнне, ён прапаў без вестак. Для нашай сям’і гэта вельмі складаная гісторыя. Як высветлілася літаральна 10 гадоў таму з дапамогай рэдакцыі Кнігі памяці, дзядуля тады выжыў і памёр пад Вялікімі Лукамі ў баявым шпіталі ўжо ў жніўні 1942 года. Я ўпершыню ў жыцці бачыў, як бацька плакаў», — падзяліўся Айрат Файзрахманаў. Ён дадаў, што ягоны дзядзька з боку маці прайшоў вайну на танку, і казаў, што самыя страшныя баі былі ў Беларусі.
Акрамя таго, шэсць герояў Савецкага Саюза звязаны з Рэспублікай Татарстан.
Айрат Файзрахманаў расказаў, што ў Татарстане робіцца многае, каб захаваць памяць аб подзвігу продкаў і перадаць яе маладым пакаленням. Тут вельмі развіты рэканструктарскі рух, прысвечаны падзеяй вайны. «Сюжэтаў мноства. Спадзяемся, мы гэтыя сюжэты будзем адкрываць і далей, і будучыя пакаленні таксама будуць даведвацца больш пра баі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Канешне, трэба пабываць там, каб зразумець, якая гэта трагедыя, як кожны куток зямлі так ці інакш звязаны з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Мы шануем памяць беларусаў. У гэтай гісторыі ёсць яшчэ часцінка беларускіх татараў, якія бралі актыўны ўдзел у Мінскім падполлі», — падсумаваў ён.